«Бачыш завод?» — спыталася мая знаёмая, паказваючы на будынкі з шэрага бэтону ды комін на даляглядзе. «Ага». — «Гэта наш Чарнобыль». Калі я пачуў гэта, адразу зрабілася няўтульна. Пачуцьцё небясьпекі выветрылася толькі тады, калі электрастанцыя зьнікла за паваротам аўтатрасы. Аварыя на атамным рэактары на «Трымайл Айлэнд» у Пэнсыльваніі выклікала мізэрны выкід радыяцыі і вялізны рэзананс — 1979 г. застаўся ў мінулым тысячагодзьдзі, а памяць пра аварыю дагэтуль жыве сярод тамтэйшых людзей. І калі пасьля 1979 г. праграму разьвіцьця АЭС у ЗША ахапіў летаргічны сон, дык 1986 г. увёў у зацяжную дэпрэсію ўсю сусьветную атамную энэргетыку. Справаздача «Спадчына Чарнобылю: мэдыцынскія, экалягічныя і сацыяльна-эканамічныя вынікі» можа быць тым пеўневым сьпевам, які абвяшчае пачатак новага дня для «мірнага атаму». Аднак шмат хто, у першую чаргу арганізацыі, якія займаюцца аховай навакольнага асяродзьдзя, задаюць пытаньне: ці не прыкарміла таго пеўніка сусьветнае атамнае лобі?

Загалоўкі замежных газэт выпрамяняюць аптымізм: «Вынікі Чарнобылю бачацца, хутчэй, псыхалягічнымі, чым фізіялягічнымі» («Бостан Глоўб»), «Чарнобыль: галеча і стрэс уяўляюць «большую небясьпеку» за радыяцыю» («Нэйчар»), «Чарнобыль: усё яшчэ катастрофа, але ўжо не такая, як нам казалі» («Атава Сытызэн»), «Уплыў Чарнобылю не такі змрочны, як прадказвалі раней» («Інтэрнэйшнл Гэралд Трыб’юн»). Падобна да таго, што навукоўцы вынайшлі самы просты спосаб змаганьня з чарнобыльскай катастрофай: яны перагледзелі яе вынікі.

«Выцьверажальныя» зьвесткі

Над справаздачай працавала сотня экспэртаў, якія два гады правяралі ранейшыя зьвесткі пра вынікі чарнобыльскай катастрофы. Выснова іх працы на 600 старонках была прэзэнтаваная на венскім форуме васьмі агенцтвам ААН, Сусьветнаму банку ды прадстаўнікам урадаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Фактычна выніковая заява — гэта кампрамісны погляд на чарнобыльскую праблему, адлюстраваньне пагадненьня, дасягнутага паміж усімі бакамі.

На думку МАГАТЭ, спэцыялісты якога бралі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы справаздачы, Чарнобыль мае тры ўплывы: фізычны (на навакольле ды здароўе людзей), псыхалягічны, а таксама ўплыў на сусьветную ядзерную энэргетыку. Пра гэта ў Вене заявіў генэральны дырэктар МАГАТЭ Махамэд эль-Барадэй. Ён назваў лічбы дакладу «выцьверажальнымі»: непасрэдна ад уплыву высокай радыяцыі памерлі 50 выратавальнікаў, каля 1000 выжылі, атрымаўшы вялікія дозы радыяцыі на самой станцыі, яшчэ 200 тыс. ліквідатараў былі апраменены на працягу 1986—1987 г. Прыкладна 2200 зь іх могуць памерці ад хвароб, выкліканых радыяцыяй. Навукоўцы не заўважылі прагназаванага раней значнага павелічэньня выпадкаў лейкеміі ці іншых відаў анкалягічных захворваньняў, акрамя раку шчытападобнай залозы. На апошні захварэлі каля 4000 чалавек, у першую чаргу дзеці і падлеткі. Аднак, паводле даных справаздачы, памерлі ад хваробы толькі дзевяць зь іх.

