Калі я пачула ад сябра, што Эўракамісія прыняла рашэньне аб вяшчаньні на Беларусь па-расейску, заплакала ад бясьсільля.

Цяжка давесьці непрактычнасьць гэтага рашэньня людзям, якія прывыклі да панятку «эфэктыўная палітыка». Ланцужок, на іхні погляд, счэпліваецца так: перадача выходзіць на расейскай мове — яе разумеюць усе — усе дэмакратызуюцца. А далей дэмакратычная нацыя сама вырашае, што ёй рабіць з мовамі.

Але аксамітныя рэвалюцыі ва Ўсходняй Эўропе былі ня столькі сацыяльнымі, колькі рэвалюцыямі годнасьці. Этнасы рабіліся нацыямі, а нацыі не маглі стаяць на каленях і радавацца таму, што давалі. І беларусы здолеюць ацаніць такія абстрактныя рэчы, як грамадзянскія свабоды й правы чалавека, толькі калі да канца стануць нацыяй.

У іншым выпадку мы маем справу з насельніцтвам — сукупнасьцю простых людзей. А нашто простаму чалавеку абстракцыі — мова, гісторыя, спадчына, гонар, сьвядомасьць, правы, свабоды? У яго ёсьць усё, што патрэбна: мір, стабільнасьць; дзяржбюджэт у прафіцыце, ураджай уга-га, ВУП расьце; бытавую тэхніку, эўрарамонт, мабілкі, аўто, дачу бальшыня могуць сабе дазволіць. Адукацыя й мэдыцына — даступныя. На пахаваньне (!) кожнаму грамадзяніну Беларусі дзяржава выдзяляе $200 дапамогі. Чалавек ахутаны дзяржавай, бы коўдрай. А што пад коўдрай халаднавата й паветра сьпёртае — дык ня ў казку ж патрапілі. Гляньце, што робіцца ў сьвеце, — страшна тэлевізар уключыць! А ў нас ціха, пабожна і многа духоўнасьці — «Дажынкі», «Славянскі базар», «День белорусской письменности» (так і пішуць).

Чым радыё «Эўра» заахвоціць беларусаў да дэмакратыі? Тым, што немцы жывуць лепей? Дык на тое ж і немцы! Як для беларусаў, мы і так добра жывём, ніколі так не жылі. Што, пры ВКЛ? Дзе тое княства, і што нам да «лабусаў»?

Эўропа мае падтрымаць беларускую мову, сьвядомасьць і культуру. Калі яны хочуць мець справу з вольным народам, а ня з тым, што ёсьць цяпер.

Дарэчы, Лукашэнка і кумпанія аказаліся значна разумнейшыя за эўраспадарства — яны пасьлядоўна, няспынна, нястомна вытручваюць з масавай сьвядомасьці мову й гісторыю. За адзіннаццаць гадоў у гэтым кірунку не было ніводнай саступкі, ні ценю ваганьня або непасьлядоўнасьці — ад рэфэрэндуму 1995 г. да ператлумачваньня сэнсу Незалежнасьці, да абезыменьваньня праспэкту Скарыны. На Ганебным рэфэрэндуме галоўны вораг няволі быў вызначаны беспамылкова.

Уласная мова й культура — тое самае, што ўласная валюта з нацыянальнымі героямі на купюрах. Нацыя зарабляе, купляе і плаціць, жыве для сябе і на свае.

Што толку, што ў нас 17% людзей маюць вышэйшую адукацыю, а ў заходніх суседзяў па 9—10%? У іх людзі працуюць на ўласны дом, а ў нас і дому няма, значыць «быць месцу гэтаму пусту».

Хто з «нацыяналістаў» здолее растлумачыць такія рэчы нашым суродзічам, савецкім беларусам, якія нас успрымаюць як кот бляшанку, прывязаную да хваста? Насельніцтва гэтага не разумее. Дастаткова, каб разумела эліта.

Мы прывыклі з павагай і зайздрасьцю глядзець на Захад — як на лепей уладкаваны сьвет. Апошнія рашэньні Эўракамісіі зрабілі гэты погляд больш горкім, але й больш мудрым.

Шкада, але «ні цар, ні царэвіч, ні кароль, ні каралевіч, ні шавец, ні герой» нас ня вызваляць. Усё давядзецца рабіць самім, а самі мы вялікія маруды, няхутка ўправімся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0