Хоць Кангрэс мусіў пачацца толькі ад 14-й, жыцьцё ў палацы віравала ад сёмай ранку. На рэгістрацыю стаялі даўжэзныя чэргі дэлегатаў, валянтэры спрытна пакавалі тэчкі матэрыяламі кангрэсу, кніганошы прадавалі літаратуру й музычныя дыскі. Ахову будынку забясьпечвалі сорак хлопцаў з «Правага альянсу». Цягам двух дзён яны неназойліва, але прафэсійна адсочвалі ўсіх выпадковых людзей і ахоўвалі ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Калі інцыдэнты і адбываліся, дык толькі па-за сьценамі будынку. Напрыклад, выступ тэатральнай каманды, якая сілком пхала ў рукі дэлегатам блакітныя паветраныя балёнікі, пасьля чаго прадэманстравала для тэлекамэраў БТ і АНТ «пацалунак геяў». Адзін з «геяў» цішком выцер вусны, а журналісты брахалавак з пачуцьцём выкананага абавязку паехалі рабіць «матэрыял пра Кангрэс».

У гэты час у цесным пакойчыку, набітым журналістамі, кіраўніцтва АГП праводзіла пасяджэньне. Было пастаноўлена патрабаваць, каб кангрэс быў сталым органам, дэлегаваўшы паўнамоцтвы па вырашэньні бягучых пытаньняў будучай палітычнай радзе. Толькі з такой умовай Анатоль Лябедзька пагадзіўся падпісаць палітычнае пагадненьне. АГП не задавальняла пазыцыя Алеся Мілінкевіча, які заявіў, што кіраваць кампаніяй адзінага кандыдата мусіць штаб, які павінен мець жорсткую вэртыкальную структуру — каб унікаць гаварыльні і безадказнасьці.

У кулюарах кангрэсу цокаў новы лідэр расейскага Саюзу правых сіл Мікіта Бялых: «Да апошняга моманту ня верыў, што зьбярэцца столькі людзей». Пытаньне, дзе дэмакраты маюць больш працы — у Расеі ці ў Беларусі, — сп.Бялых назваў складаным: «Казаць пра дэмакратычныя пэрспэктывы Расеі цяпер рана. Але сама надзённая праца ў беларускіх дэмакратаў больш складаная, хоць агульная сытуацыя больш спрыяе Беларусі».

Сутычкі й кампрамісы

Заля набітая бітком. Балькон упрыгожаны транспарантам «Разам — за свабоду і перамены» і выявай мапы Беларусі з сэрцам усярэдзіне. На сцэну выходзіць тузін фотакарэспандэнтаў ды тэлеапэратараў — яны здымаюць прэтэндэнтаў ды VIP-асоб у першых шэрагах. Мілінкевіч зьяўляецца ў залі зь невялікім спазьненьнем і адразу сутыкаецца з павышанай увагай прэсы. Карэспандэнты атачаюць яго шчыльным колам. Раптам гучыць музыка — мэлёдыя з «Полацкага сшытку». Яна многім незнаёмая, але настолькі ўрачыстая, што ўсе ўстаюць. На сцэну выходзяць Зінаіда Бандарэнка і намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі. Голас народнай артысткі не згубіў сваёй мяккасьці, нават словы «антыдэмакратычны рэжым» гучаць зь яе вуснаў як страшылка з казкі. А.Дабравольскі асьляпляе залю фірмовай усьмешкай.

Першым слова даецца кіраўніку аргкамітэту кангрэсу Аляксандру Бухвоставу. «Па-беларуску гавары!» — гукнуў нехта з балькона. Прамоўца праглынуў папрок, але й заля не падтрымала абструкцыі. Кан- грэс — вялікая навука кампрамісаў, і радыкалаў тут успрымаюць як правакатараў.

У той час як Зінаіда Бандарэнка зачытвае прывітаньне ад віцэ-сьпікера Эўрапарлямэнту Януша Анышкевіча, які гаворыць пра пераемнасьць традыцый БНР і першых гадоў новаабвешчанай беларускай незалежнасьці, у залю ўрываецца Андрэй Клімаў, які здолеў атрымаць двухдзённы водпуск ад «хіміі». Ён вылятае на сцэну з букетам лілеяў, прэзэнтуе яго З.Бандарэнцы і пад авацыю займае месца ў залі.

