Ці ж маўчаньне праваслаўных і каталіцкіх ярархаў Беларусі, калі ўлады душаць Эвангельскую царкву, гэта справядлівасьць у дачыненьні да самога Хрыста?

І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і не вучыць у імя Ісуса.Але Пётар і Ян сказалі ім у адказ:«Памяркуйце, ці справядліва ерад Богам — слухацца вас болей, чым Бога?»

Дзеі Сьвятых Апосталаў 4:18—19

«Абсяг рэлігійнае талеранцыі нашае дзяржавы няўмольна памяншаецца», — кажа Вячаслаў Ганчарэнка, пастар пратэстанцкай суполкі «Новае жыцьцё». На фоне апошніх падзей — ліквідацыі ўладамі ажно дзьвюх цэркваў, Беларускай эвангельскай і Эвангельска-рэфармацкай, пазбаўленьня царквы «Новае жыцьцё» культавага будынку — выказваньне пастара выглядае даволі памяркоўным. Мабыць, трэба казаць не пра памяншэньне абсягу талеранцыі, а пра ўстойлівую дыскрымінацыю пратэстанцкіх супольнасьцяў і нават пра наяўнасьць у краіне добра распрацаванай стратэгіі ліквідацыі пратэстанцкіх рэлігійных традыцый. Традыцый, якім — прыгадайма — пад пяцьсот гадоў.

Рэпрэсіўныя захады супраць эвангелістаў пачаліся ў Беларусі даўно. Ужо ў траўні 2001 г. беларускія эвангелісты зьвярнуліся да ўсіх хрысьціян з просьбай аб малітве, бо ў айчынных мас-мэдыя пачаліся нападкі на Эвангельскую царкву. Нярэдка можна было сустрэць у дзяржаўных СМІ азначэньне «сэкта» ў дачыненьні да пяцідзясятнікаў, часам яны прыраўноўваліся да сатаністаў. Тры гады таму ўлады пачалі сыстэматычны перасьлед удзельнікаў малітоўных спатканьняў, што арганізоўваліся — зь вядомых прычын — у прыватных кватэрах. Так, у красавіку 2003 г. была аштрафавана пэнсіянэрка Ганна Лукашэня ў Баранавічах за тое, што ў яе хаце адбываліся набажэнствы, а празь месяц аштрафавалі за тое самае інвалідку Яўгенію Савашчэню. «Праваахоўнікі» нярэдка зрывалі эвангельскія богаслужэньні, запалохваючы пры гэтым ні ў чым не вінаватых вернікаў.

Вышэйзгаданыя факты варта зьвязаць зь іншымі. Ня так даўно, як пісала «НН», дамініканцы арганізоўвалі гістарычна-археалягічны летнік. У сувязі з нашым выездам у мясцовасьць Канюхі на Ваўкавышчыне да нас паступіў ад мясцовых уладаў сыгнал: ніякага прапаведаваньня, ніякага спавяданьня, ніякіх публічных богаслужэньняў! (Тады міжволі ўсплыла ў памяці рэпліка апосталаў Пятра і Яна: «Трэба слухацца болей Бога, чым вас».) Іншы прыклад з уласнага досьведу. У 1998 г. на Гарадзеншчыне праходзіў дзіцячы летнік, арганізаваны Каталіцкай царквой. У пэўны момант ад уладаў паступіў загад выключыць з праграмы любыя рэлігійныя мерапрыемствы — ранішнія малітвы, ружанец, імшу. У лістападзе 2002 г. два каталікі — Ігар Закрэўскі і Сяргей Пескін — былі арыштаваны за публічны пратэст супраць новага закону аб рэлігіі, які быў прыняты ў парлямэнце і падпісаны прэзыдэнтам у кастрычніку 2002 г. Прыгадайма, што гэты закон прызнаны Кестанскім інстытутам «найбольш рэпрэсіўным у Эўропе».

