Паўвеку таму нейкія мае далёкія родзічы зьехалі ў Амэрыку. Бо грошы. Сьлед прастыў. Яшчэ паўстагодзьдзя назад хтось ад’ехаў да Польшчы. Бо палякі. Бо каталікі. Сьлед згубіўся. Дзесьці ў шуфлядзе бабчынай мо і дагэтуль ляжыць паперка зь іх адрасам, ды калі мне да тае Зялёнае Гуры ехаць? І каму я там трэба? Уся гэтая мэтафізычная повязь – чаго яна вартая празь пяцьдзясят гадоў?

Дый мы — якія мы палякі? Зрэшты, як і яны. Мы ж і не з-над Нёмну. А звычайныя тутэйшыя, з-над Случы, хай сабе і шляхта. Дый якая шляхта! Толькі мянушка: «О, шляхта пайшла». Хіба што мы сякалі — то прыкмета праўдзівай крывічэсьлівасьці, а «мужыкі» сакалі — гэныя беларусы-сакуны. А з крыві ж — аднае, таго ж колеру.

Ну, прабабка мадлілася па нейкай кніжачцы з эль крэскаванымі. Ды па-руску не магла напісаць літар — як курыца лапай чыркала, дасюль на палях прадзедавых пісьмаў засталіся яе «сьляды». А так звычайныя мы людзі. А хто залучыць у палякі — то тэж не пакрыўдзімся. Як той казаў, палякі-то палякі, але «нашы».

Не такія мы, як за Бугам. Мо нашы сукрэвічы зеленагурскія і сталіся «як усе», а мы там — «яны», а тут — «нашы».

Помню, як павезьлі мяне да «мэтраполіі» ў канцы 1980-х, малога. Ё такое места, а мо і мястэчка, Плоцк. Ня той, дзе «Сафія нібы карабель», а дзе за ракой макавае поле пачынаецца. Вось яно мяне і ўразіла: у нас от такога не было, каб цэлае чырвонае мора макаў! І агулам мак — гэта наркотык, вучылі нас у школе. А яшчэ ў іх двары не такія, як у нас. Тыя ж пяціпавярховікі (гэта пасьля мне адкрылі сакрэт, што правільна іх зваць «хрушчоўкамі»), але двары не такія. У нас барабан быў заржавелы яшчэ з часу «Песьні-85», а ў іх і карусэлі, і арэлі. А пясочніца! Але не далі мне збудаваць свой замак зь пяску — дасюль шкадую, пацягнулі бацькі ў хрушчоўку.

І такія бальконы ў іх! Не такія, як у нас — акуратненькія, з дыванкамі; а ў нас — слоікі, «закаткі» зімовыя, не праступіцца. Выйшлі зь дзяўчынкай (не магу прыпомніць, як мы зь ёй разумеліся, я ж па-польску тады ня ўмеўшы) на лёджыю, а яна кліча з другой кватэры: «Цёця, цёця, патш, да нас прыехаў хлопчык з Рос’і!» «З Рос’і», — от гэта я зразумеў.

«Ня з Рос’і, а з Савецкага Саюзу», — зьбянтэжыў я цёцю. Яна ўсьміхнулася, а дзяўчынка пацягнула мяне на кухню, есьці памідаровую зупу.

Вось гэты гаўбец, дзяўчынку і зупу ўспомніў я, чытаючы ў прамове нашага прэзыдэнта перад ААН: «Прайшло 15 год ад часу распаду мае краіны — СССР».

Усе мы родам зь дзяцінства. А дзяцінства наша прайшло ў СССР. Ну хто гэтаму запярэчыць? Было такое. І сапраўды, ня ўсё там было дрэнна. Але ў Польшчы, хоць яна і курыца, — усё адно лепш.

Ну хаця б дзеля макавага поля. Там яно было, а ў нас — не. Або яго ад мяне хавалі. А я не люблю, калі ад мяне штось хаваюць. Дужа, аж занадта, я цікаўны.

…Я родам з СССР. У гэтым я з прэзыдэнтам салідарны: гэта была і мая краіна. А пасьля мая краіна стала называцца іначай, і агулам аказалася, што ёсьць вялікая розьніца між такімі паняцьцямі, як краіна, дзяржава, нацыя, народ, люд. Але гэта прыйшло пасьля — пасьля СССР. І вось цяпер я думаю: Беларусь — мая краіна, а дзяржава Беларусь — ці мая?

Краіна Польшча мне падабалася, але заставаўся патрыётам свае… дзяржавы. Маляваў на асфальце Крэмль і пісаў заклікі за мір ува ўсім сьвеце. Так мяне выхоўвалі. Маім героем быў Ленін, а ня гобліны ўсякія. Мая любімая кніжка «Дзяніскавы расказы», а ня «Гары Потэр». Я і сёньня ўпэўнены: гэта было добра.

А сёньня мая любімая кніжка «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі». Ужо паўтара месяца дзеля рознага кшталту жыцьцёвых пэртурбацыяў мне не да сур’ёзных тоўстых «клясыкаў», а каб галава «варыла», а не пакрывалася цьвільлю, як незацукраванае варэньне, я ўзяў пачытаць Васючэнкавы забаўныя гісторыі. Навярстаць упушчанае, хаванае ад мяне тады, пятнаццаць гадоў таму.

Бяз гэтага, хаванага тады, цяпер мне было б цяжка. Яны — частка Мае Краіны. Мае Рэчы Паспалітае. Многа год таму яе ня стала. Цікава, што сказалі б людзі, каб я ўспомніў пра яе, як пра маю настальгію, з трыбуны ААН?

P.S. Макавага поля ў Беларусі не спатыкаў дагэтуль. Мо хто падкажа: дзе яно ёсьць?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0