Мілінкевіч не дэмагог. Гэтым ён розьніцца ад многіх беларускіх палітыкаў. І гэтым падкупае.

Адзінаццаць гадоў кіраваньня Лукашэнкі паказалі, што яго немагчыма перакрычаць. Два дні кангрэсу давялі, што Мілінкевіч такой мэты ня ставіць.

Мілінкевіч не грымеў, як Калякін, і ня кляўся на Бібліі, як Лябедзька. Ён падкупаў іншым: грунтоўнасьцю і шчырасьцю, нават лёгкім хваляваньнем.

Мілінкевіч робіць тое, чаго Лукашэнка ня ўмее, — вядзе гутарку. Кожная прамова Мілінкевіча — гэта перш за ўсё дыялёг з слухачамі.

Мілінкевіч пачынае размову ці прамову не зь сябе, а з суразмоўніка, і найчасьцей — з падзякі яму. Так было на Кангрэсе і ў шматлікіх інтэрвію падчас яго. Ён дзякаваў настаўнікам, якія сьвяткавалі сваё прафэсійнае сьвята, дзякаваў сваім супернікам, дзякаваў прэсе.

За час Кангрэсу Мілінкевіч ні разу не павысіў голасу. Ён размаўляе з трыбуны так, нібы размаўляе з сваімі роднымі. Мілінкевіч прамаўляе не да тэлеаб’ектыва і мікрафона — ён зьвяртаецца да слухача як да сябра, які сустрэўся яму на вуліцы.

Мілінкевіч думае па-беларуску. Беручы пад увагу прысутнасьць замежных карэспандэнтаў, падчас прэс-канфэрэнцыі ён паабяцаў адказваць па-расейску, але, незаўважна для сябе самога, зьбіваўся на беларускую.

Мілінкевіч не размахвае рукамі. Хіба што зрэдку сьціскае два свае вялікія кулакі. Калі Лукашэнка — грубая сіла, дык Мілінкевіч — спакойная сіла.

Сябры па змаганьні кажуць, што за вонкавай мяккасьцю ў Мілінкевічу хаваецца цьвёрды лідэр. Цьвёрды да жорсткасьці, прыхільнік дэмакратычнага цэнтралізму і жалезнай дысцыпліны.

Праз свой немалы рост (190 см) Мілінкевіч зь фірмовай усьмешкай нахіляецца да суразмоўніка. У ім няма ганарлівасьці, але адчуваецца высакародзтва. Чатыры пакаленьні ягоных продкаў былі настаўнікамі.

Мілінкевіч не трыбунны аратар. Ён ня чэша як па-напісанаму. Ён робіць паўзы, спачатку думае, а потым гаворыць. Ён ужывае мінімум рытарычных фігур. Які рэзкі кантраст да бясконцага вісклівага маналёгу, што цягнецца ад 1994 году!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0