Афіцыйныя эканамісты ў адзін голас называюць Расею галоўным эканамічным партнэрам Беларусі. Аднак варта прачытаць аналітычную справаздачу «Залежнасьць беларускай эканомікі ад гандлю з заходнеэўрапейскімі краінамі і ЗША», каб зразумець: ня ўсё так проста. Справаздача была падрыхтаваная ў верасьні групай беларускіх эканамістаў і распаўсюджаная славацкім Інстытутам грамадзкай дыпляматыі «Понціс». Экспэрты палічылі за лепшае не афішаваць сваіх імёнаў, што цалкам зразумела. Іхная праца фактычна зьяўляецца сцэнаром разьвіцьця падзеяў у выпадку ўвядзеньня Захадам эканамічнага эмбарга ў дачыненьні да Беларусі.

Беларусь атрымлівае сыравіну (газ і нафту) з Расеі па нізкіх цэнах, але прадае на Захад прадукцыю па сусьветных цэнах. Перш за ўсё гэтым забясьпечаны «фэнамэнальны прырост» ВУП. Але што адбудзецца тады, калі ланцужок «расейскія сьвідравіны — беларускія вытворцы — эўрапейскі спажывец» нечакана пазбавіцца апошняга зьвяна?

Загадкавы экспарт у Нідэрлянды

Беларусь шчыльна зьвязаная з эканомікай Эўразьвязу, нашмат больш, чым раней. Экспарт у краіны за межамі СНД няспынна рос, пачынаючы ад 2001 г. Статыстыка сьведчыць: найбольш актыўна Беларусь экспартуе на захад мінэральныя прадукты (найперш прадукты нафтапераапрацоўкі) — 81,8% ад агульнага іх аб’ёму. Прычым, калі аб’ём экспарту мінэральных прадуктаў за першую палову 2004 г. склаў $1,466 млрд, то за першую палову гэтага году — $2,356 млрд.

Аднак найважнейшыя партнэры Беларусі сярод краінаў ЭЗ — гэта не Нямеччына і Польшча, як лягічна было б чакаць, а Брытанія і Нідэрлянды. Чаму?

Бо менавіта ў гэтых краінах зарэгістравана шмат даччыных кампаній шматлікіх расейскіх карпарацый, у тым ліку й нафтавых. Яны карыстаюць з падатковых ільготаў, якія распаўсюджвае на іх брытанскае і нідэрляндзкае заканадаўства. А зь іншага боку, яны падпадаюць пад усе выгоды, якія дае рэгістрацыя ў Эўразьвязе. Без прамых кантактаў зь беларускай прэзыдэнцкай адміністрацыяй не абыходзіцца ніводная з гэтых кампаній, бо экспарт нафтапрадуктаў рэгулюецца дзяржавай. Расейскія кампаніі маюць жывую зацікаўленасьць у такіх кантактах, каб трапляць на эўразьвязаўскі рынак. Рэч у тым, што ў Расеі практычна няма заводаў, аналягічных беларускім, на якіх маглі б вырабляцца палівапрадукты, найперш дызпаліва і алівы, што адпавядаюць экалягічным стандартам ЭЗ.

Для расейскіх кампаній схема пастаўкі ў Беларусь энэрганосьбітаў па зьніжаных тарыфах аказваецца выгаднай. Бо ў далейшым вырабленая зь іх прадукцыя экспартуецца ў ЭЗ праз афіляваныя зь расейскімі заходнія кампаніі. Прыбытак дзеліцца «па справядлівасьці». «Гэтая экспартна-імпартная схема выгадная для беларускага рэжыму», гаворыцца ў справаздачы. Але народ Беларусі мала што атрымлівае ад гэтых прыбыткаў і зусім ніяк не кантралюе іх — бо нават існы кішэнны парлямэнт ня мае права кантролю над прэзыдэнцкімі фондамі. З такога кшталту схемаў растуць і ногі лукашэнкаўскага лобі за мяжою.

Чым пагражае эмбарга

Аўтары справаздачы даводзяць, што абмежаваньні на гандаль зь Беларусьсю рэзка нэгатыўна паўплывалі б на краіну. Санкцыі выклічуць структурныя зрухі ў гаспадарцы: зьніжэньне ВУП, рост інфляцыі, зьніжэньне прыбыткаў прадпрыемстваў, дысбалянс унутранага валютнага рынку, дэвальвацыю рубля, зьмяншэньне валютнага рэзэрву Нацбанку. Абвострыцца праблема бюджэтнага дэфіцыту.

