«Зомбі!» — «Сам зомбі!» — звычайны дыялёг палітычных апанэнтаў у Беларусі. Між тым зомбі — не прыдумка, а рэальнасьць ХХІ стагодзьдзя.

Адна за адной на кінаэкраны выходзяць карціны з жывымі трупамі: «Праз 28 дзён», «Прытулак зла», «Зямля мёртвых». Кінакампаніі з імпэтам распрацоўваюць залатую жылу. Замежныя газэты прысьвячаюць рэдакцыйныя артыкулы зомбі-буму. Што стаіць за апошняй атакай зомбі? Якія страхі і комплексы? І чаму слова «зомбі» такое папулярнае ў Беларусі?

Тайны і страхі зомбі

Жывыя трупы зьяўляліся на экранах здаўна: Жорж Мэльес забаўляўся пякельнымі вобразамі, Абэль Ганс абвінавачваў уладароў сьвету ў кашмарах Першай сусьветнай з дапамогай дывізіі мерцьвякоў. Але паважаны статус зомбі трупы набылі, калі эўрапейцы азнаёміліся з гаіцянскім культам вуду.

Эстэтычны пераварот адбыўся ў 1968 г.: стужка Джорджа Рамэра «Ноч жывых мерцьвякоў» скаланула царства кашмараў. Зомбі ў ім зьяўляліся зь ніадкуль, няма аніякіх магаў і ведзьмакоў, ёсьць проста навала, і купка жывых абараняецца ад арміі памерлых у забарыкадаваным доме. Рамэраўскія «Досьвітак мерцьвякоў» і «Дзень мерцьвякоў» яшчэ больш узмацнілі сарказм і сацыяльную крытыку: людзі-спажыўцы як зомбі.

У ХХІ ст. вытворчасьць карцін пра зомбі набыла нечуваны размах. «Прытулак зла» каштаваў 35 млн даляраў; «Досьвітак мёртвых» (Зэк Снайдэр, 2004) прынёс 100 млн прыбытку, а знакамітая студыя «Юнівэрсал» фінансавала «Зямлю мёртвых» Джорджа Рамэра. Людзі ратуюцца ўцёкамі, зомбі займаюць гарады. У гэтым бачылі і мэтафару тэрарызму, і Трэці сьвет, які пагражае багатаму Захаду.

Але рэч у тым, што зомбі сапраўды існуюць.

Тэхналёгіі замбаваньня

У 1950-х у лябараторыях былі распрацаваны мэтады, якія надавалі жывому рысы зомбі: праграмаванасьць, аўтаматызм, падпарадкаванасьць маніпулятару. У гіпаталямус пацукоў уводзілі электроды — і жывёлы былі згодныя на ўсё, толькі б адчуць стымуляцыю: ня елі, не пілі — і калі была магчымасьць самім раздражняць мозг, даводзілі сябе да зьнясіленьня. Раздражненьне іншых зон выклікала непрыманьне, голад, агрэсію — ці яе спыненьне. Дасьледчык Хасэ Дэльгада выходзіў на арэну ў касьцюме тарэадора. Замест клінка ў навукоўца быў пульт кіраваньня. Націск на кнопку — бык атакуе, націск на іншую — спыняецца. У Інстытуце мозга ў Пецярбургу электроды ўводзілі і ў мозг людзей (афіцыйна — для лячэньня эпілепсіі). Але паводзіны людзей не былі падобныя на «эмоцыі» зомбі. Сёньня брутальныя электроды замяняюцца нэўрачыпамі.

Іншая тэхналёгія была знойдзена выпадкова: пэўныя электрамагнітныя хвалі здольныя раздражняць сятчатку й вуха — чалавек бачыць мільгаценьне й чуе гукі. Але калі да вас зьвернецца нехта з аповедамі пра «прамяні», страшнае праграмаваньне праз радыё і тэлефон — сьмела адпраўляйце такога чалавека ў Навінкі.

«Індывідуальныя» тэхналёгіі замбаваньня мала зьмяніліся з стараэгіпецкіх часоў: што чорная магія, што гіпноз. А вось зомбіфікацыя як масавая, грамадзкая практыка ўвесь час мяняецца.