Сьвятло гасьне, на сцэну выплывае вялікі экран, і да залі зьвяртаецца Павал Севярынец. За ягонай сьпінай — лясны краявід. Менавіта тут, на мяжы краіны, кажа Севярынец, найбольш адчуваеш глыбіню беларускай душы. «І ў гэтай глыбіні душы, як з падзем’я, як стогн — Беларусь чакае…» Наступнае відэапрывітаньне — ад Міколы Статкевіча. Ён кажа жорсткія словы, адрасаваныя тым, хто ставіць пад сумнеў легітымнасьць кангрэсу: «Ня верыце ў перамогу — адыдзіце ўбок».

Пасьля прывітальных слоў ад гасьцей з Украіны, Расеі (лідэр СПС абяцае тысячу актывістаў у каманду адзінага кандыдата для вядзеньня выбарчай кампаніі, але гэта, бадай, не дазволена законам) надыходзіць час выступленьняў лідэраў партый.

Пасьля Вінцука Вячоркі з Партыі БНФ і Алены Скрыган ад камуністаў на сцэну выходзіць старшыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. «Малады Фронт падтрымлівае Мілінкевіча. Але мы гатовыя працаваць на любога кандыдата, апрача камуністаў!» — крычыць ён сарваным на пікетах голасам. У залі шум, выгукі «Ганьба». Яўна на адрас Дашкевіча, а ня вучняў Маркса. А.Скрыган разводзіць рукамі ад разгубленасьці. В.Вячорка пачынае на сцэне ёй нешта тлумачыць. Падтрымка адзінага кандыдата, кім бы ён ні быў, — галоўны прынцып яднаньня, безь якога кангрэс губляе сэнс.

Сам З.Дашкевіч на радзе «Маладога фронту» галасаваў за падтрымку А.Лябедзькі, і ягоны дэмарш на сцэне служыць чорную службу А.Мілінкевічу. Дарма сустаршыня «МФ» Сяргей Бахун будзе ў перапынку пэрсанальна прасіць прабачэньня ў кожнага з сустрэтых ім камуністаў: «Гэта было прыватнае меркаваньне Дашкевіча, не арганізацыі».

Ідэйная вэртыкаль

Другі дзень распачаўся з выступаў прэтэндэнтаў. Паводле лёсаваньня, першым трымаў слова А.Лябедзька. Старшыня АГП паабяцаў у выпадку посьпеху на прэзыдэнцкіх выбарах імкнуцца зрабіць Беларусь «нэўтральнай, як Швайцарыя, і заможнай, як Нарвэгія». Прысягу ісьці да перамогі ён прынёс на Бібліі, Канстытуцыі-1994 і томіку твораў Быкава.

Сяргея Калякіна прадстаўляў прафэсар Беларуска-расейскага ўнівэрсытэту з Магілёва Валеры Беразіенка. Камуністы адказалі маладафронтаўцам ударам на ўдар: «Я ўпэўнены, што перадвыбарную кампанію Сяргей Іванавіч арганізуе самым лепшым чынам, а крыкі і размахваньне бел-чырвонымі сьцягамі не дабавяць ніводнаму нашаму кандыдату галасоў». Выступ Беразіенкі быў перарваны сьвістам.

Залагоджваць эмоцыі давялося самому Калякіну. «Мы не такія з вамі моцныя, каб пасварыцца з-за сур’ёзных рэчаў, якія не зьяўляюцца галоўнымі сёньня. Мы мусім сканцэнтраваць намаганьні дзеля таго, дзеля чаго тут сабраліся, — каб вярнуць Беларусь на шлях дэмакратыі», — грымеў ён пад авацыю залі.

Уражвала, што Калякін зусім не гаварыў пра сябе, а выключна пра важнасьць згуртаваньня вакол адзінага кандыдата, хто б ім ні стаў.

Выступ Алеся Мілінкевіча, як і Лябедзькаў, пачаўся зь відэапрэзэнтацыі, адзьнятай на ягонай малой радзіме — у Берштах. «Будзе сур’ёзная вайна, а на вайне не бывае шматуладзьдзя», — сказаў ён. Так ён адказаў на патрабаваньне лідэраў АГП паставіць дзейнасьць штабу адзінага кандыдата пад кантроль органаў, створаных кангрэсам.

