На вайне як на вайне

Канстытуцыйны суд Гішпаніі пастанавіў, што суды гэтай краіны могуць разглядаць справы аб ваенных злачынствах альбо злачынствах супраць чалавечнасьці незалежна ад таго, хто стаў ахвярай гэтых злачынстваў, і ад таго, дзе яны былі зьдзейсьнены.

З газэт

Мой бацька любіць часам паўтараць: «Далі б мне аўтамат! Я б з усімі гэтымі нягоднікамі не размаўляў бы — паставіў бы да сьценкі і… тра-та-та!» Гаворыцца гэта жартам, але калі ўлічыць партызанскае дзяцінства бацькі, то як бы і не зусім.

Прыходзіць на памяць сучасны анэкдот. Хто ёсьць беларус? Патрыёт. А два беларусы? Партызанскі атрад. Тры? Партызанскі атрад і… здраднік. Таксама нясьмешны нейкі жарт. Дый не да жартаў увогуле. Хто — з маладзейшага нават, «непартызанскага» пакаленьня — ня марыў калі-небудзь узяць у рукі той аўтамат? І не нямецка-фашысцкіх захопнікаў пайсьці страляць, а некаторых сваіх суайчыньнікаў? Лекары кажуць, што гэта ў нас натуральная, прыроджаная агрэсіўнасьць. Але ёсьць амаль у кожнага яшчэ адна мара, нават саладзейшая за аўтамат. Гэта суд. І не вышэйшы, завоблачны нейкі суд, а самы сапраўдны, зямны — з прысяжнымі засядацелямі, судзьдзямі ў чорных мантыях і з буклямі, строгімі ахоўнікамі з аўчаркамі, сумнымі шматтомнымі пратаколамі допытаў ну і, зразумела, лавай падсудных.

Калі б Чаўшэску быў жывы

Мужа ды жонку Чаўшэску, расстраляных у баязьлівай мітусьні ў нейкім двары ня так ужо й шкада. Асабліва румынам, якім давялося жыць пад яго уладай. Шкада, што не было суду, што не змаглі паглядзець у вочы дыктатару былыя ахвяры. Напрыклад, Юльюс Піліп — рабочы, які насьмеліўся ўвосень 1980-га адправіць з Румыніі прывітальную тэлеграму на адрас польскай «Салідарнасьці». За гэты свой учынак Піліп адседзеў шэсьць з паловай гадоў у вязьніцы, закаваны ў кайданы. Праз 25 гадоў Піліпа вітала воплескамі, стоячы, шматлюдная заля ў Варшаве, дзе праходзіла канфэрэнцыя, прысьвечаная спадчыне «Салідарнасьці». Шкада, што Чаўшэску да гэтага не дажыў. Але нават калі б і дажыў, ці ўбачыў бы нешта? Ці зразумеў, што зьмянілася ў сьвеце за апошнія 15 гадоў?

На той канфэрэнцыі заля авацыямі вітала вядомага праваабаронцу Сяргея Кавалёва, былога вязьня ГУЛАГу, потым — паплечніка Андрэя Сахарава. У Расеі імя Кавалёва сёньня згадваюць у самым нэгатыўным кантэксьце: здраднік, што прадаўся заходнім імпэрыялістам і чачэнскім бандытам.

У Расеі напачатку 1990-х нібыта быў суд над КПСС. Хоць які там суд? Няма чаго ўспомніць. Сярод абаронцаў «гонару й годнасьці» КПСС — ніводнага запамнальнага твару, ніводнага сапраўднага Насфэрату. Судзьдзі сёньня засядаюць у Думе альбо працуюць у Адміністрацыі прэзыдэнта. Суд «над сыстэмай» загадзя быў наканаваны на правал. Судзіць сыстэму не выпадае, як і любую абстракцыю. Судзіць можна толькі людзей — з імёнамі, прозьвішчамі, фактамі біяграфіі. Таксама яны ёсьць у ахвяр. І гэтым — тым, што жылі або выжылі насуперак усяму, — страшныя яны сваім катам і іхнім нашчадкам.

Нож у сэрцы

Катынь, як і Курапаты, ім як востры нож у сэрцы. Ня хочуць нічога чуць, ня хочуць прызнаваць факты, ня хочуць нават называць лічбы закатаваных. Пра імёны тых, хто расстрэльваў, даваў загады, гаварыць няма чаго — сьцерагуць як зрэнку вока. Лепей за ўсё — зваліць віну на каго-небудзь іншага.

Але калі на ўвесь экран бульдозэр закопвае ў траншэі тысячы трупаў закатаваных вязьняў канцлягеру, тады арганізатары й натхніцелі злачынстваў адварочваюцца, адчуваюць сябе брыдка, але мусяць глядзець, мусяць адказваць на пытаньні, мусяць гаварыць хоць нешта ў адказ.

