Гутарка з сацыёлягам Андрэем Вардамацким

Улада дзейнічае філігранна

«НН»: Якога кандыдата прагне беларускае грамадзтва?

Андрэй Вардамацкі: Ёсьць два тыпы рэакцыі грамадзкай думкі на лідэра краіны. Гэтыя тыпы не зьяўляюцца спэцыфічна беларускімі, бо ўласьцівыя для любой краіны. Першы — рэакцыя ў выглядзе яшчэ больш моцнага праяўленьня той найбольш характэрнай якасьці, якая прысутнічае ў лідэру пэўнай краіны. Калі гэта чалавек рэзкі, то на зьмену яму мусіць прыйсьці яшчэ больш рэзкі чалавек. Калі гэта чалавек рашучы, перамагчы яго можа чалавек яшчэ больш рашучы. Другі тып — рэакцыя процілегласьці. Калі лідэр зьяўляецца чалавекам рэзкім па характары, на зьмену яму мусіць прыйсьці мяккі чалавек. Калі лідэр апэлюе да шырокіх колаў грамадзтва і размаўляе простай мовай, дык павінен прыйсьці чалавек, які размаўляе больш вытанчанай мовай. Гэтыя два варыянты — агульная заканамернасьць, якая пашыраецца й на Беларусь.

Для беларускай грамадзкай думкі характэрныя дзьве рэчы. Першае — стомленасьць ад пэрсаналіі. І рэч тут не ў канкрэтнай пэрсаналіі, а ў часе, цягам якога дзейнічае адна асоба, бо ў выніку гэтага надыходзіць рэакцыя стомленасьці. З другога боку, можна казаць пра адсутнасьць якогасьці значнага рэйтынгу ў іншай пэрсаналіі. Гэта натуральная рэакцыя грамадзкай думкі на сытуацыю ў СМІ — іншыя пэрсаналіі папросту не рэпрэзэнтаваны. Беларусы лепш ведаюць расейскі, украінскі палітычны бамонд, нават заходні, чым тых пэрсанажаў беларускай палітычнай арэны. Улада дзейнічае філігранна дакладна. Тыя людзі, якія цяпер «на хіміі», — якраз тыя асобы ў апазыцыі, якія ў найбольшай ступені пасавалі б да вулічных дзеяньняў.

«НН»: Гэтыя людзі і ёсьць «пажаданымі» апазыцыйнымі кандыдатамі?

АВ: Існуе розьніца паміж «пажаданым» і «эфэктыўным» кандыдатам. Эфэктыўны — той, які ў сёньняшніх варунках здольны да вулічных дзеяньняў, а гэтыя кандыдаты знаходзяцца цяпер па-за межамі сталіцы. Што тычыць «пажаданага», то тут грамадзтва неаднароднае. Адна яго частка чакае кандыдата яшчэ больш рашучага, уладнага, простага. Другая прагне кандыдата больш спакойнага, рафінаванага. Ёсьць і іншы момант — слова «перамены». Пра гэта шмат гавораць — магчымасьць і неабходнасьць пераменаў у краіне. Але спэцыфіка ў тым, што, з аднаго боку, большая частка насельніцтва, згодна з сацыялягічнымі апытаньнямі, арыентаваная на перамены, але, з другога боку, ёсьць значны працэнт насельніцтва, які кажа, што калі перамены й адбудуцца, дык толькі ў горшы бок. Гэта вынік шматгадовага вопыту савецкіх рэалій, калі перамены нэгатыўна адбіваліся на насельніцтве. Гэта моцны козыр Лукашэнкі.

Адбываецца наступнае: нават той чалавек, які ня надта станоўча настроены ў дачыненьні да прэзыдэнта і ня вельмі добра ўголас пра яго гаворыць, прыходзячы на выбарчы ўчастак, у момант «Ч» — час прыняцьця рашэньня за каго галасаваць — атрымлівае два моцныя імпульсы. Першы: хто іншы? Іншага няма. І другі — калі перамены й будуць, ці ня ў горшы бок? Таму чалавек галасуе за дзейнага прэзыдэнта. Вось такі мэханізм прыняцьця рашэньня ў значнай часткі электарату. Гэты працэс спрацоўвае ў момант «Ч». Але ёсьць такі спэцыфічна беларускі працэс, як «фэномэн выбуховага рэйтынгу».

Рэч ня ў Домашу

«НН»: Маецца на ўвазе рэйтынг Домаша пяць гадоў таму?