На думку Мілінкевіча, лукашэнкаўскай уладнай вэртыкалі трэба проціпаставіць ідэйную дэмакратычную вэртыкаль. Толькі так можна перамагчы. «Хто супраць жалезнай дысцыпліны, хай той за мяне не галасуе», — папярэдзіў ён.

Мілінкевіч кантраставаў з папярэднімі аратарамі. Ён амаль не жэстыкуляваў, гаварыў ня гучна, бяз хатніх нарыхтовак, і яўна хваляваўся. Ён зрабіў акцэнт на традыцыйных каштоўнасьцях — свабода, мова, культура, беларуская школа, прыстойнасьць. «У 1991-м Беларусь стала незалежная. У 2006-м мы здабудзем Беларусі свабоду. Назаўсёды!» — адрэзаў ён у канцы. Заля выбухнула аплядысмэнтамі і зрабілася ясна, што Мілінкевіч на «перадвыбарах» сабраў найбольш прыхільнікаў.

Шушкевіч жартуе

Станіслаў Шушкевіч шмат жартаваў, чым дапамог залі ачысьціцца ад непрыемнага ўражаньня, пакінутага канфліктам камуністаў і маладафронтаўцаў ды недагаворкамі-непаразуменьнямі паміж камандамі Лябедзькі і Мілінкевіча. І, прадэманстраваўшы свае віртуозныя якасьці прамоўцы, ён выклікаў сапраўдны фурор рашэньнем зьняць сваю кандыдатуру на карысьць пераможцы. Заля пляскала стоячы.

Пачаліся прамовы прыхільнікаў кандыдатаў. «Вы ўсе чыталі маё інтэрвію? Я сказаў, што пераможа Мілінкевіч. Але сёньня я выступаю за Анатоля!» — узарваў аўдыторыю Клімаў. Яго падтрымаў Дабравольскі.

Навуковец Валянціна Трыгубовіч агітавала за Мілінкевіча. «Яму закідаюць, што ён не гаваркі. Ды хіба мы выбіраем гарманіста для калгаснай вечарыны?» — пыталася яна.

У цэлым агітатары за Мілінкевіча выступалі значна млявей за канкурэнтаў. Складалася ўражаньне, што каманда гарадзенцаў не рыхтавалася да дэбатаў ці недаацаніла супернікаў.

Камуністы ламалі стэрэатыпы

А вось агітатары за Калякіна былі падабраныя філігранна. Першай да трыбуны выйшла элегантная кабета, што зрабіла акцэнт на выдатных прамоўніцкіх і чалавечых якасьцях лідэра камуністаў. Другім на сцэне зьявіўся настаўнік з Маладачаншчыны, дэпутат райсавету сп.Бычак. Ягоны выступ на цудоўнай беларускай мове (лепшай за Вячоркаву, дайце веры) абверг стэрэатыпы пра антыбеларускасьць шараговых камуністаў. Заля вітала яго авацыяй.

Камуністы адзінагалосна падтрымалі рэзалюцыю ў абарону беларускай мовы. А С.Калякін паабяцаў авалодаць беларушчынай за два месяцы з дапамогай старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава.

Лябедзька ў ролі Тараса Бульбы

Надышла чарга адказаў на пытаньні. А.Лябедзька выкарыстаў нагоду, каб апраўдацца за ўдзел у камандзе Лукашэнкі. «Калі дэлегаты лічаць, што я яго спарадзіў, прашу вас, як Тарас Бульба, дайце мне шанец...». Зноў авацыя.

С.Калякін быў вымушаны тлумачыць, што сучасныя камуністы — зусім не сталіністы.

Толькі Алесь Мілінкевіч ня меў праблем са шкілетамі ў шафе, таму на пытаньні адказваў упэўнена. «А ці ты можаш?» — напісаў нехта ў адной з цыдулак. «Магу!» — адказаў Мілінкевіч. Магчыма, гэты жарт і перадвызначыў лёс Кангрэсу. Справу вырашаць літаральна некалькі галасоў.

Вырашалі галасы камуністаў

Нарэшце, галасаваньне. Першы тур. За С.Калякіна аддаюць галасы 152 чалавекі (18,7%), за А.Лябедзьку — 263 (32,3%), за А.Мілінкевіча — 383 (47,1%). 13 чалавек прагаласавалі супраць усіх.