Але ці адчувалі падсудныя на лаве Нюрнбэрскага трыбуналу згрызоты сумленьня? Юльюс Штрайхэр, адзін з галоўных функцыянэраў Райху, якія адказвалі за вырашэньне «габрэйскага пытаньня», абяцаў трыбуналу, калі яго пакінуць у жывых, верай і праўдай да скону дзён служыць «сусьветнаму габрэйству». Але гэта быў гнюсны псыхалягічны выверт. Ва ўсялякім выпадку, не раскаяньне. «Злачынцы ня хочуць прызнаць сваёй віны» — так называецца кніга польскага публіцыста Караля Малцужыньскага, якому давялося асьвятляць Нюрнбэрскі працэс. Дастаткова паглядзець на тое, як нахабна паводзіць сябе былы прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч у гааскай турме, як бессаромна зацягвае працэс, павучае ды абвінавачвае заходнія дэмакратыі, дзякуючы інстытутам якіх ён так утульна ды ўпэўнена адчувае сябе ў зьняволеньні. Усе ягоныя правы як абвінавачванага абароненыя, і былы дыктатар ахвотна карыстаецца прынцыпамі міжнароднага права, пры гэтым абвінавачваючы суд у беззаконьні.

Пакараньне на курорце

Наіўна спадзявацца, што Мілошавіч, ці Хусэйн, ці яшчэ нехта з былых дыктатараў пад цяжарам абвінавачаньняў і фактаў раскаюцца ва ўчыненым. Яны ўсе, падобна да Патрыярха з раману Гарсія Маркеса, служылі толькі свайму народу… Палацы, рахункі ў замежных банках ня трэба згадваць — яны ў сваім служэньні народу заслугоўвалі большага, на іх думку. Суды, міжнароднае права прыдуманы не для таго, каб перавыхоўваць злачынцаў. Для гэтага ёсьць царква, псыхааналіз ды іншыя інстытуты. Пакараньне злачынстваў патрэбна, як гэта ні сьмешна гучыць, не злачынцам, а іх ахвярам. Дзеля таго, каб існавала надзея. Хаця б ейны агеньчык — на тое, што злачынцы будуць пакараныя яшчэ пры жыцьці. І што гэта хоць некалі некага ды стрымае…

Ня так даўно былы эсэсавец Эрых Прыбке, асуджаны на пажыцьцёвае пакараньне за тое, што падчас вайны па яго загадзе былі расстраляныя 335 італьянцаў, быў заўважаны на беразе возера, на віле сябра, таксама эсэсаўца. Выявілася, што дазвол вязьню на адпачынак даў рымскі суд — той самы, які судзіў Прыбке. Фармальна і на віле ў свайго сябра былы эсэсавец знаходзіўся пад «хатнім арыштам» — за вілай назіралі карабінэры. Суд кіраваўся нібыта гуманнымі матывамі. Прыбке споўнілася 92 гады, вось і было вырашана трохі аслабіць рэжым старому. Але як быць з памяцьцю ахвяраў? Гісторыя выклікала абурэньне ва ўсёй Італіі — зразумела, найперш сярод былых удзельнікаў Супраціву. Сам жа Прыбке, калі меркаваць па ягоных інтэрвію, лічыць, што ўжо даўно расплаціўся за «грахі юнацтва». Цяпер можна і на заслужаны адпачынак. А што, былыя чыны НКВД-КГБ на «заслужанай пэнсіі» думаюць інакш?

Былы чылійскі дыктатар Піначэт, якому споўнілася дзевяноста, напэўна, ня надта разумеў, што зь ім адбываецца, калі яго затрымлівалі. За што яго, заслужанага генэрала, можна судзіць? У 1998 г. гішпанскі судзьдзя Бальтазар Гарсон, які адстойвае прынцып вяршэнства міжнароднага права над нацыянальным заканадаўствам, выдаў ордэр на арышт Піначэта, які ў той час быў у Лёндане. Англія адмовілася тады выдаць чылійскага генэрала гішпанскаму правасудзьдзю на падставе кепскага стану здароўя Піначэта. Між тым дзякуючы намаганьням Гарсона ў Мадрыд былі дастаўлены некалькі былых афіцэраў, якія спрычыніліся да выкраданьня тысяч людзей у 1970-я гады ў Аргентыне. Адзін з афіцэраў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Справядлівасьць бязь межаў

Цяпер чарга за ваеннымі злачынцамі з Гватэмалы, на сумленьні якіх масавыя забойствы падчас грамадзянскай вайны 1978—1986 г. Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру Рыгабэрта Мэнчу, якая не змагла дабіцца справядлівасьці ў сваёй краіне, зьвярнулася ў гішпанскі суд з позвай аб пакараньні ўдзельнікаў нападу на пасольства Гішпаніі ў 1980 г. Падчас яго былі забітыя 37 праціўнікаў гватэмальскага рэжыму, якія спрабавалі схавацца ў дыпмісіі. Канстытуцыйны суд Гішпаніі прызнаў, што «важнейшымі за нацыянальныя інтарэсы ёсьць прынцыпы міжнароднага права й справядлівасьці», таму краіны, якія падпісалі канвэнцыю аб перасьледзе за злачынствы супраць чалавечнасьці, могуць судзіць абвінавачваных у такіх злачынствах незалежна ад таго, дзе яны былі ўчынены.