Піце валяр’янку

На думку навукоўцаў, большасьць з тых, хто не захварэў дагэтуль, не захварэюць і ў будучыні. Яны лічаць, што па-за межамі «зоны адчужэньня» ўзровень радыяцыі больш не ўяўляе вострай небясьпекі для здароўя жыхароў «забруджаных» тэрыторый. Зь іх праблемамі варта разьбірацца ўжо ня фізыкам, а псыхолягам. «Якімі б цяжкімі ні былі гэтыя вынікі, сытуацыя яшчэ больш пагоршылася праз супярэчлівую інфармацыю і буйнамаштабныя перабольшаньні — у прэсе і псэўданавуковых матэрыялах на тэму аварыі. Гэтак, напрыклад, зьяўляліся прагнозы пра магчымыя дзясяткі і сотні тысяч ахвяраў», — заявіў эль-Барадэй.

Аўтары справаздачы лічаць, што сапраўды зьнішчальнымі былі сацыяльныя вынікі аварыі. Пад 100 тыс. чалавек адсялілі тэрмінова, агулам адсялілі каля 350 тыс. чалавек. Для іх гэта быў вялізны стрэс, які нарабіў здароўю больш шкоды, чым радыяцыя.

Навукоўцы выявілі, што ў насельніцтва, якое трапіла ў зоны заражэньня, у два разы часьцей за норму выяўляецца назойлівае пачуцьцё небясьпекі і яны больш схільныя да дэпрэсій. Гендырэктар МАГАТЭ наракае на тое, што людзі ў «зоне» лічаць сябе ахвярамі, а мусілі б радавацца, што здолелі выжыць. «Як вынік, беднасьць, праблемы з псыхічным здароўем, хваробы, зьвязаныя зь няправільным ладам жыцьця, уяўляюць нашмат большую небясьпеку для насельніцтва забруджаных тэрыторый, чым радыяактыўнае выпрамяненьне», — кажа ён.

Што да сусьветнай атамнай энэргетыкі, дык, паводле слоў дырэктара МАГАТЭ, вынікі справаздачы павінны давесьці, што атам можа сапраўды быць бясьпечным.

Доўгачаканая сэнсацыя

Не зусім зразумела, чаму справаздача сталася такой сэнсацыяй: спрагназаваць яе вынікі было зусім ня цяжка. Асноўныя палажэньні справаздачы ўжо былі заяўлены ў стратэгіі ААН «Гуманітарныя вынікі Чарнобыльскай аварыі — стратэгія ўзнаўленьня», прэзэнтаванай у 2002 г. Фактычна, у Вене была канкрэтызавана і абгрунтавана тая самая аанаўская стратэгія, якая прапануе не кансэрваваць, а аднаўляць жыцьцё ў «зоне». Яшчэ да правядзеньня форуму ў Вене беларускі Камітэт па праблемах вынікаў катастрофы на ЧАЭС у сваёй заяве фактычна працытаваў яшчэ не надрукаваную справаздачу: «Пакуль працягваюцца навуковыя спрэчкі наконт стану здароўя тых, хто пацярпеў у выніку чарнобыльскай катастрофы, правядзеньне інфармаваньня насельніцтва для фармаваньня адэкватнага ўспрыманьня радыяцыйнай рызыкі застаецца праблематычным, і гэта нярэдка прыводзіць да перабольшваньня ролі радыяцыйнай небясьпекі ў жыцьці людзей».

У Беларусі ў выніку катастрофы пацярпелі больш за 2 мільёны чалавек. Яны пражывалі ці пражываюць на тэрыторыях са шчыльнасьцю забруджаньня глебы цэзіем-137 звыш 37 кілябэкерэляў на квадратны мэтар. Калі раней іх лічылі пацярпелымі, дык справаздача ААН прапаноўвае лічыць іх шчасьліўчыкамі, якім пашанцавала выжыць.

Сучаснае насельніцтва «зоны» — 1,3 млн чалавек. Згодна са справаздачай, у насельніцтва забруджаных тэрыторый выпрацавалася разуменьне, што яны павінны жыць за кошт дапамогі, не разьлічваючы на ўласныя сілы. Відаць, неўзабаве гэтаму прыйдзе канец.

