З ілюзіямі ды маянэзам крутых дызайнэраў Уладзя Скамарошчанкі і Насьці Несьцярэнкі знаёмілася Тэда Лі.

Дома ў Вовы, Насьці і Шышачкі паціху загінаецца быт, і аб яго каварны рыф там можа разьбіцца любы човен. Затое сьцены апранутыя ў вялікія яскравыя карціны, а на галаве ў Насьці — новая фарба для валасоў. Дзяўчынка з поўначы і сын гарадзенскіх мастакоў разам жывуць і працуюць. Іх кампутары стаяць на небясьпечна блізкай адлегласьці, такой, што, здаецца, можна час ад часу перапаўзаць адно да аднаго на стол.

Калі паглядзець на іх гаспадароў, магчымымі здаюцца любыя вар’яцтвы. Згадаўшы пра голад, яны пачынаюць варыць суп і адначасова фатаграфаваць яго, скардзячыся на ката Шышачку, які бессаромна загаджвае ўсю хату і зьяўляецца самай нахабнай чорнай мордай на Зямлі. За гарбатай Вова адчыняе бясконцыя тэчкі са сваімі працамі на кампутары і распавядае пра творчасьць, Бэрлін, маянэз, Вераніку Круглову і Хібіны. Насьця, страляючы па віртуальных самалёціках, пастрэльвае ў нас хітрым поглядам з-за свайго стала. Час ад часу яна ўпрошвае Шышачку ня жэрці кампутарныя драты і далучаецца да Вовавых аповедаў.

Праца, якая зьела час

Выбавіць Насьцю з Вовам у горад на вечаровыя гулі апошнім часам стала немагчыма. Увесь час праглынае бясконцая праца, а адпачынак, паводле тлумачэньняў Вовы, цяпер найлепш атрымліваецца ў цішыні. У той вечар, калі я прыехала да іх са сваімі пытаньнямі, Вова з Насьцяй доўга раіліся, ці ехаць на электронную вечарынку. І абое вырашылі, што ня варта, хоць з Насьцяй я пазнаёмілася менавіта на такой імпрэзе. На пытаньне, чым такім важным яны займаюцца, Вова кажа:

— Мы — крутыя дызайнэры. Так і напішы. Мы займаемся дызайнам усяго: ўэб-дызайнам, паліграфіяй, выконваем усе рэклямныя паслугі.

Кола замоўцаў у крутых дызайнэраў велізарнае. Плякаты, паказальнікі, лістоўкі, лягатыпы, пакецікі, этыкеткі ў іх замаўлялі хлебазавод і маргарынавы завод, абутковая крама, банк, галерэя расьлін, друкарня, БРСМ і чорт ведае хто яшчэ. Насьця і Вова ўсіх не прыпомняць, тым больш што замовы хутка зьмяняюць адна адну, некаторыя выконваюцца сумесна, некаторыя — паасобку.

— Усе гэтыя дзяржаўныя канторы, розныя заводы, — абураецца Вова, — жывуць па старых саўковых стандартах. Яны арыентуюцца на пакупніка з гэткімі ж густамі, у іх адсутнічае ўсялякае ўяўленьне пра эўрапейскі рынак, пра магчымасьці дызайну.

— Мы можам прыдумаць вельмі крутое, моднае, прыкольнае афармленьне, — кажа Насьця. — Іншая рэч, што яны прыкольнага не разумеюць.

Апошнім часам ў Вовы і Насьці шмат замоваў розных прадуктовых пакункаў (скрыначкі для печыва, пакецікі для маянэзу). Раней яны ніколі гэтым не займаліся, а цяпер нечакана падвярнуліся такія прапановы.

— Людзі нейкія — дубы, — наракае Насьця, — галоўнае — купіць і зьесьці, а ў што гэта запакавана, увагі не зьвяртаецца.

Таму і дызайн замаўляецца самы прымітыўны. Незразумела толькі, навошта тады яго ўвогуле мяняць?...

Бываюць больш творчыя замовы. Напрыклад, афішы, флаеры на вечарынкі. Іх замаўляюць тусовачныя чувакі для ўласнага задавальненьня.

Самы лепшы заказчык, на думку крутых дызайнэраў, — той, які разумее, што нічога не разумее, і дазваляе ім спакойна выконваць сваю працу.

— Чаго ты пытаесься пра гэтую бытавуху? — злуе на мяне Вова. — Гэта ж зусім не цікава. Лепш пра творчасьць пагаварыць.

І я ўжо баюся яго не паслухацца.

Фатаграфія і Бэрлінская свабода

— У мяне ў тым пакоі малюецца карціна, — прамаўляе Вова загадкавым голасам.

Сёлета ён заканчвае акадэмію. Малюе «па-жывому» цяпер вельмі рэдка. Усё праз працу. Хаця цікава і алеем, і на кампутары. Усё захапляе.

А яшчэ Вову захапляе фатаграфія. Сказаць, што ў яго гэта хобі, язык не павернецца.

— Я раней плёнку ў дзень фатаграфаваў, — кажа ён. — Набываў крыху папсаваныя чорна-белыя плёнкі і «Зэнітам» здымаў. Быў час, нават зарабляць гэтым спрабаваў — фатаграфаваў рок-гурты. Але цяпер здымаю толькі дзеля мастацтва і дзеля сябе. Ня трэба мне, каб усе крычалі, які я зашыбенны мастак, і адвальвалі мне кучу грошай за гэта.