Усё гэта гучыць у Беларусі як нейкая прыгожая казка, зусім далёкая ад рэчаіснасьці, як нейкая фантастычная мара. Што значыць для амонаўца, які ударыў жонку зьніклага журналіста, а потым яшчэ й выйграў у судзе маральную кампэнсацыю ў сваёй ахвяры, міжнароднае права й прынцыпы справядлівасьці? Ці чуў ён калі-небудзь у сваім жыцьці гэтыя словы? Што тым людзям, якія выкрадалі Захаранку, Ганчара, Красоўскага або прыкрывалі выкрадальнікаў, да дзясяткаў тысяч зьніклых у Гватэмале? Ім цяжка вымавіць імя кіпрыёта Хрыстаса Пургурыдэса, які займаецца расьсьледаваньнем зьнікненьняў палітычных апанэнтаў рэжыму ў Беларусі, а словазлучэньне «Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы» наўрад ці ўвогуле нешта ім гаворыць.

Ёсьць, праўда, іншая катэгорыя людзей. Яны з усьмешкай на вуснах растлумачаць вам усё пра палітыку «двайных стандартаў». Пра тое, што ў Гішпаніі ўсё яшчэ ня знойдзены ўсе ўдзельнікі страшных тэрактаў на вакзале ў Мадрыдзе. Што гішпанская паліцыя бесчалавечна абышлася зь нелегальнымі імігрантамі-афрыканцамі. Што ў Іраку гінуць і зьнікаюць штодня дзясяткі людзей. Што ўмовы ўтрыманьні вязьняў у Гуантанама невыносныя, а ў Амэрыцы ад ураганаў гінуць нэгры. Што тысячы людзей зьнікаюць штодня ў розных кутках сьвету. А гэта значыць, што Беларусь для гэтых спадароў, якія любяць усё тлумачыць, таксама ўсяго «нейкі куток», дзе жывуць тубыльцы. Праўда, асабліва спрытным зь іх дазваляюць няблага карміцца і нават займаць некаторыя пасады. І за гэта трэба быць удзячнымі ўладзе. А каго звольнілі ці адправілі на хімію за «паклёп» — туды ім і дарога. Судзіць за гэта нельга. Але памятаць будуць. І хай спадарства паспрабуе нешта растлумачыць наконт двайных стандартаў і двайной маралі сваім дзецям…

Суд ідзе…

Гэты фэномэн вядомы ды апісаны ў літаратуры, у тым ліку айчыннай, не аднойчы. Людзі, якія падчас вайны праяўлялі дзівосы сьмеласьці, якія не згіналіся пад кулямі, пасьля вайны зноў ператвараліся ў звычайных людзей. Яны зноў, як некалі, пачыналі баяцца выступіць на сходзе, запярэчыць начальніку, сказаць праўду. Мабыць, адна з прычын такіх паводзін была даволі простай. На вайне не было чаго губляць — акрамя ўласнага жыцьця. Пасьля ў людзей зьявіўся хоць і прымітыўны, але дабрабыт. Пакойчык у камунальнай кватэры, сякая-такая зарплата, на якую можна пракарміць сямью, бясплатныя школьныя сьняданкі.

Зь цягам часу жыцьцёвыя стандарты вырасьлі. Сёньня можна і катэдж пабудаваць, і дзяцей у элітную школу ўладкаваць. Адно засталося нязьменнае. У мірным жыцьці ня тое што праявіць сябе героем — проста зьдзейсьніць мужны ўчынак неймаверна складана.

Ці можна абвінавачваць у гэтым людзей? Ці варта шкадаваць аб тым, што вайна скончылася 60 гадоў таму і няма ў руках аўтамата? Не ў лясах і не на вуліцах ідзе сёньня вайна — яна ў галовах і сэрцах людзей. І чым меншая тэрыторыя сэрца застаецца вольнай і незалежнай, не захопленай хамскай уладай, тым больш жорсткім і адчайным робіцца змаганьне. Бо няма іншага выйсьця.

Суд над злачынцамі паводле міжнародных працэдур застаецца далёкай марай. Але судзіць паводле законаў сумленьня не забаронена нікому. І таму яны ўжо сёньня асуджаныя. Яны прайгралі працэс, нават калі сёньня яны яшчэ на свабодзе і мараць закаваць нас у кайданкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0