Сёлета сярод школьнікаў Беларусі быў праведзены конкурс «Што я ведаю пра Эўропу?», арганізаваны пры падтрымцы пасольстваў краін ЭЗ. У спаборніцтвах Менскай вобласьці перамаглі навучэнцы з Чысьці (Маладэчанскі раён). Вучні школы в.Талька Пухавіцкага раёну атрымалі заахвочвальны прыз — трохдзённую паездку ў Вільню. Пераможцы расказваюць пра сваю вандроўку.

Більярд для салдатаў

Мы выяжджаем зь Менску а палове на восьмую раніцы. У Вільні нас сустрэлі валянтэры Рэната і Юратэ — дзяўчаты, якія суправаджалі нас цягам трох дзён.

Пасьля афіцыйнай часткі — наведваньня міністэрстваў замежных спраў і аховы краю, сойму — нас адвезьлі ў вучэбную вайсковую частку «Рукла», што месьціцца ў некалькіх дзясятках кілямэтраў ад гораду. «Вучэбка» носіць імя князя Януша Радзівіла (!). Хлопцы навучаюцца ў «Рукле» тры месяцы, а сама служба ў літоўскім войску займае год. Нас вадзілі па чысьцюткіх кашарах, паказвалі кампутарызаваны навучальны працэс. Але найбольшае зьдзіўленьне было ў часе абеду, калі нас завялі ў салдацкую сталоўку.

Літоўскія салдаты самі падбіраюць сабе ежу пад свой густ, ім прапануецца садавіна й сапраўдны апэльсінавы сок! Абедаючы з салдатамі, мы дазналіся шмат цікавага пра ўнутранае жыцьцё арміі. У вольны час салдаты гуляюць у більярд, глядзяць тэлевізар, яны ня робяць «чорнай» працы па абслугоўваньні (для гэтага існуюць спэцыяльныя работнікі) — іх задача вучыцца. Ніякай дзедаўшчыны.

Лёс жонкі кáта

Экскурсія па старым горадзе пачалася ад знакамітага Віленскага ўнівэрсытэту, у бібліятэцы якога захоўвалася «Чорная кніга магіі». Гід вельмі зьдзівілася нашай абазнанасьці ў гісторыі ВКЛ. Аднак нашы аргумэнты, што ў Княстве дзяржаўнай мовай была беларуская, а 90% насельніцтва складалі беларусы, былі выслуханы зь ветлівым зьдзіўленьнем.

Падчас наведваньня Ратушы — галоўнага адміністрацыйнага будынку гораду — нам распавялі цікавую легенду. Доўгі час у Вільні не было кбта, таму што гэтая прафэсія была зусім не прэстыжная. З аднаго боку — страх перад Богам за забойства, а па-другое — ніхто не хацеў ісьці замуж за чалавека, у якога рукі ў крыві. Жанчынам, якія былі прыгавораны да пакараньня сьмерцю, прапаноўвалі ці выйсьці замуж за кбта, ці прыняць сьмерць. Жанчыну, якая згаджалася на шлюб з забойцам, нават баяліся. Яна, каб яе пазнавалі і абыходзілі бокам, мусіла насіць чорныя пальчаткі. На рынку гандляркі старалася ня браць у яе грошы проста з рук. Гэтая гісторыя настолькі нас уразіла, што калі ў гандлёвым цэнтры ўбачылі гандлярку ў чорных пальчатках, у галовах нашых прамільгнула гісторыя пра кбта.

