Прадавец касмэтыкі Оскар страціў працу. Сьцярвозная радыёвядоўца Сандра губляе рэйтынг. Але Оскар ня траціў у маркеце часу дарма і набыў некаторыя каштоўныя ўменьні й навыкі.

Ён адкрывае Школу спакушэньня. Справай гонару для прафэсара мачысцкіх навук стае мужчынаненавісьніца Сандра. Герой тэлефануе сьцерве ў этэр — і прыкідваецца закаханым на мяжы нэрвовага зрыву. Распачынаецца...

Хаўер Балагер расквеціў звыклую рамантычную камэдыю постмадэрнымі фарбамі. Маньяк-дантыст, хатняя гаспадыня-травэсты і рэкляма майткоў — усім хапае месца ў гэтым карнавале.

Вікторыя Абрыль у ролі Сандры то разьвінчаная, як лялька на шарнірах, то насьцярожаная, як кобра перад камэрай. Герой Хаўера Вэйгі, наадварот, лагодны, як сьметанковы ёгурт. Які час, такія і тыпажы. Мужчынам — пачуцьці, слабому полу — кар’ера.

Хаця пры канцы фільму нас чакае прадказальны хэпі-энд — ня верце. За фасадам патрыярхальнай рамантыкі хаваецца радыкальная перастаноўка гендэрных роляў.

Усё неўпрыкмет зьмяняецца ў гэтым гішпанскім кіно!..

«Школа спакушэньня» («Escuela de seduccion»).

Гішпанія, 2004, каляровы, 110 хв.

Жанр: рамантычная камэдыя.

Адзнака: 7,5 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0