Жонкі кандыдатаў на ролю «адзінага» Сьвятлана Лябедзька і Іна Кулей пра сябе і мужоў.

«НН»: Калі Вы пачалі цікавіцца палітычнымі поглядамі мужа?

Сьвятлана Лябедзька: Цікаўлюся з таго моманту, калі ён у пачатку 1990-х пачаў парлямэнцкую кампанію. Але нельга казаць, што палітыка ўвайшла ў яго жыцьцё. Яна ўвайшла ў наша жыцьцё.

Іна Кулей: Зь 1997-га. Тады ўжо адчувалася, што яго цікавасьць да палітыкі перавышае ягоны статус грамадзкага дзеяча, але ён цалкам знаходзіцца ў рэчышчы той пасады, якую ён займаў да таго — намесьніка старшыні гарадзенскага гарвыканкаму.

«Мы ў сям’і нічога не забараняем»

«НН»: Калі б гэта залежала толькі ад Вас, дык ці забаранілі б Вы мужу займацца палітыкай?

СЛ: Нават калі б залежала толькі ад мяне, дык не забараняла б. У нашай сям’і мы адно аднаму нічога не забараняем. Але я б хацела, каб Анатоль гэтым не займаўся.

ІК: Ніколі. Каб быць грамадзкай асобай, якая адчувае сваю каштоўнасьць, ён павінен займацца тым, чаго прагне сэрца. Калі ў Алеся баліць душа за лёс краіны — яму трэба спрыяць, а не забараняць.

«НН»: Ці падзяляеце Вы палітычныя погляды свайго мужа?

СЛ: Гавораць жа: «Мужык і жонка — найлепшая суполка». Таму падзяляю. Калі б гэтага не было, мы б у некаторых момантах папросту не сышліся б. Вядома, часам мы спрачаемся на палітычныя тэмы нават дома. Таму мяркую, што некаторыя яго пазыцыі можна было б зьмякчыць.

ІК: Асабістая ўпэўненасьць майго мужа, яго грунтоўнасьць і спакой пераконваюць усіх вакол яго. Алесь шмат што зьмяніў у маім уласным сьветапоглядзе.

«Прачынаецца ён даволі хутка»

«НН»: Ці пасьпявае муж дапамагаць Вам у хатняй працы? Ці ёсьць у яго сталыя абавязкі дома?

СЛ: Калі ў яго бывае вольны час, ён забясьпечвае закупкі прадуктаў на рынку. Бывае, выканае й якую іншую хатнюю працу. Мы маем дарослага сына, дык большасьць хатняй працы я стараюся «сьпіхнуць» на яго (усьміхаецца).

ІК: Алесь штораніцы гатуе сьняданак. Прачынаецца ён даволі рана й хутка, а я ў дзень уваходжу вельмі павольна. Зробіць каву, згатуе ежу, памые посуд. А астатняе я з падзякаю цэлы дзень раблю сама. Ён таксама ходзіць і па прадукты, бо, па-першае, забараняе мне насіць цяжкія торбы, а па-другое, лічыць, што ў доме заўжды павінен быць нейкі запас ежы.

«НН»: Чым Вы гатовы ахвяраваць дзеля перамогі Вашага мужа на прэзыдэнцкіх выбарах?

СЛ: Хіба што ўсім, чым можна ахвяраваць. Не жыцьцём. Упэўнена, што самае галоўнае ў жыцьці — наяўнасьць здароўя, а ўсё астатняе ў нашых руках. Так што не гатова ахвяраваць здароўем. Нічыім здароўем. А так, напэўна, няма нічога, што я не магла б аддаць.

ІК: Ведаеце… Нават і жыцьцём, як гэта ні патасна прагучыць. Мы добра ўсьведамляем, які шлях прыняў Алесь, якія абавязкі на сябе ўсклаў. Так што мяжы тут няма… Я разумею, што ў любы момант з намі можа здарыцца ўсё, што хочаш.

«НН»: Што для Вас статус першай лэдзі краіны? Ці гатовыя Вы сёньня да гэтага?

СЛ: Для Беларусі так званы «пратакол» — гэта наагул цьмяная рэч. Я з «пратаколам» незнаёмая і знаёміцца не зьбіраюся. Бо гэта пакуль з вобласьці далёкай пэрспэктывы. Хоць жонка ёсьць адлюстраваньнем мужа. Першая лэдзі, вядома, у пэўнай ступені таксама афіцыйная асоба, бо пра прэзыдэнта робяць высновы ў тым ліку й па тым, кім зьяўляецца яго жонка. Першая лэдзі не павінна ўмешвацца ў дзяржаўныя справы, а быць крыху ў цені, але дапамагаць мужу мусіць.

ІК: Лэдзі — першая ці якая іншая — павінна мець пяшчоту, дабрыню, шчырасьць і павагу да людзей. А іншы статус ня мае значэньня. Кожны з нас чытаў, як трэба класьці відэлец, шанаваць і вітаць гасьцей. Кожная жанчына — гэта гаспадыня свайго дому, і яна ведае, як трэба прымаць людзей, каб ніхто не адчуў зьнявагі. Нават калі гэты дом — цэлая краіна.

Гутарыў Зьміцер Дрыгайла

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0