У 1563 г. войска Івана Жахлівага ў часе Інфлянцкай вайны разрабавала Полацак. Цар бязьлітасна расправіўся з абаронцамі ды патапіў у Дзьвіне тры тысячы габрэяў. А каб умацавацца на акупаванай тэрыторыі, панабудоўваў на стратэгічных дарогах крэпасьцяў — Сокал, Усьвят, Казьяны, Туроўля, Сітна… У 1579-м Сьцяпан Батура, вярнуўшы Полацак, папаліў і ўсе крэпасьці Івана Жахлівага.

Усяго за кілямэтар ад вёскі Малое Сітна, на паўвысьпе паміж Палатою й возерам Ізмок, можна ўбачыць старажытнае замчышча — рэшткі абарончага валу, унутраны ляндшафт фартэцыі, ямы чорных капальнікаў… і яшчэ каменную пліту, на ўзор надмагільнае — цытую на мове арыгіналу: «В 1563 г. во время Ливонской войны здесь была построена крепость Ситно, которая явилась местом крупных сражений русской армии. Охраняется государством».

Вось так. Прыйшоў Батура, даў высьпятка акупантам — а праз чатыры з гакам стагодзьдзі ўдзячныя нашчадкі ўшанавалі тут «месца буйных бітваў расейскага войска».

Для мясцовых жыхароў «крэпасьць» — прадмет асаблівага гонару. А як жа! Наш цар, наша войска… Наша крэпасьць! На замчышчы спрабуюць адкапаць нейкія падмуркі, водзяць сюды з экскурсіямі заежджых і рэгулярна шукаюць скарбы.

Ад тае Сітны амаль нічога не засталося. Крэпасьць была драўляная й згарэла цалкам, людзей у ёй было няшмат, дый за 16 гадоў XVI ст. ці мог хтосьці з салдат схаваць свае грошы на чужой для іх зямлі?

Рэч ня ў гэтым. У кожнай беларускай мясьціне ёсьць свая «крэпасьць Івана Жахлівага». Капішча імпэрскага культу, свой манумэнт гістарычнай хлусьні. Свой апорны пункт акупантаў. Дзесьці гэта музэй Суворава, дзесьці капліца Пятра І, у Полацку — кірмаш «Стралецкі», паўсюдныя помнікі Леніну й адноўленыя «лініі Сталіна». Гэтыя фарпосты, расстаўленыя па беларускай зямлі, утвараюць цэлую сыстэму духоўнае акупацыі.

Вось і ў Сітне крэпасьць Івана Жахлівага дагэтуль (праз 440 гадоў!) спраўна функцыянуе, стаіць на варце імпэрскага міту ў галовах вяскоўцаў. І паглядзіце — які забясьпечвае кантроль над розумамі!

Колькі эўрапейскага вы знойдзеце ў гэтай вёсачцы амаль у самым цэнтры Эўропы? Дзясятак акуратных палісаднікаў, некалькі спадарожнікавых талерак ды пару іншамарак у супрацоўнікаў лясгасу?.. А вось спадчына азіятчыны скрозь і ўсюды. Самадурства начальнікаў ды рабства народу, павальны алькагалізм ды разваленыя платы, кволае земляробства ды дзікае зьбіральніцтва, сьмецьце, качэўніцкі мат і, у дадатак да ўсяго, пачуцьцё гонару за нашага цара Івана Грознага, які ў XVI ст. вось на гэтым самым месцы даў дыхту нейкім там ворагам расейскага народу. Дзе яшчэ ў Эўропе вы ўбачыце перапоўненыя бакі для сьмецьця проста на могілках? Драпежніцкую вырубку нясьпелага лесу, якому яшчэ расьці й расьці, на экспарт за капейкі?

Мае гістарычныя выкладкі пра нашага Сьцяпана Батуру, выгнаньне стральцоў і спаленьне Сітна сталі для вяскоўцаў грымотамі сярод яснага неба. Іван Грозны — захопнік?.. Зрабаваў Полацак?.. Крэпасьць — чужая?

Кажуць, на замчышчы, дзе стаяла крэпасьць Сітна, маюць будаваць царкву. Цудоўны адказ капальнікам і рабам няіснай імпэрыі: «Шукайце ж найперш Царства Нябеснай праўды яго, а ўсё астатняе дасца вам» (Мацьвея 6:33). Бо толькі Бог можа заняць у душах вясковых беларусаў тое сьвятое месца, якое стагодзьдзямі акупаваў прывід вялікай імпэрыі. Адно толькі хацелася б, каб набажэнствы спраўляліся па-наску. Каб не раздавалі там, як у Пакроўскай царкве ў Полацку, чарнасоценных лісткоў пра «плян Далеса для СССР», сьвятасьць Вялікай Русі ды сусьветную сіянісцкую змову. Бо тады гэта будзе проста адноўленая Крэпасьць Івана Жахлівага.

Каб такога ня здарылася, у 2006-м абавязкова трэба перамагаць!

в. Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0