Найбольш непрыемная рыса беларускай сытуацыі — што і ўлады, і насельніцтва жывуць у спыненым часе сярэдзіне 1970-х. Гэта тады была патрэба ў бібліятэцы.

Гэтым летам часьцей, чым звычайна, у стужках беларускіх навін фігуравала бібліятэчная тэма — узьвядзеньне новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Здавалася, звычайная справа: лета — пара адпачынкаў, напружанасьць палітычнага жыцьця спадае, а рэпартэры — таксама людзі, і жыць ім трэба. Во і стракацела бібліятэчная тэма ў загалоўках навін: «Ратвэйлеры ахоўваюць будоўлю», «Крымінальная справа ў дачыненьні да былога дырэктара будоўлі», «Нацыянальная бібліятэка працягне працу ў старым будынку», «Сьмерць на галоўнай будоўлі краіны». І гэтак бясконца. Не зьдзіўлюся, калі тыя ратвэйлеры на радасьць рэпартэраў каго-небудзь пакусаюць. Навіны патрабуюць ахвяраў — ня менш за мастацтва.

Апанэнты будоўлі ня маюць асаблівых аргумэнтаў супраць. Прэтэнзіі палягаюць у эстэтычнай плоскасьці да нязграбнага праекту і да валюнтарысцкіх мэтодык будаўніцтва. Апалягеты будоўлі — калі не стагодзьдзя, то, прынамсі, дзесяцігодзьдзя — таксама аргумэнтаў не прыводзяць, мармычачы пад нос пра «храм кнігі» і «мёд мудрасьці». Але ні адны, ні другія ня могуць дазволіць сабе прызнацца ў тым, што гэтая бібліятэка ў гэтай краіне нікому не патрэбная.

Парадокс — пра «мёд мудрасьці» і «храмы кнігі» гавораць адэпты ўладаў, якія дзень за днём цягам дзесяцігодзьдзя не саромеюцца дэманстраваць свае крайне антыкніжныя настроі. І дэманструюць іх рэгулярна. Новабеларускія эліты ад кніжнай культуры далёкія. Прыклады таго, як улады ставяцца да кніжнай культуры, шукаць доўга ня трэба: можна прыгадаць і загубленыя літаратурныя часопісы «Бярозка» ды «Першацвет», якія ў канцы 1980—1990-х сталі стартавай пляцоўкай для многіх літаратараў маладога пакаленьня, і цяперашні «ЛіМ». Пагартайце дзеля блезіру падшыўкі гэтага тыднёвіка за 1980-я, і жаданьне раўняць яго зь сёньняшнім адпадзе.

Урэшце, дзесяцігадовы дробязны і цынічны прэсінг Саюзу пісьменьнікаў — арганізацыі, што аб’ядноўвае людзей, якія ствараюць кнігі. Наколькі добра яны пішуць — справа дзясятая, тым больш што іншых пісьменьнікаў у нас, здаецца, няма. Бяз працы гэтых людзей і гэтай арганізацыі дзейнасьць бібліятэкараў нівэлюецца да функцый прыбіральніцы, у чые задачы ўваходзіць выціраньне пылу з кніжных паліц. Магчыма, ахопленыя радасьцю навабуду бібліятэкары разумеюць усё гэта, але ніякіх сьлядоў гэтага разуменьня на паперы яны не пакідаюць. Як і не выяўляюць яны разуменьня таго, што бяз добра наладжанай і прадуманай прапаганды чытаньня, якой у Беларусі ніхто толкам ніколі не займаўся, самыя багатыя і добраўпарадкаваныя кнігазборы трацяць любы сэнс.

Бібліятэкараў можна зразумець: наяўныя плошчы сапраўды зацесныя для Нацыянальнай біблітэкі. Аднак калі раптам улады вырашаць цалкам задаволіць апэтыты бібліятэкараў на плошчы пад кнігасховішчы, то ў горадзе ні на што іншае не застанецца ні вольных сродкаў, ні прасторы. Яшчэ адна праўда ў тым, што з прыходам у чытальныя залі новых тэхналёгій — ксэракапіяваньня, электронных каталёгаў, магчымасьці замаўляць кнігі праз Інтэрнэт — значна скараціўся час, які чытач у сярэднім праводзіць у бібліятэцы. Ну а магчымасьць без асаблівых высілкаў азнаёміцца з кнігамі ў электронным выглядзе наагул робіць публічную бібліятэку не такой і неабходнай для чытачоў.

Можна доўга спрачацца пра плюсы і мінусы такога разьвіцьця падзей. Урэшце, ніхто не прымушае верыць у прагрэс. Аднак трэба рыхтавацца да таго, што гэтыя тэндэнцыі праз пару гадоў будуць вельмі заўважныя і ў Беларусі. Пра гэта бібліятэкары ведаюць ня горш за нас. Але выгляду не падаюць. Бо найбольш характэрнай і непрыемнай рысай сучаснай беларускай сытуацыі зьяўляецца тое, што і ўлады, і насельніцтва старанна спрабуюць паверыць у тое, што на дварэ сярэдзіна 1970-х і час удалося спыніць назаўсёды. З гэтай веры і растуць праекты накшталт новага будынку бібліятэкі, для якой ужо ніколі не будзе чытачоў, і пабудовы гіганцкай тэлевежы ў часы, калі ўвесь сьвет — і БТ разам зь ім — пераходзіць на лічбавы фармат вяшчаньня. Адсюль расьце і замілаваньне ансамблем «Сябры» (які ў свае часы разглядаўся слухачамі як нязграбная копія «Песьняроў»), і цьвёрдае пераканьне ў тым, што Павал Якубовіч па сёньняшні дзень зьяўляецца першым стылістам краіны, на якога мусіць раўняцца кожны журналіст.

Для чытача ў мяне ёсьць усяго адна добрая навіна: калі-небудзь гэты Бабілён самападману ўсё ж будзе разбураны. Не ацалее і яго бібліятэка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0