Вільня. Мінуўшы тыдзень — гэта былі цікавыя дні для ўсёй Вільні. Усе, ад старога да малога, зацікаўленыя ішлі на поле на канец гораду — Антокаль, пакрывалі яго, як мурашкі, каб убачыць як чалавек, быццам зраўняўшыся з птушкай Божай, паляціць у паветра на сваёй машыне — аэрапляне. Найцікавей было ў панядзелак: тысячы народу, сабраўшыся, гудзелі, гаманілі і глядзелі на вялізную птушку-машыну, каля каторай рупіўся чалавек. Нешта раптам затрашчэла, завурчэла, і машына, як бусел, бяжыць па зямлі, падскоквае… і… вось ужо ў паветры — высока, высока!.. Як няведамая страшная птушка, носіцца ў вышыні над дамамі, лесам, ракой… Вось адляцела далёка на заходзячае сонца і, пераліваючыся ў яго прамянях, зьнікае з вачэй. Публіка крычыць, махае шапкамі, хусьцінкамі.

Гэтак пралётаўшы 22 мінуты, авіятар зрабіў 35 вёрстаў і таксама дзіўна, як птушка, сьпусьціўся на зямлю, як і падняўся зь яе. І добра было, і сэрца радасна білася, што чалавек гэтулькі мае сілы і моцы, што патрапіў ужо заваяваць і птушкамі мераны абшар.

І.Н.

1910, №38

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0