Нядаўна ў Менску ў «Goete gallery» адбылася выстава яго партрэтаў, летась і пазалетась Вовавы фатаздымкі выстаўляліся ў Бэрліне. Пра Бэрлін у яго засталіся адметныя ўражаньні:

— Уяўляеш, там у цэнтры гораду стаіць пяціпавярховы дом, ён увесь належыць мастакам. Там майстэрні, галерэі, салёны, ёсьць бар і танцпляцоўка. Тусуюцца ў асноўным людзі мастацтва: дызайнэры, мастакі, акторы, можа быць. І ўсё, што там адбываецца, такое свабоднае, «незапаранае». А ў Беларусі свабоды катастрафічна не хапае, яна існуе толькі на нейкім лякальным узроўні.

Нашу схему станаўленьня мастака Вова лічыць жудасна калгаснай. Усе гэтыя стэрэатыпы «скончыў акадэмію — выставіўся ў Палацы мастацтваў — стаў крутым мастаком» такія саўковыя, што і гаварыць пра гэта сумна.

— Можна стаць супэрпрафэсіяналам, нідзе не вучыўшыся. А можна скончыць акадэмію і быць поўным г…

Вова і Насьця рана ці позна адсюль зьедуць. Для пачатку плянуюць у Піцер. Ехаць жыць у Эўропу стрымлівае моўны бар’ер.

— Я добра ведаю толькі беларускую мову, — усьміхаецца Вова. — У расейскай зусім непісьменны.

Чалавек унутры воблака

— Людзей, у якіх ёсьць шмат сродкаў, звычайна стрымліваюць іх абавязкі, — апавядае Вова. — Яны маюць шмат магчымасьцяў, але ня могуць скарыстаць і паловы. Як было б файна, калі б можна было рабіць тое, што хочацца. Можна было б паехаць куды-небудзь на два гады, жыць там, займацца творчасьцю, адтуль падарожнічаць, а пасьля зьехаць у новае месца, мяняць краіны, умовы… Але мне цяпер гэта ўяўляецца проста нерэальным. Я думаю, ва ўсім сьвеце няшмат людзей, якія сабе дазваляюць так жыць.

Адзін рай на Зямлі Вова мне выдаў — гэта горы Хібіны на Кольскім паўвостраве. Разам са студэнтамі акадэміі ён там быў два разы. Адпачываў ад кампутараў, глытаў цішыню і фатаграфаваў усё навакольле. Кажа, што Насьця ня вельмі захапляецца гарамі.

— Там цывілізацыі няма, — тлумачыць яна.

— Бачыш гэтую фотку, — гартаючы фатаздымкі, Вова спыняецца на адным. — Гэта я залез на вяршыню і фатаграфаваў суседнюю гару, якая патанула ў воблаку. Праз хвіліну я ўжо сам быў унутры яго.

Рэкляма ўласных ілюзій

Сярод замоваў, якія дызайнэры рыхтуюць для кліентаў, і работ, якія ўжо дайшлі да спажыўца (маянэз, алей і соўсы ў вова-насьцістых пакетах можна набыць у любой краме), праскокваюць зусім адвязаныя рэклямы і афішы, і адразу хочацца спытацца:

— А гэта некуды пайшло?

— Гэта толькі для сябе, — кажа Вова. — Вось такія фантазіі.

«Vialiki bieщaruski circus», — напісана на афішы, якая мусіла б вісець на будынку менскага цырку замест кагосьці там «на льду»: «Клоўны нападаюць, трымайся, хто можа».

— Але наш цырк цяпер не дазволіць сабе такіх афіш. Усё мусіць быць кандова, як за Саветамі.

Наступная афіша запрашае патусіць у абстрактны начны клюб «О-клаб», у якога нават ёсьць свой значок, а не хапае зусім крыху — памяшканьня, музыкі ды тусоўкі. На Вовавай рэкляме «Гарызонту» — тэлевізара для ўсёй сям’і» перад тэлекам сабралася сям’я: Вераніка Круглова, Алезіс зь дзіцем, нейкія бабуля зь дзядулем.

Дарэчы, зь Веранікай Кругловай у Вовы з Насьцяй свае дачыненьні. Быўшы ў Нямеччыне, гэтыя двое начавалі ў сьпявачкі дома. Сярод фотапартрэтаў Вовы, якія выстаўляліся ў Менску, — два Веранічыны. Дарэчы, дызайн усіх дыскаў «Kriwi», перавыданьне якіх рыхтуецца ў найбліжэйшы час, робіць Вова. Ён нават паказаў мне свае мінімалістычныя напрацоўкі.

На кухні Насьця загаворвае пра тое, што ніяк не выкраіць часу, каб пашыць паліто. Вова адразу нагадвае, што ня шкодзіла б пашыць і яму, і тлумачыць:

— Насьця — супэрмодны дызайнэр, не загружаны аніякімі канонамі.

Ад Насьці з Вовам я сыходжу зь дзіўным настроем і падарункам у кішэні. Засмучаная тым, што ім не даюць распраўляць крылы напоўніцу, і радасная праз тое, што такія «крутыя наварочаныя супэрдызайнэры» ўвогуле ёсьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0