Галоўнае пытаньне другога туру: за каго камуністы? Як «НН» стала вядома, ЦК ПКБ загадзя вырашыла ў выпадку другога туру падтрымаць А.Лябедзьку. З улікам партыйнай дысцыпліны камуністаў гэта схіляла шалі на карысьць АГП.

Пакуль падліковая камісія лічыла, у залі рабілі сабе піяр асобныя дэлегаткі і адзінокія палітыкі. Нарэшце на сцэну выходзіць Сяргей Альфер, намесьнік старшыні АГП. «Альфер сумны — Толік прайграў!» — гаруе мой сусед з чырвоным конікам на лацкане.

«Сярод 809 бюлетэняў выявілі 3 несапраўдныя. 391 голас быў аддадзены за Анатоля Лябедзьку, 399 — за Аляксандра Мілінкевіча». Заля ўзарвалася воплескамі, крыкамі «Жыве Беларусь!», замільгацелі ўспышкі фотаапаратаў — Мілінкевіч падняўся са свайго месца і, вітаючы залю, падняў рукі.

Першыя словы адзінага: «Я прыйшоў са сваёю жонкаю, якую завуць Іна», — патанулі ў аплядысмэнтах.

Першы сярод роўных

Адзіны кандыдат пачаў з выказваньня павагі да канкурэнтаў: «Сёньня я першы сярод роўных. Вельмі спадзяюся на вас усіх — незалежна ад таго, якія ў нас погляды, нацыянальнасьці, якой мовай гаворым, незалежна ад таго, да якога храму ходзім, якія кніжкі чытаем. Толькі ў адзінстве сіла. Я ўпэўнены, што мы пройдзем да агульнай мэты агульным шляхам, у гэтым залог нашай перамогі, у гэтым залог будучыні нашай краіны. Гэта сьвятое — воля, свабода, Беларусь! Жыве Беларусь!»

Словы Мілінкевіча пятнаццаць разоў перапыняліся аплядысмэнтамі. Найбольшыя прагучалі пасьля фразы «Я сьвята веру ў перамогу!» Засталося паспачуваць «Краме», якой пасьля сканчэньня Кангрэсу давялося іграць для напаўпустой залі. Большасьць дэлегатаў пакінулі яе ўсьлед за адзіным кандыдатам.

Падчас абвяшчэньня вынікаў было відаць, што А.Лябедзьку нялёгка даецца ўсьведамленьне таго, што ён саступіў. Яго можна зразумець — у любой краіне палітык, які аднойчы прайграў перадвыбары, рэдка калі мае шанец паўтарыць спробу. «Я хачу яшчэ раз пацьвердзіць, што абавязацельствы па кааліцыі мы выканаем, — запэўніў лідэр АГП на прэс-канфэрэнцыі. — Я ня мог прайграць Мілінкевічу. Для мяне пройгрыш быў бы толькі Лукашэнку».

«Я задаволены вынікамі галасаваньня, — кажа Алесь Шчарбак з Шклова, чалец БСДП «Грамада» Казуліна. — Мілінкевіч — свой хлопец, ён беларусам характарам блізкі».

Іна Кулей чакала мужа ля машыны. «Аляксандар — моцны лідэр, ён можа! — сказала яна карэспандэнту «НН». — Ён здольны весьці людзей за сабою. А на мяне, вядома, вялікая адказнасьць, бо ўжо заўтра яму трэба пачынаць працаваць».

Нарэшце, зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячах на ганку палацу зьявіўся сам кандыдат. Яго адразу абступілі людзі — старыя, моладзь. Ён ціснуў рукі, адбымаўся, фатаграфаваўся на памятку. І калі ён ужо сядаў у сваё няновае «Пэжо-605», і пакуль жонка праз груд людзей асьцярожна выводзіла аўтамабіль на вуліцу героя рэвалюцыі Лазно, перад палацам аўтабудаўнікоў не сьціхала натхнёнае «Жыве Беларусь!».

Трыадзінства кандыдатаў

А.Мілінкевіч прапанаваў кіраўніку АГП А.Лябедзьку ўзначаліць Нацыянальны камітэт (ценевы ўрад). Кіраваць выбарчым штабам адзіны кандыдат прапанаваў другому з сваіх ранейшых супернікаў — лідэру ПКБ С.Калякіну.

