Чытаю ў газэце: « Марына Багдановіч пакарана штрафам 3 млн 825 тыс. руб.». І такое практычна штонумар. Такі рукі могуць апусьціцца.

Улада выкарыстоўвае штраф як спосаб задушэньня іншадумства. Маю прапанову, каб у праграме дэмакратычнага кандыдата быў наступны пункт: «Усе несправядлівыя палітычна матываваныя штрафы пасьля майго прыходу да ўлады будуць ахвярам рэпрэсій кампэнсаваныя». Каб людзі, якія дорага плацяць за сваю грамадзянскую пазыцыю, успрымалі яго як бестэрміновы банкаўскі ўклад, па які можна будзе прыйсьці пасьля зьмены ўлады на новую, што будзе шанаваць законы й правы чалавека. Мэханізм вяртаньня грошай можа быць такі. Чалавек зьвяртаецца ў суд, каб абскардзіць даўнейшы прысуд. Суд пераглядае справу і, калі прысуд прызнаецца незаконным, выносіць вырак: грошы вярнуць з улікам інфляцыі й кампэнсацыі за маральныя страты. Частка (у разумных межах) будзе спаганяцца з судзьдзі і пракурора, што наклалі несувымерны штраф. Яны ж кіруюцца мэркантыльнымі інтарэсамі, несправядліва судзячы. Зварот сродкаў ня будзе для бюджэту цяжарам, затое будзе важным маральным актам. Ужо сёньня гэта павінна быць прамоўлена дэмакратычнымі палітыкамі. Каб сотні людзей, што пакутуюць, былі пэўныя: «Грошы мне вернуцца, а калі я не дацягну да гэтага дня, то вернуцца маім дзецям».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0