Калі ж Беларусі будзе забаронена ня толькі экспартаваць свае прадукты наўпрост у краіны Захаду, але і рабіць гэта праз сваіх партнэраў у краінах СНД, крызіс можа пайсьці глыбей.

Першай ахвярай эмбарга стануць НПЗ, 80% прадукцыі якіх ідзе ў краіны ЭЗ. Нафтаперапрацоўчая індустрыя забясьпечвае больш за 20% усяго аб’ёму прамысловай вытворчасьці ў краіне. Толькі праз гэта ВУП можа зьменшыцца на 5%.

Калі ўявіць, што эмбарга ўведзенае 1 студзеня 2006 г., а цэны на нафту ня будуць значна вагацца, то экспартныя страты Беларусі складуць каля двух з паловай млрд даляраў у год. Дэфіцыт валюты, у такім разе, на ўнутраным рынку ўжо ў першым квартале можа скласьці каля 1,150 млрд даляраў.

На думку аўтараў дакладу, эмбарга на 90% паралізуе дзейнасьць 17 галоўных прадпрыемстваў краіны, страты бюджэту празь зьніжэньне падатковых паступленьняў складуць 12—13%.

Каб стабілізаваць фінансавую сытуацыю, Нацбанку, імаверна, давядзецца прадаваць золатавалютныя рэзэрвы (цікава, што іх аб’ём прыкладна роўны мажліваму дэфіцыту валюты на ўнутраным рынку ў выніку эмбарга) ці правесьці дэвальвацыю рубля.

Экспэрты прызнаюць, што зьніжэньне бюджэтных выдаткаў ня будзе катастрафічным — урад зможа часткова фінансаваць свае праграмы за кошт назапашаных раней сродкаў. Але яно будзе вельмі адчувальным.

Эмбарга на пастаўку беларускіх нафтапрадуктаў у Эўропу ніяк не адбілася б на эўрапейскім рынку, але стала б значным ударам па эканоміцы Беларусі і прыватных эканамічных інтарэсах як вышэйшага кіраўніцтва, — робіць выснову «Понціс» у камэнтары да справаздачы.

А што Расея?

Увесь сцэнар расьпісаны пры ўмове захаваньня цяперашняга стану дачыненьняў з Расеяй. Аднак можна прагназаваць, што Расея ў выпадку санкцый Захаду «працягне руку дапамогі». Узамен за сувэрэнітэт, напрыклад.

На думку аўтараў, якраз рост экспарту ў Эўразьвяз ляжыць у аснове беларускага эканамічнага росту. Вынік справаздачы можна назваць неспадзяванкай, якая ляжала ў нас пад носам: экспэрты бралі ўсю інфармацыю з афіцыйных крыніцаў — справаздачаў Міністэрства статыстыкі і аналізу ды Нацбанку.

Публікацыя справаздачы — сапраўдная сэнсацыя. Яна можа азначаць, што Захад пачаў усур’ёз прыглядацца да сцэнароў увядзеньня эмбарга супраць Беларусі. Яны могуць быць задзейнічаны ў выпадку, калі сытуацыя ў Беларусі абвострыцца або ўзрасьце рэпрэсіўнасьць рэжыму.

Як вынікае з справаздачы, лідэры краіны мусяць улічваць: гаспадарка Беларусі надзвычай залежыць ад гандлю з Эўропай, і эканамічная інтэграцыя з ЭЗ паглыбляецца. Таму эканоміка будзе схіляць Беларусь да такой палітыкі, пры якой адносіны з Эўропай былі б найлепшымі.

Алесь Кудрыцкі

Фонд «Понціс» заснаваны ў 1995 як амэрыканскі Фонд для грамадзянскай супольнасьці, у 1997 кіраўніцтва фондам перададзенае славакам. Назву «Понціс» (у перакладзе з лаціны — «мост») атрымаў у 2001. Сярод фундатараў «Понцісу» ня толькі такія вядомыя арганізацыі, як Нацыянальны фонд дзеля дэмакратыі (ЗША) ці Сусьветны банк, але й славацкая філія Hewlett Packard. Фонд падтрымлівае недзяржаўныя арганізацыі і надае Беларусі вялікую ўвагу. У свой час экспэрт «Понцісу» Балаш Ярабік быў затрыманы ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0