Канадзкія палякі ініцыявалі сьледзтва па факце спаленьня савецкімі партызанамі ў 1944 годзе вёскі Канюхі, што за Беняконямі.

Трагедыя вёскі Канюхі (цяпер Канюкай у Літве) здарылася ўначы на 29 студзеня 1944 г. а 5-й раніцы. Савецкія партызаны атачылі вёску і зьнішчылі яе жыхароў. Гэта была помста за тое, што сяляне арганізавалі атрад самааховы — бараніцца ад партызанскіх набегаў. Сяло ў той час уваходзіла ў склад Лідзкае акругі.

Расьсьледаваньне ініцыявалі канадзкія палякі, потым падключыліся Інстытут нацыянальнай памяці ў Варшаве й Галоўная камісія дасьледаваньня злачынстваў супраць польскага народу. У Цэнтральным вайсковым архіве выявілі тры дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт злачынства. Так, нямецкая справаздача даводзіць, што ў Канюхах у студзеньскую ноч былі застрэлены 36 жыхароў, а 14 былі паранены. Іншыя дакумэнты — што напад зьдзейсьніў атрад у 100—200 чалавек, сярод якіх найбольш было ўцекачоў, што ўратаваліся зь віленскага гета. Вёску падпалілі з абодвух канцоў, а па тых, хто спрабаваў уцячы, стралялі. Не шкадавалі нікога. Удалося ўратававацца толькі групе жанчын.

«Тыгоднік Віленшчызны» піша, што сярод зьнішчальнікаў Канюхоў былі партызаны з атрадаў «Сьмерць фашыстам», «Да перамогі», «Сьмерць акупантам». У мэмуарах Хаіма Лазара «Зьнішчэньне і супраціў» (Destruction and Resistance. New York: Shengold Publishers, 1985) так апісваюцца гэтыя падзеі: «Штаб брыгады вырашыў зраўняць Канюхі зь зямлёй, каб даць прыклад іншым».

У траўні 2004 г. у Канюхах пастаўлены помнік памяці ахвяр — на ім 34 вядомыя на сёньня імёны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0