Вайтовіч пераацаніў сілы

У газэце «Народная воля» быў надрукаваны зварот руху «За вызваленьне Беларусі ад дыктатуры». У ім было напісана, што каардынатарамі руху будуць у Менску Зьміцер Дашкевіч з «Маладога фронту», а на Гарадзеншчыне — Алесь Зарамбюк, дэпутат Мастоўскага райсавету. Між тым хлопцы, як нам стала вядома, не давалі згоды і чуць ня чулі пра такія ідэі. На якіх жа актывістаў разьлічвае Вайтовіч, калі нават каардынатараў ня мае?

Мілінкевіч працягне Лукашэнкаў курс

У інтэрвію расейскай службе радыё «Свабода» адзіны кандыдат паабяцаў: «Тое добрае, што было пры Лукашэнку, будзе захаванае. Ён ня даў раскрасьці, і мы не дадамо раскрасьці. Ён выплачваў пэнсіі, няхай невялікія, але ў час, і мы гэта прадоўжым». Але беззаконьня, якое панавала пры Лукашэнку, пры новай уладзе ня будзе, дадаў ён.

...але не дае гарантый Лукашэнку

У прамове на Кангрэсе А.Лябедзька паабяцаў Лукашэнку гарантыі асабістай бясьпекі, дэкляраваўшы бясьпеку прэзыдэнцкай сям’і і капіталам — у выпадку, калі той адмовіцца ад улады.

Алесь Мілінкевіч палічыў патрэбным паправіць паплечніка на прэс-канфэрэнцыі: «Гарантыі бясьпекі можна даваць толькі таму чалавеку, які не зрабіў злачынства. Калі будзе даказана, што хтосьці зь сёньняшніх кіраўнікоў дзяржавы ўчыніў злачынствы, я не магу даць такіх гарантый».

…і гатовы лічыцца з Расеяй

Лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі заявіў у інтэрвію газэце «Московский комсомолец», што «гатовы ўлічваць геапалітычныя інтарэсы Расеі». Інтэграцыя для яго — важна, але незалежнасьць — яшчэ важнейшая. «Бо лепш жыць асобна ў катэджах, чым разам у камуналцы».

Лябедзьку на пераправе не мяняюць

Палітрада АГП 5 кастрычніка не прыняла адстаўкі А.Лябедзькі. Ён пагразіў сыходам, калі частка актывістаў партыі збунтавалася супраць вынікаў Кангрэсу. На думку А.Лябедзькі, такія настроі падаграюць лукашысты. Вынікі форуму дэмсілаў ён лічыць справядлівымі, а захаваньне адзінства — галоўнай задачай: «АГП тры гады будавала мост, які злучыў палітычную прастору ў адно цэлае. Мы ня можам з будаўніка ператварыцца ў мінэра».

Калякін: Хто выйдзе з кааліцыі, той сябе пахавае

С.Калякін мяркуе, што ўрэшце большасьць актыву АГП будзе працаваць у адзінай камандзе. А хто хоча разваліць кааліцыю, той «хоча зрабіць вялікае пахаваньне сваёй партыі, сваіх лідэраў і астатняга. Той, хто хоча дапамагчы Лукашэнку застацца пры ўладзе, той можа думаць такімі катэгорыямі. Бо працаваць мы будзем не на Мілінкевіча, Калякіна ці Лябедзьку, працаваць мы будзем на дэмакратыю ў Беларусі». С.Калякін зазначае, што А.Мілінкевіч – самастойны палітык, беспартыйны, які імкнецца «збалянсаваць інтарэсы ўсіх суб’ектаў кааліцыі».

«Известия»: Выбар Мілінкевіча лягічны

Уплывовыя расейскія «Известия» — пра вынікі Кангрэсу: «Мілінкевіч не належыць ні да якой партыі. Рашэньне дэлегатаў зрабіць стаўку на новую, незасьвечаную фігуру ўяўляецца цалкам лягічным».

Пазьняк крытыкуе Мілінкевіча

Зянон Пазьняк у інтэрвію радыё «Свабода» скрытыкаваў А.Мілінкевіча. На думку З.Пазьняка, асабістыя нацыянальныя погляды А.Мілінкевіча ня маюць значэньня: «Гэта палітыка. Чалавек у адной групе зь людзьмі, якія езьдзяць у Маскву (і просяць у Масквы падтрымку — Рэд.). І ён не выказваецца з гэтай нагоды. Ацэньваць трэба вось паводле гэтых паводзінаў». Лідэр КХП—БНФ заявіў, што сам мае намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0