«НН» пісала ўжо пра знаходку ў нямецкім Гёрліцы адзінай на тэрыторыі Нямеччыны Бібліі Скарыны (№33, 2 верасьня). Падзея атрымала працяг.

1 верасьня ў Міністэрстве замежных справаў у Бэрліне адбыўся калёквіюм, прысьвечаны сэнсацыйнай знаходцы. У ім узялі ўдзел журналісты, навукоўцы-славісты, прадстаўнікі грамадзкасьці, супрацоўнікі МЗС Нямеччыны, а таксама пасол ФРН у Беларусі Марцін Хэкер, а таксама другі сакратар пасольства Беларусі ў Нямеччыне сп.А.Жбанаў. З уступным словам выступіў кіраўнік моўнага цэнтру МЗС сп.Г.Хіле, а падрабязны даклад аб знаходцы зрабіў вядомы нямецкі славіст, прафэсар Норбэрт Рандаў.

Знаходка скарынаўскай Бібліі адбылася дзякуючы супадзеньню спрыяльных акалічнасьцяў. У 2003 г. у Гёрліцкай гарадзкой бібліятэцы праводзілася выстава кніг у рамках «Году Бібліі». Сярод нешматлікіх, але рэдкіх яе экспанатаў была й Біблія Скарыны. Пра яе паведаміў потым спадару Рандаў на сустрэчы падчас аднае навуковае канфэрэнцыі супэрінтэндант пастар Лобэрз. Вынікам гэтае размовы стала паездка Рандаў у Гёрліц, у Верхнялужыцкую навуковую бібліятэку.

Гёрліцкі экзэмпляр скарынаўскай Бібліі ў 1356 старонак знаходзіцца ў вельмі добрым стане. Ён складаецца зь дзьвюх частак. Першая частка выйшла ў 1519 г. і зьмяшчае Пяцікніжжа. Другая, выдадзеная ў 1518 г., уключае ў сябе кнігу Ісуса, сына Нава, чатыры кнігі Царстваў, Кнігу прамудрасьці і малітву Манасіі. Кожная кніга мае падрабязныя прадмовы і кароткія пасьляслоўі самога Скарыны, а для ўсёй Бібліі дадзена вялікая прадмова.

Рандаў удалося таксама часткова прасачыць і далейшы лёс Бібліі. У 1527 г. першы ўладальнік кнігі Андрэас Банк падарыў яе вядомаму нямецкаму рэфармацыйнаму дзеячу Ёханэсу Хэсу. Пазьней Біблія трапіла ў бібліятэку Гёрліцкай гімназіі.

Пасьля дакладу адбылася зацікаўленая гутарка. Прафэсар Рандаў заявіў, што пры канцы кастрычніка мае намер зрабіць спэцыяльны даклад аб сваёй знаходцы ў Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0