Брытанскі штодзёньнік «Daily Mirror» апублікаваў здымак, на якім папулярная мадэлька Кейт Мос ужывае наркотыкі. Гэта стала канцом яе прафэсійнае кар’еры.

Фатаздымкі выклікалі такую навальніцу, што 31-гадовай Кейт Мос пагражае ня толькі разьвітаньне з працай, але і судовая справа. Брытанская паліцыя закідае Мос ужываньне какаіну падчас канцэрту яе каханка-сьпевака Пэтэра Догерці. Гэты факт тым больш праўдападобны, што самога Догерці ўжо лавілі на ўжываньні наркотыкаў.

Мос да нядаўна лічылася ідэальнай мадэлькай для рэклямных фірмаў і агенцый, скіраваных на маладую аўдыторыю. Яе аблічча зьяўлялася ў рэклямах «Шанэль», «Коці», «H&M» і г.д. А цяпер? Пасьля скандалу «H&M» ужо разарвала кантракт з Мос. Ідэалёгія гэтага швэдзкага вытворцы вопраткі — непрыманьне наркотыкаў. Клятвы Мос надалей весьці здаровы лад жыцьця не дапамаглі.

Потым яе напаткала чарговая прыкрасьць. Іншы вытворца вопраткі — «Бурбэры» — абвесьціў, што адмаўляецца выкарыстоўваць аблічча Кейт як свой фірмовы твар. Але да сапраўднай роспачы давёў Кейт Мос францускі дом моды Шанэль.

— Мы не працягнем з мадам Мос кантракт, які скончыцца ў наступным месяцы, — сказаў прадстаўнік фірмы.

Цяпер Кейт мусіць жыць на ашчаджэньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0