Узьвядзеньне Нацыянальнай бібліятэкі ня выклікала ў нацыі вялікіх эмоцый. Людзі, для якіх наведваньне бібліятэк — рэальная патрэба, ведаюць вартасьць “дыямэнту”. Катастрафічна пагаршаецца якасьць бібліятэчнага фонду. З 1995 г. на тры мільёны кніг скараціўся кніжны фонд, наведвальнасьць і колькасьць выдадзенае літаратуры. Бо новых паступленьняў вобмаль, бо кніга самых разьвітых краінаў сьвету амаль не трапляе ў Беларусь.

Больш за тое, апошнія 15 гадоў у краіне няўхільна зьмяншаецца колькасьць бібліятэк. У 1991 г. было 6,1 тыс. бібліятэк, у 1995 г. — 5367, у 2004-м — 4438. За дзесяць год у Беларусі ліквідавалі тысячу бібліятэк!

Для вёскі гэта сапраўдная катастрофа. Тысяча зьніклых бібліятэк — гэта атупеньне цэлых краёў. Вось што на адной чашы шаляў. А на іншай — адзіная на ўсю краіну новая бібліятэка.

Інфармацыйнае й культурнае адставаньне паміж сельскай мясцовасьцю й гарадамі, паміж паказушнымі цэнтрамі і дабітым агулам нарастае ў геамэтрычнай прагрэсіі. Ля станцыі мэтро “Маскоўскай” паўстае гмах кнігазбору. А за кальцавой дарогаю, паміж пушчаў, балот дажываюць апошнія сотні бібліятэк — як напамін пра род чалавечы, што некалі там пражываў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0