Але гэта ўсё яшчэ «кветачкі» ў параўнаньні з тым, што ўчынілі ўлады ў дачыненьні да Беларускай аўтакефальнай царквы ў ліпені 2002 г. Тады за дзень да асьвячэньня царквы ў Пагранічны (Бераставіцкі раён) зьявіліся ўзброеныя міліцыянты, потым прыбылі бульдозэры і цалкам разбурылі царкву.

Як усё гэта трэба інтэрпрэтаваць? Няма сумневу, што нядаўнія рэпрэсіі супраць эвангелістаў трэба разглядаць як праяву антыхрысьціянскае арыентацыі беларускага рэжыму. Як заўважыў аднойчы пяцідзясятніцкі біскуп-асыстэнт Навум Саханчук, рэпрэсіі ў дачыненьні да розных канфэсій трэба зьвязваць больш з атэістычным рэваншам, чым з імкненьнем падтрымаць праваслаўе. Гэтае меркаваньне пацьвердзіў і адзін з ананімных праваслаўных дзеячаў, які ў інтэрвію «Forum 18» адзначыў, што новы рэлігійны закон (што дзейнічае з кастрычніка 2002 г.) насамрэч ніяк не скіраваны на тое, каб пратэжыраваць праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату. «Сёньня атэісты кажуць, што гэты закон — супраць сэктаў, але насамрэч яны чакаюць толькі таго, каб пачаць перасьледаваць кожнага верніка», — гаворыць той самы праваслаўны дзеяч.

Такім чынам, усе абмежаваньні свабоды сумленьня трэба разглядаць як праяву «хрысьціянафобіі» або нават «хрыстафобіі», якая мае камуністычна-савецкі радавод і раз-пораз ажывае ў дзяржаўных структурах. Гэта рудымэнты таго самага ваяўнічага атэізму, які так доўга і настойліва пустошыў людзкія душы, прышчапляючы прынцыпы нянавісьці — клясавай, сьветапогляднай і ідэалягічнай. (Ваяўнічы атэізм трэба старанна адрозьніваць ад сьветапогляднага атэізму як аднаго з магчымых спосабаў сьветаразуменьня.)

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Хрысьціянства і ўзаемапранікненьне духоўных каштоўнасьцяў у Эўрапейскай супольнасьці», што адбылася 10 сьнежня 2004 г., сказаў: «…еднасьць Сьвятое Царквы зьяўляецца хрыстацэнтрычнай: у цэнтры яе безупынна знаходзіцца Богачалавек, Госпад наш Ісус Хрыстос, Які «ўчора і сёньня, і давеку Той самы» (Габрэяў 13:8). (…) У сёньняшніх умовах асаблівую актуальнасьць набывае ня толькі дыялёг хрысьціянскіх канфэсій, але і дыялёг прадстаўнікоў іншых рэлігій — тых рэлігій, якія вызнаюць Адзінага Бога Стваральніка». Вельмі падобныя разважаньні можна прачытаць і ў вакольніку Яна Паўла ІІ «Ut unum sint» (прысьвечаны еднасьці хрысьціян).

У сувязі зь сёньняшняй бядою эвангелістаў варта паставіць пытаньне, наколькі праваслаўныя і каталікі застаюцца вернымі экумэнічным дэклярацыям. Ці не зьяўляецца маўчаньне праваслаўных і каталіцкіх ярархаў перад абліччам цалкам відавочнай несправядлівасьці ў дачыненьні да Эвангельскай царквы адначасова несправядлівасьцю ў адносінах да самога Хрыста? Ці не аспрэчвае гэтае маўчаньне веру ў хрыстацэнтрычны характар Сьвятое Царквы, пра які гаварыў экзарх Філарэт, і ці ня гвалціць яно ідэі «ut unum sint» (хай будуць адно) Яна Паўла ІІ? Калі нарэшце экумэнізм перастане быць зборнікам дэклярацый, а стане неадлучным элемэнтам хрысьціянскага жыцьця?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0