Фізыкі вінавацяць лірыкаў

Вынікі справаздачы цяжка ацэньваць адназначна. З аднаго боку, перасяленьне сапраўды было велізарным стрэсам. Нездарма кажуць: старыя, якія засталіся, жывуць і дагэтуль, а тыя, якія выехалі, — даўно памерлі. Дый калі жыць у зоне, засяродзіўшыся на тым, што навокал — суцэльная радыяцыя, дык, хутчэй, можна зарабіць псыхічную хваробу ці інфаркт, чым рак. А калі яшчэ ў дадатак да гэтага прыкладацца да бутэлькі…

Многія жадаюць, каб нам сказалі: Чарнобылю няма, вам усё прымроілася. Мы стаміліся ад яго. Можа, справаздача — гэта тое, чаго ўсе патаемна чакалі? Цікава, што калі працягнуць думку аўтараў справаздачы, дык вялікую долю віны за хваробы беларусаў можна ўскласьці… на нашых паэтаў ды пісьменьнікаў. Бадай, няма такога аўтара, хто напрыканцы 1990-х не стварыў бы хоць аднаго твору, прысьвечанага Чарнобылю. І калі ў прэсе маглі быць «перабольшаньні» ў лічбах, дык мастакі слова называлі Чарнобыль і апакаліпсісам, і катастрофай сусьветнага маштабу. «А ў стравах ды справах чарнобыльскі прысмак», — ад такіх радкоў і сапраўды жыць ня хочацца. Калі кіравацца лёгікай экспэртаў ААН, дык выходзіць, што паэты нарабілі больш шкоды, чым цэзій ды стронцый.

Але справаздача мала гаворыць пра доўгатэрміновыя вынікі аварыі. Што пра іх скажаш? Хто ведае, што будзе з насельніцтвам зоны праз сто ці тысячу год? Раней мы лічылі за лепшае лішні раз перастрахавацца і пазьбягаць зоны. Цяпер нам прапануюць пазбавіцца таго страху — маўляў, калі цяпер вынікі не такія страшныя, то, можа, і ў будучыні горш ня будзе. Але ці ня ёсьць гэта гульнёй у рулетку, дзе цаной пройгрышу будзе здароўе нашых дзяцей?

У справаздачы катастрофу называюць нэўтральным словам «accident» — аварыя ці, калі перакладаць літаральна, няшчасны выпадак. Ня больш за тое. «Людзей адсялялі з раёнаў, дзе цяпер узровень радыяцыі ніжэйшы, чым у Нью-Мэксыка, дзе я жыву», — цытуе «Нью-Ёрк Таймз» словы экспэрта Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя доктара Фрэда Мэтлера, аднаго з аўтараў справаздачы. Хацелася б верыць, што гэта так.

Раней іх лічылі пацярпелымі, дык справаздача ААН прапаноўвае лічыць іх шчасьліўчыкамі, якім пашанцавала выжыць.

«Сярод жыхароў забруджаных раёнаў ня выяўлена зьніжэньня рэпрадукцыйнай здольнасьці. Невялікі, але стабільны рост колькасьці зарэгістраваных анамалій разьвіцьця дзяцей відавочна зьяўляецца вынікам паляпшэньня іх рэгістрацыі і не зьвязаны з апраменьваньнем».

Адсялілі больш, чым трэба

«За выключэньнем 30-кілямэтровай зоны вакол рэактару, а таксама некаторых азёраў і лясоў, узровень радыяцыі вярнуўся да прымальнага.

Перасяленьне нанесла глыбокую псыхалягічную траўму 350 тысячам чалавек. Адсяленьне мела практычны сэнс для 116 тысячаў жыхароў самых забруджаных тэрыторыяў. Перасяленьне астатніх не нашмат скараціла долю радыяцыі, якую яны атрымалі».

Паводле справаздачы «Чарнобыль: сапраўдныя маштабы аварыі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0