30.09.2005 / 13:00

Дубравенкі крывавыя берагі

На ціхай рачулцы ў Магілёве ў 1942 годзе адбылася найбуйнейшая прыродна-тэхнагенная катастрофа ў гісторыі Беларусі.

Пра магілёўскую трагедыю 1942 году гісторыкі паведамляюць мала. Афіцыйныя тры тысячы чалавек — кропля ў моры ахвяр той вайны. Між тым рэальнай колькасьці ахвяр найбуйнейшай прыродна-тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі Беларусі ніхто не лічыў.

Дубравенка цяпер — рака невялікая. Упадаючы ў Дняпро, мае мэтраў дзесяць шырыні, і тое за кошт вады зь іншай ручаіны, Струшні. Стагодзьдзі таму была судаходная. У перадваенныя часы яе ўжо можна было перайсьці, закасаўшы штаны. Для Магілёва Дубравенка — сымбалічная рака, рака-калыска, на яе крутым левым беразе ўзьнік горад. Але аднойчы яна прынесла сьмерць тысячам чалавек. Пра трагедыю сорак другога году гісторыкі паведамляюць мала, як бы міжволі. І зразумела: пачалося ўсё з падрыву чыгункі Cаветамі. Дый тры тысячы — гэта хіба кропля ў моры ахвяр той вайны.

Зьбіраючы матэрыял пра патоп, хаджу па дамах на ўзвышшы па правым беразе рачулкі. Са старых, адказваюць мне ў першым доме, жывуць толькі двое. Бабулька з дому насупраць прыехала пасьля вайны, і дзед зь мясцовых жыве на гары. Прабачце, калі ласка, сунуся за кардонныя дзьверы ў дзедаў закуток. Стары не такі ўжо стары: маладжавы твар, бадзёрыя рухі, памяць сьветлая. Толькі-толькі пачуўшы маю тэму, ківае — так, вядома, я ўсё памятаю.

Яўгену Калачову было тады трынаццаць. Як і цяпер, іх дом узвышаўся над Задубровенскім перадмесьцем, аднак у сорак другім яны з маці і старэйшым братам тут амаль не жылі, бо пастаянна хаваліся ад паліцыі. Маці была сувязной у партызан, бацька — афіцэрам Чырвонага войска. Уся трагедыя адбылася літаральна на вачах у спадара Яўгена. Ён бачыў месца, адкуль усё пачалося, ён стаяў на беразе ракі, калі пайшла вада. Распавядае спакойна, але, ўзгадваючы пра калясачку зь немаўлём на хвалях, пра крык дзіцяці, калі яго ўцягвала ў вір, па-свойму, па-старэчы плача, не адчуваючы сьлёз на вачах. Голас амаль не зьмяняецца, аднак ва ўсім твары зьяўляецца бездапаможнасьць, і гэта выдае боль за ўсё сваё пакаленьне ваенных дзяцей.

У ліпені 1941-га Саветы пакідалі Магілёў арганізавана. Тут па Дняпры ствараўся першы сур’ёзны эшалён абароны, сюды пасьпелі перавесьці дзьве дывізіі з рэзэрву, пасьпелі эвакуяваць прадпрыемствы, нават вывезьлі заапарк. Каб нішто не даставалася ворагу, на тым месцы, дзе чыгунка перасякае Дубравенку, падарвалі насып. Гэта павінна было спыніць рух на лініі Магілёў—Менск, але не спыніла — насып прасеў, а палатно не папсавалася. Затое, прасеўшы, насып перакрыў русла Дубравенкі. На гэтую акалічнасьць зьвярнулі ўвагу ўжо акупацыйныя ўлады, бо да наступнай зімы за насыпам разьлілося возера на некалькі кілямэтраў. Вады паднялася да самых рэек, і цяпер ужо прарыў неспадзяванай дамбы мог разарваць чыгуначную лінію.

Возера было аграмаднае, тоны вады — узгадвае Яўген Калачоў — па яго лёдзе ён зь сябрамі пракрадаўся да нямецкіх складаў у Пячэрскім лесе, красьці тое-сёе на продаж. За кошт гэтага сям’я і выжывала. У пачатку красавіка лёд яшчэ стаяў. Немцы, прадчуваючы аварыю, вырашылі прабіць насып трубамі, каб спусьціць ваду. Апатэозам інжынэрнай думкі гэта назваць цяжка. Прабівалі некалькі дзён. 10 красавіка адна з трубаў дайшла да вады. Насып прарвала. У адно імгненьне зьнесла ўсіх рамонтнікаў, хваля пайшла па берагох. Грукат быў, нібыта кананада, згадвае спадар Яўген. Раўло і набліжалася. Тады ён і выскачыў на вуліцу. Па рацэ несла дамы, лазьню. З вокан выскоквалі і адразу танулі людзі. Каляска. Нейкі мужчына ўцякаў ад Дубравенкі на супрацьлеглы, таксама круты, бераг, аднак некалькі імгненьняў, і над яго галавой ужо сыш-ліся воды. Некаторыя загінулі ад Струшні — хвалі з Дубравенкі зайшлі й сюды. Плыні не было, але людзі ў дамах апыналіся ў пастцы, бо вада падымалася да столі.

Для многіх паратунак яшчэ быў магчымы, каб ня лёд. Ён ішоў другой хваляй, ламаючы паднятыя дамы.

Больш за ўсё ахвяр было на Быхаўскім рынку, ён разьмешчаны на самым беразе Дубравенкі. Увесну 1942-га гэта было адзінае месца, дзе можна было набыць нешта зь ежы. Штораніцу сюды зьяжджаліся вяскоўцы з навакольля, мяняць харч на старыя рэчы гараджан. Рынак увесь зьнесла ў Дняпро. Пазьней яшчэ некалькі гадоў запар увесну ма-гілёўскія махляры карысталіся страхам месьцічаў перад Дубравенкай. Яны прыбягалі на рынак з крыкамі «Патоп! Патоп!» і чакалі, покуль спалоханы люд уцячэ на бліжэйшыя горы, кінуўшы скарб.

Целамі былі ўсланыя ўсе берагі — узгадвае Яўген Калачоў. Большасьць людзей і дамоў зьнесла ў Дняпро. Падлічыць усе ахвяры было немагчыма, дый немцы гэтым не займаліся. У адну агульную яміну складалі ўсе непрытомныя целы, так што брацкая магіла потым яшчэ суткі хадзіла ходырам.

Дамоў на месцы трагедыі стаяла шмат, у тым ліку адна з самых старых магілёўскіх сінагог. Недалёка ад яе, на беразе Дубравенкі ўжо ў пачатку вайны нацысты зрабілі гета. Гэта не павялічыла, аднак, колькасьці ахвяраў трагедыі — да вясны сорак другога гета было ўжо пустым.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру