У Нацыянальным музэі гісторыі і культуры адкрылася выстава “слуцкіх паясоў”.
На выставе дэманструюцца шыкоўныя залата- і срэбратканыя шаўковыя паясы, зброя, якая адпавядала тым паясам, партрэты стваральнікаў мануфактур па ўсёй былой Рэчы Паспалітай, што выраблялі паясы, людзей, што іх насілі, вобразы сядзіб і палацаў з твораў Напалеона Орды. У невялікай залі сабраны цэльны вобраз эпохі.
Шляхецкі кунтушовы пояс разам з будынкам ратушы ў цэнтры места ўвасабляў сымбаль свабоды і культурнай традыцыі. Паясы мусілі выйсьці з ужытку разам са шляхецкім строем з прычыны абавязковага пераходу да дваранскіх касьцюмаў Расейскай імпэрыі, дзе існаваў напаўвайсковы парадак уніфікаваньня касьцюмаў у службовую форму. Але кунтушовы пояс занадта значыў, каб папросту зьнікнуць. Таму й вырабляліся пасьля прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня срэбна-зялёныя кунтушовыя паясы: срэбра — воля, зелень — май, вясна. Празь некалькі год, па забароне кунтушовага строя, пояс зрабіўся сымбалем фронды, непадпарадкаваньня. Паясы рэзалі на кавалкі і выкарыстоўвалі паўторна ў дэкараваньні адзеньня сьвятароў. Грамада зьбіралася на малітву ў храме — а перад ёй на сьвятарскіх убраньнях зіхацелі залатым і сярэбраным шытвом знакі свабоды.
Выдатную экспазыцыю падрыхтавалі Ўладзімер Кандрацьеў і Ірына Зварыка.
Выстава працуе штодня да 13 сьнежня, апроч серады, з 11 да 18-й гадзіны.