Раніцай 23 верасьня на менскі Галоўпаштамт завітала нямала шахматыстаў. На прэзэнтацыі першых у краіне марак з шахматным зьместам былі заўважаны экс-чэмпіёны Беларусі Вячаслаў Дыдышка і Андрэй Малюш, трэнэр нацыянальнай зборнай Георгі Бугрым.

Выпуск шахматных марак (агульны наклад — больш за 70 тыс.) упісваецца ў канцэпцыю дзяржаўнай прапаганды беларускага спорту. «Было крыўдна, што на марках асьвятляліся іншыя віды, а шахмат не было», — зазначыў А.Малюш. Загадчыца выдавецкага цэнтру «Марка» паабяцала, што неўзабаве выйдуць і знакі паштовай аплаты, прысьвечаныя шашкам. Адсутнасьць на прэзэнтацыі непасрэднага выканаўцы — Шаміля Хайруліна, аўтара вядомай cярод філятэлістаў «чарнобыльскай сэрыі») — тлумачылася тым, што мастак — не публічны чалавек.

Блёк зь сямі марак наміналам па 500 руб. аздоблены надпісамі на тузіне моваў. Крыху эклектычныя гравюры — сумесь барока і готыкі — выяўляюць абстрактных мужчыну і кабету ў сярэднявечных касцюмах, якія перасоўваюць фігуркі. Акурат ілюстрацыі да паэмы «Шахматы» паэта XVI ст. Яна Каханоўскага.

Леў Коласаў, старшыня Саюзу філятэлістаў, задаволены задумкай мастака: «Праца ішла прыкладна год, было шмат варыянтаў, і вырашылі паказаць старажытнасьць».

Зважаючы на кошт, маркі патрапяць у «далёкае замежжа». Магчыма, замежнікам было б цікавей убачыць беларускіх «гросаў»? Л.Коласаў удакладніў, што жывых людзей — калі гэта не каралі і не прэзыдэнты — малююць на марках дужа рэдка. «Сярод шахматыстаў выняткамі былі Карпаў, Каспараў, аднак у Беларусі няма такіх вялікіх мэтраў. Іх ня ведаюць у сьвеце».

Філятэлісты прагназуюць, што наклад хутка разыдзецца, хоць рарытэтнымі выкшталцоныя буклеты і ня стануць — «мо гадоў празь пяцьдзясят». Дарэчы, у Беларусі няма людзей, якія зьбіралі б выключна маркі на тэму шахмат. Быў адзін энтузіяст, Анатоль Парнас, аднак ён эміграваў у ЗША. У сьвеце ж шахматнае калекцыянаваньне дужа папулярнае — дзейнічае нават сусьветная асацыяцыя аматараў шахматных артэфактаў. Знаным філятэлістам зьяўляецца чэмпіён сьвету 1975—1985 г. Анатоль Карпаў — кажуць, нават падарыў некалькі рэдкіх асобнікаў Лукашэнку.

Дзяўчына з Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках на прэзэнтацыі выказала спадзяваньне, што зьяўленьне марак дапаможа завабіць вучняў у яе цэнтар. Дазволім і мы сабе трохі наіўнасьці: у год Караткевіча сувязістам варта было б адлюстраваць шахматныя паядынкі з «Ладзьдзі Роспачы»…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0