Выбар зроблены. Дыскусіі скончаны. Кандыдат ад апазыцыі абраны. Яе на выбары павядзе Аляксандар Мілінкевіч. Складаецца новая палітычная рэальнасьць.

Ад Мілінкевіча дэлегаты Кангрэсу пачулі штосьці такое, чаго ніколі ня чулі ад лідэраў апазыцыі — заклік да жалезнай дысцыпліны, як на вайне. Мы мусім выбудаваць дэмакратычную вэртыкаль, больш кансалідаваную за лукашэнкаўскую. Бо ідэйную. Прыкладна гэтак сказаў ён.

Усе погляды прыкаваныя цяпер да Мілінкевіча. Ад яго будзе залежаць цяпер так шмат. Ці здолее адсунуць штатных дэмагогаў на другі плян, не разбурыўшы пры гэтым кааліцыі? Ці зможа знайсьці новую рыторыку, якая б зацікавіла шырокія слаі выбарцаў? Ці зможа штодзённа весьці завочную дыскусію з Лукашэнкам, падтрымліваць цікавасьць да сябе?

“Геі” на ўваходзе ў ДК МАЗу паказалі, што кампанія будзе найбруднейшая. Нічога такога ў 2001 годзе ўлады сабе не дазвалялі. Каго лукашэнкаўцы дапусьцяць да выбараў у якасьці тэхнічных кандыдатаў. Гайдукевіча? Казуліна? Які расклад палітычных сілаў будзе перад выбарамі? Усё гэта пачынаем аналізаваць у гэтым нумары “НН”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0