АВ: Так, але рэч тут ня ў Домашу. Любая альтэрнатыўная асоба, якая зьявіцца на беларускім палітычным полі, будзе хутка набіраць рэйтынгавыя пазыцыі па прынцыпе «Любы іншы, абы не…». У значнай ступені гэта было і ў 1994-м, калі галасаваньне ішло не за Лукашэнку, а супраць Кебіча. Але ў сёньняшняй сытуацыі Лукашэнка б не зьявіўся. У сёньняшняй мэдыйнай сытуацыі ягоны фэномэн не адбыўся б.

«НН»: У чым фэномэн дзесяцігадовай устойлівасьці рэйтынгу прэзыдэнта і абсалютнай загнанасьці ўсіх альтэрнатыў?

АВ: Ёсьць тры чыньнікі. Першы — эканамічная сытуацыя. Калі б яна цяпер зьмянілася, Лукашэнкаў рэйтынг адразу пачаў бы падаць. Але эканамічных падставаў для зьмяншэньня рэйтынгу прэзыдэнта сёньня няма з розных прычынаў, галоўная зь якіх — сытуацыя на сусьветным нафтавым рынку.

Другі чыньнік — мэдыйны, які пабудаваны тэхналягічна пісьменна. Прадстаўлена адна пэрсаналія, і нават калі людзі крытычна ставяцца да БТ, гэта ня значыць, што яны адначасова станоўча ставяцца да чагосьці іншага — іншага проста няма. Вынік у тым, што ня ўсе калёнамі «за», але і няма калёнаў, якія «супраць».

Трэцяе — замежнапалітычная каньюнктура: пэрманэнтна станоўчае стаўленьне да Лукашэнкі з боку Расеі, і, з другога боку, несупастаўная хуткасьць прыняцьця рашэньняў беларускімі ўладамі і Эўропай. Эўразьвяз дзейнічае вельмі павольна, і — калі ён і надалей будзе дзейнічаць так, як дзейнічае цяпер — Лукашэнка будзе апярэджваць Эўразьвяз заўсёды.

Эўрапейская хуткасьць

«НН»: А што ж з ідэямі адкрыцьця радыёстанцый? Ці можа гэта дапамагчы, паўплываць на мэдыйную сытуацыю?

АВ: Высілкі ЭЗ проста сьмешныя ў параўнаньні з мэдыйнымі магчымасьцямі ўладаў.

«НН»: Сёньняшняя тактыка вылучэньня «адзінага» дапаможа апазыцыі пазьбегнуць памылак, зробленых у 2001-м?

АВ: Пра стратэгію магу сказаць тое ж, што й пра дэмакратыю: «Дэмакратыя — вельмі дрэнны від кіраваньня грамадзтвам. Але ніхто ня вынайшаў лепшага». Тое ж са стратэгіяй адзінага кандыдата. Ёсьць маса хібаў, але на гэты момант лепшага няма, і ў параўнаньні з 2001-м галоўнае — больш зручная пазыцыя па часе. Часу болей, чым на мінулых выбарах.

Кубінізацыя грамадзтва

«НН»: Ці адбыліся за апошнія дзесяць гадоў істотныя зрухі ва ўспрыманьні беларускім грамадзтвам палітыкаў як такіх?

АВ: Можна казаць пра ўзаемна супрацьлеглыя працэсы. З аднаго боку, палітычная сьвядомасьць стала больш ускладненай, яна ўжо ў стане рабіць больш прасунутыя ацэнкі, чым у 1994-м. Цяпер грамадзтва можа аналізаваць палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя зьявы. З другога боку, можна гаварыць пра большую ступень закрытасьці беларускай палітычнай сыстэмы — яна ўсё менш выходзіць вонкі. Некаторыя называюць гэта атмасфэрай страху, але гэта можна назваць «кубінізацыяй грамадзкай думкі» — закрытае грамадзтва не камунікуе міжсобку, няма кантакту паміж яго элемэнтамі. І яшчэ адна асаблівасьць кубінізацыі — вера ў тое, што ў нас эксклюзіўны, правільны, непаўторны шлях. Гэта вельмі дрэнна, бо працэсы прасьвятленьня бываюць балючымі.

Гутарыў Зьміцер Дрыгайла

Доктар сацыялёгіі, прафэсар АНДРЭЙ ВАРДАМАЦКІ 13 гадоў узначальвае лябараторыю аксіямэтрычных дасьледаваньняў «Новак» («Новая аксіямэтрыя»). Нарадзіўся ў 1956 у пасёлку Джар-Курган Сурхандар’інскай вобласьці (Узбэкістан). Скончыў БДУ. Адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх сацыёлягаў. Гэтае інтэрвію ён пачаў з падкрэсьліваньня сваёй апалітычнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0