На трэці дзень мы скіраваліся ў Троцкі замак, пра які чуў кожны, хто калі-небудзь разгортваў падручнік па гісторыі Беларусі. Многія знаёмыя, пабачыўшы Трокі на фатаздымках, былі ўпэўнены, што гэта замак у Міры. Настолькі падобныя яны з выгляду. Але ў адрозьненьне ад беларускага «калегі», Троцкі — буйны турыстычны цэнтар Літвы. Тут праводзіцца шмат розных выставак, экскурсій, месьціцца неабмежаваная колькасьць гандлёвых шапікаў з бурштынавымі ўпрыгажэньнямі. Наша экскурсавод прывяла нас у залю, дзе колісь праводзіў вайсковыя й палітычныя нарады Вітаўт Вялікі. І на дэсэрт — выстава прылад катаваньняў і пакараньняў. Уражаньні, шчыра кажучы, не з прыемных— калы, пілы, шчыпцы, «паясы вернасьці», плёткі.

Маючы крыху вольнага часу, мы вырашылі самі пахадзіць па Старой Вільні, пашукаць беларускія месцы. Але на наша вялікае зьдзіўленьне ні гід, ні валантэрка Рэната ня ведалі, дзе знаходзіцца будынак, у якім працаваў Скарына. Таму мы вырашылі самі скіравацца на яго пошукі. Цяпер гэта вуліца Вялікая, 19, з мэмарыяльнай дошкай па-беларуску і па-літоўску: «З 1522 да 1525 г. тут, у горадзе Вільні, беларускі асьветнік Францішак Скарына выдаў у Вялікім Княстве Літоўскім першыя друкаваныя кнігі». Сумна, што такі важны факт з гісторыі ВКЛ застаўся без увагі гідаў і нават ня ўключаны ў экскурсію па старым горадзе.

Вось і ўсё. Наша вандроўка скончана. Застаецца толькі разьвітацца з утульнымі пакоямі на Садовай і з Рэнатай — увасабленьнем літоўскай дзяўчыны.

Аўтобус, дарога, лясы, палі, вёскі, мяжа. Наперадзе нас чакаў яшчэ фінальны конкурс, галоўным прызам якога гэтым разам была тыднёвая вандроўка ў Брусэль.

Дакрануцца да Эўропы

Фінал праходзіў у літоўскім пасольстве. Вялізны, са шклянымі сьценамі, будынак амбасады выглядае вельмі прадстаўніча. Нас сустрэла аташэ Іявіта Праневічутэ — прыгожая дзяўчына сапраўднага балтыйскага тыпу, а ля ўваходу — будучыя супернікі: каманда Беларускага гуманітарнага ліцэю. У фінале бралі ўдзел таксама школьнікі з Расонаў і вёскі Дзераўное са Стаўпеччыны. Вядучым мерапрыемства быў знакаміты «дылетант» — Юры Жыгамонт.

Беларускія народныя песьні ў нашым выкананьні спадабаліся польскаму паслу. Але каверзныя пытаньні журы падкасілі наш непераможны дух і канчаткова зьбілі з панталыку. У конкурсе мы добра адсталі ад нашых супернікаў і да канца гульні так і не змаглі скараціць гэты разрыў. Перамагла цалкам заслужана каманда з Расонаў. Але й мы ня надта бедавалі. За ўдзел у конкурсе нам падарылі шмат цікавых кніг, мы атрымалі магчымасьць пазнаёміцца з пасламі, тэлезоркай Жыгамонтам, шмат новага даведацца пра Эўразьвяз.

Мне здаецца, што такія конкурсы вельмі патрэбны нашай краіне. Зь іх дапамогай моладзь больш даведваецца пра Эўропу, дачыненьні паміж краінамі і сапраўднае стаўленьне іншых краін да Беларусі. Конкурс дапамог зразумець палітыку ў іншым, больш блізкім да мяне сьвятле. Раней мне здавалася, што гэта нешта вельмі далёкае ад мяне, а цяпер я разумею, што я — неад’емная частка маёй краіны і адказваю за яе будучыню. А дзеля таго, каб гэтая будучыня была добрай, мы павінны назіраць, чытаць, супастаўляць, вучыцца на вопыце іншых, рабіць вывады і будаваць будучыню так, як нам будзе лепш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0