Філёзаф Алесь Анціпенка зьмясьціў на сайце «Наша думка» «Зацемкі на палях беларускай мэнтальнасьці». Вось некаторыя з назіраньняў.
«Беларус баіцца думаць не таму, што ня ўмее, а таму, што асьцерагаецца выкрыць самога сябе.
Беларус — геній іншаформы. Перакінуцца ў ваўкалака яму як абаранак зьесьці.
Беларус, аднак, рэдка любіць казаць праўду, бо зазвычай пра яе пытаюцца ў яго розныя прыхадні.
Лес для беларуса — родны бацька.
Хата для яго — часовае жытло.
Стандартнага, ці каляніяльнага, беларуса лёгка пазнаць па тым, што на «Опэль» ці «Пэжо» ён кажа «іншамарка», а на «Масквіч» — «автомобиль отечественного производства».
Увогуле ж, стандартнага беларуса цяжка пакрыўдзіць. Крыўдлівыя сярод іх — толькі мянты».
Заканчваецца ж усё аптымістычным выказваньнем: «Покуль жа — пра беларуса што ні скажы, усё будзе няпраўдай».