Што такое Дзікае Паляваньне? Гэта ўлада жаху, які паралізуе. У Купалаўскім — спэктакль паводле Караткевіча.
Чаму менавіта «Дзікае паляваньне»? Чаму менавіта зараз? Толькі таму, што Караткевічу сёлета 75 гадоў? І што ўласна яны хацелі гэтым сказаць? Прэм’ера спэктаклю «Дзікае паляваньне караля Стаха» адбылася 30 верасьня на Малой сцэне Купалаўскага тэатру.
Займае дух ад асабістай сьмеласьці рэжысэра Ўладзімера Савіцкага: як на такой літаральна малой сцэне можна перадаць маштабны кінэматаграфічны сюжэт? Перадаць, каб мароз па скуры ад пошчаку дзікага паляваньня, вусьціш ад шоргату ў цёмных замкавых лябірынтах? З спэцэфэктамі ўсё ў парадку: сцэна-памост, якая адначасова і замкавая брама, і ходнікі, што калоцяцца ад конскага тупату, і стол, і часам уся Волатава Прорва. Сьвятло, у якім героі зьяўляюцца і зьнікаюць. Касьцюмы-балахоны, што ператвараюць баль правінцыйнае арыстакратыі ў бяствары натоўп манэкенаў, прывязаных да дрыкгантаў дзікага паляваньня. «Бандыцкія» пальчаткі, чорныя з абрэзанымі пальцамі, на руках прыслужнікаў караля Стаха — нават калі апошнія зьяўляюцца ў зусім бяскрыўдных іпастасях. І — харэаграфія, якая дазваляе рассунуць маленечкі лапік сцэны да памеру верасовых пустак (плястычнае вырашэньне — Яўгенія Кульбачная).
Купалаўцы сьцьвердзілі: пастаноўка «Дзікага паляваньня» на тэатральнай сцэне магчымая. І ўсе свае сілы яны паклалі на адаптацыю тэксту і тэхнічнае яго ўвасабленьне.
Але апроч падлогі, якая раскрываецца, і сюжэту, які ведаеш з кніжкі, хочацца бачыць у пастаноўцы паводле знакавага тэксту — падтэксты, кантэксты, знакі часу. Хочацца чуць падказку Караткевіча, яго адказ на актуальныя пытаньні. Хоць бы нейкі намёк на сёньняшні дзень. Словы пра народ Андрэй Беларэцкі (Раман Падаляка) прамаўляе з пафасам, вартым 1980-х. Па сцэне туляецца малавыразны Дубатоўк (Ігар Дзянісаў), сьледам — Варона (Павал Яскевіч), у якога пасьля фінальнае бойкі на твары зьяўляецца галівудаўская кроў. Але што з таго? Сярод гасьцей маёнтку Балотныя Яліны заўважаецца нейкі «Фларыян Басяцкі з жонкай». Сьмешна, калі гэта жарт. Маналёгі Надзеі Яноўскай, раскладзеныя між акторкай (Ганна Хітрык) і яе лялькай — удалая тэхнічная прыдумка. Але што з тых дробных пэрлаў, апроч пацехі для шаноўнае публікі? Што розьніць Надзею Яноўскую ад, скажам, Зоські з «Раскіданага гнязда», пастаўленага ў мінулым стагодзьдзі? У спэктаклі не заўважаецца таго, што бачылася беларускаму воку ў «Тутэйшых» на пачатку 1990-х. Пераасэнсаваньня.
Што такое Дзікае Паляваньне? Гэта ўлада жаху, які паралізуе. Пакуль ты баісься, яно непераможнае. Гісторыя пра яго — адна з тысячы гісторыяў змаганьня чалавека з сваім страхам. Андрэй Беларэцкі рэжысэра У.Савіцкага перамагае свой страх так: знаходзіць Рыгора, хлапчыну ў скуры ваўчынай, і разам яны тоўстымі вяроўкамі вяжуць Дубатоўкаву шляхецкую банду. Што мог бы значыць у наш час спэктакль пра выміраньне шляхты і як зрабіць так, каб ён нешта значыў?
Надзея Яноўская хаваецца ад свайго страху ў вар’яцтва. Амплюа яна падмацоўвае фразамі адсутнай у спэктаклі пані Кульшы. А паратунак знаходзіць, вядома, у каханьні. Фінальная сцэна вартая фільму «Тытанік»: абдымкі, вецер гуляе валасамі й строямі. Ды Капрыё і Кейт Уінсьлет у галоўных ролях. Але гэта яшчэ не канец. Як працяг спэктаклю, глядзіцца авацыя публікі ў маленечкай залі. Любая беларуская імпрэза ў наш час вартая сур’ёзных авацыяў. Разуменьне недайграных акторамі сэнсаў чытаецца на тварах гледачоў. Пасол ЗША ў Беларусі Джордж Крол ідзе да сцэны з кветкамі. Караткевіч ацаніў бы такі фінал.