2005. Маша і домработніца

Пра размову домработніцы з Машаю расказала Машына мама — Кася. Яна мае дом на беразе возера, заможнага мужа, сына — брытанскага студэнта і домработніцу. Кася яшчэ шмат чаго мае, але тое не істотна для гэтай гісторыі. Аднойчы Кася пачула, як домработніца ўшчувае дзесяцігадовую Машу: «Ты раскідваеш рэчы, а я іх за табою зьбіраю. А некалі даўно, Маша, калі я была такою, як ты, у майго таты-генэрала быў вялікі дом, у тым доме працавала домработніца. Я, як і ты, раскідвала рэчы абы-дзе і абы-як абыходзілася са сваёю вопраткаю і сваім абуткам. Домработніца прыбірала за мною, а потым сказала, што надыдзе іншы час, калі я сама буду прыбіраць чужое. Вось я прыбіраю чужое, але не хачу, каб ты, Маша, празь нейкі час апынулася на маім месцы і пачала за кімсьці прыбіраць. Лепей ты паслухай мяне і навучыся прыбіраць сама за сабою». На Машу навука работніцы ніякага ўражаньня не зрабіла — як раскідвала рэчы, так і раскідвае, — а вось на Касю падзейнічала. «Сапраўды, так хутка прывыкаеш і да садоўніка, і да шофэра, і да той жа домработніцы, што забываесься пра зьменлівасьць жыцьця, забываесься, што з гаспадыні можаш у адно імгненьне ператварыцца ў работніцу, у самую звычайную домработніцу, і толькі калі табе зноў моцна пашанцуе, ты апынесься ў вялікім і сьветлым доме».

2004. Пятроў і ўзнагароды

Жыў у Менску генэрал Васіль Пятроў, а я сябраваў з генэральскім сынам, таксама Васілём. Сын-Васіль не любіў дэтэктываў, не любіў вайскоўшчыны, не любіў мілітарызму. Сын-Васіль любіў музыку, паэзію любіў. Таму і сябраваў я з сынам, а не з генэралам. А калі генэрал Пятроў выправіўся ў незваротную вандроўку, да мяне пачалі зьвяртацца людзі, якім карцела пазнаёміцца з Васілём-малодшым, каб купіць у яго бацькавы ўзнагароды. Варта сказаць, што ўзнагарод засталася поўная шафа. Генэрал Пятроў пражыў доўгае баявое жыцьцё, перамогі зьмяняліся паразамі, але перамог, пазначаных дзяржаўнымі ўзнагародамі, было шмат. Я нікога не пазнаёміў з малодшым Васілём, бо не хацеў удзельнічаць у гандлі чужымі мэдалямі і ордэнамі. І яшчэ мяне зьдзівіў кантынгент людзей, якія цікавіліся такой спадчынай. У большасьці сваёй гэта былі людзі, што служылі разам з генэралам Пятровым, людзі, якія маглі б, як генэрал, атрымаць падобныя ўзнагароды — маглі б, а не атрымалі і вырашылі іх папросту прыдбаць. Дзіўнавата яшчэ й тое, што яны ўсе як адзін тлумачылі прыдбаньне ўзнагарод тым, што сын-Васіль ня варты таго, каб мець тыя мэдалі. Праз гэта я нікога і не знаёміў зь ім.

P.S. Ад бацькі ў нашай сям’і застаўся ордэн. Ня буду казаць, што ён для мяне зьяўляецца рэліквіяй, але і прадаваць яго ня стану, бо ўсе патэнцыйныя пакупнікі ордэнаў апрыёры горшыя за іх першых гаспадароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0