Масавыя радасьці зомбі

Гучней за ўсіх пра «замбаваньне» — хаця самога слова ня ведалі — пракрычалі францускія асьветнікі-энцыкляпэдысты. Маўляў, царква замбуе людзей — трэба ачысьціць сьвядомасьць ад забабонаў. Калі старыя каштоўнасьці былі адкінуты як цемрашальскія, выбухнула Француская рэвалюцыя: натоўпы віталі гільятыну. Старыя грамадзкія сувязі былі цалкам парушаныя, і ў нечуваных маштабах стваралася аднародная маса, здольная на ўсё — але й зь лёгкасьцю кіраваная.

Ле Бон і Фройд прысьвяцілі гэтай масе кнігі, а нацысты й камуністы скарысталіся іх парадамі. Для масавага замбаваньня быў неабходны татальны кантроль над усімі сфэрамі жыцьця.

Сэкты й шматлікія рухі, якія ёсьць і зьяўляюцца, зыходзяць з гэткай жа лёгікі: «толькі прыхільнікі Марыі Дэві-Хрыстос — правільныя, усе астатнія — злыя робаты»; «невэгетарыянцы, прыгнечаныя мясной ежай»; «фэміністка-абартыстка — вольная і не замбаваная мужчынскім шавінізмам».

Але падобная «пільнасьць» — неабходны складнік любой зомбі-палітыкі: сваім усяляк прамываць мазгі, чужых — абвінавачваць у маніпуляцыях. Беларусі ў гэтым сэнсе асабліва «пашанцавала».

Асновы беларускай зомбі-палітыкі

«Зомбі!» — «Сам зомбі!» — звычайны дыялёг палітычных апанэнтаў у Беларусі. У каго болей сродкаў для замбаваньня — той гучней і крычыць, каб схаваць уласныя грахі.

Але любая зомбі-палітыка здольная бачыць аб’ект — і ніколі суб’ект: не чалавек, а адзінка для маніпуляцыі, не народ — а электарат, не самастойныя людзі — натоўп. Зомбі-палітыка змагаецца за аб’ект, грызецца зь іншымі.

Толькі праўда ў тым, што «аб’ект» заўжды праяўляе (ці праявіць) сябе як асоба — свавольная, са сваім інтарэсам. І любая зомбі-палітыка запраграмаваная на правал. Пытаньне толькі ў тым, паскорыць яго ці зацягнуць. Разбурае зомбі-палітыку й мастацтва, якое робіць відавочнымі схаваныя страхі й комплексы.

Пад канец карціны «Зямля памерлых» Джорджа Рамэра зомбі пад кіраўніцтвам «Вялікага Бацькі» (гэта афіцыйнае імя ў стужцы) урываюцца ў галоўны хмарачос. Людзі сыходзяць, каб заснаваць новы фарпост. Жывое да жывога, мёртвае да мёртвага. Але калісьці ўцекачы вернуцца — каб ажывіць горад.

Навукоўцы дасьледавалі зельле гаіцянскіх магаў — здробненыя косткі, расьліны. Адзін складнік прыцягнуў пільную ўвагу. У сумесь уваходзіў тэтрадатаксін — наймацнейшая біялягічная атрута, якая карыстаецца найвялікшай пашанай нэўрафізіёлягаў. Гэтае рэчыва спыняе перадачу нэрвовых імпульсаў да мышцаў — атручаны гіне страшнай сьмерцю. Спачатку адключаюцца рукі й ногі, потым цела, а апошнімі блякуюцца мышцы грудзей — чалавек памірае ад удушша. Тэтрадатаксін — настолькі моцная атрута, што звычайна сьмерць настае адразу. Але можна падабраць мікрадозу, што чалавек будзе здавацца памерлым, застаючыся жывым. Калі такога «нябожчыка» выкапаць, астатняе зробяць забабоны й страх — ён сам будзе лічыць сябе зомбі. Так клясычная вуду-тэхналёгія знайшла навуковае абгрунтаваньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0