На мінулым тыдні былі ўручаныя Нобэлеўскія прэміі ў галіне фізіялёгіі й мэдыцыны, хіміі і фізыкі, а таксама прэмія міру.

У панядзелак, 10 кастрычніка, Нобэлеўскую прэмію па эканоміцы атрымалі Робэрт Аўман і Томас Шэлінг. Літаратары па традыцыі будуць самыя апошнія, ляўрэат стане вядомы пры канцы тыдня. Афіцыйна прэміі, эквівалентныя 1,29 млн даляраў, будуць уручаны ў сьнежні на ўрачыстай цырымоніі ў Осла.

Досьлед на сабе

Ляўрэатамі прэміі ў галіне фізіялёгіі і мэдыцыны сталі аўстралійскія навукоўцы — 54-гадовы Бары Маршал і 68-гадовы Робін Уорэн, ганараваныя за дасьледаваньні гастрыту і язвы страўніка. Маршал і Ўорэн даказалі, што прычынаю захворваньняў зьяўляюцца бактэрыі helicobacter pylori. Аўстралійцы зрабілі адкрыцьцё яшчэ ў 1982 г., выявіўшы, што большасьць хворых на гастрыт і язву страўніка інфікаваны пэўнымі бактэрыямі. Маршал выпрабаваў адкрыцьцё на ўласным арганізьме: увёў бактэрыі, а потым вылечыўся з дапамогай антыбіётыкаў. Да гэтага лічылася, што прычынай гастрыту і язвы ёсьць няправільны лад жыцьця, празьмерна вострая ежа, стрэсы. Цяпер дзякуючы адкрыцьцю Маршала й Уорэна можна цалкам вылечыцца ад гастрыту ці язвы страўніка. Бактэрыямі, што выклікаюць гэтыя хваробы, інфікавана дзьве траціны насельніцтва Зямлі, аднак у большасьці людзей яны не выклікаюць аніякіх захворваньняў.

Крок да ідэальнай дакладнасьці

У галіне фізыкі «Нобэля» атрымалі амэрыканскія навукоўцы Рой Глабэр і Джон Хол, а таксама нямецкі дасьледчык Тэадор Хэнш. Глабэр, навуковец з Гарвардзкага ўнівэрсытэту, які яшчэ ў 1963 г. паклаў пачатак квантавай аптычнай тэорыі, атрымае роўна палову ўзнагароды. Такім чынам Нобэлеўскі камітэт ацаніў ягонае апісаньне паводзінаў сьвятлавых часьціц. Ён растлумачыў прынцыповую розьніцу паміж гарачымі крыніцамі сьвятла (як лямпы напальваньня), якія маюць розную частату і фазу, і лазэрамі, якім уласьцівая пэўная частата і фаза.

Хол і Хэнш падзялілі другую частку прэміі за працу па лазэрнай прэцэзійнай спэктраскапіі (звышдакладнае вызначэньне колеру сьвятлавых малекулаў). Вынік дасьледаваньня навукоўцаў з унівэрсытэту Каларада (ЗША) і Людвіга-Максыміліяна ў Мюнхэне — магчымасьць вымярэньня аптычных частот з дакладнасьцю да 15 знакаў. Гэта паспрыяе распрацоўцы звышдакладных гадзіньнікаў і спадарожніка глябальнага пазыцыянаваньня.

Паскораны хімічны сынтэз

«Нобэля-2005» у галіне хіміі падзялілі тры навукоўцы — француз Іў Шавэн, амэрыканцы Робэрт Грабс і Рычард Шрок — за распрацоўку новых мэтадаў абменных рэакцый (мэтатэзіс) у арганічным сынтэзе. Навукоўцы зьвярнулі ўвагу на працэсы рэарганізацыі малекулаў вугляроду, фармаваньне і разбурэньне новых хімічных сувязяў і стварылі прынцыпова новыя каталізатары. Мэтад мэтатэзісу зьявіўся пад сорак гадоў таму, але яго ня надта практыкавалі хімікі. Цяпер мэтатэзіс станецца адной з самых важных рэакцый у арганічнай хіміі. Гэта дазволіць рабіць найбольш дакладны, хуткі і чысты сынтэз рэчываў у вытворчасьці лекаў, поліматэрыялаў і клятчаткі. Вынікі гэтых дасьледаваньняў будуць мець вялікае значэньне для фармацэўтыкі і распрацоўкі новых сынтэтычных матэрыялаў, а таксама дапамогуць зьменшыць колькасьць небясьпечных адкідаў хімічнай індустрыі.

Сярод 200 кандыдатаў

Прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі міру выклікала шмат спрэчак. Прэзыдэнтаў Юшчанку й Саакашвілі, сьпевака Бона зь U-2 і яшчэ 196 кандыдатаў апярэдзіла Міжнароднае агенцтва ААН па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) і ягоны кіраўнік Махамэд эль-Барадэй. Юрыст па прафэсіі, эгіпцянін эль-Барадэй ганараваны прэміяй за «дзеяньні, скіраваныя супраць выкарыстаньня ядзернай энэргіі ў ваенных мэтах і за выкарыстаньне ядзернай энэргіі ў мірных мэтах з максымальнаю бясьпекаю».

Эль-Барадэй, які кіруе МАГАТЭ цягам васьмі гадоў, камэнтуючы прысуджэньне прэміі, зазначыў, што ўзнагарода толькі заахвоціць агенцтва да вырашэньня пытаньняў ядзернага раззбраеньня ў Паўночнай Карэі і Іране. Яшчэ год таму МАГАТЭ лічылі звычайным бюракратычным утварэньнем, але за год агенцтва стала важным гульцом у справе вырашэньня спрэчак наконт ядзернай зброі.

Іншай думкі трымаецца кіраўнік Інстытуту дасьледаваньняў праблем міру Стэн Тонэсан, які мяркуе, што прэмію міру атрымалі тыя, хто не дасягнуў цягам году ніякага посьпеху. За апошнія гады далучыліся да ліку ядзерных дзяржаў Індыя і Пакістан, Ізраіль і Паўночная Карэя. Цяпер ядзерныя працы актыўна праводзіць Іран.

У панядзелак, 10 кастрычніка, была ўручана нобэлеўская прэмія ў галіне эканомікі. Дарэчы, гэта адзіная прэмія, не заснаваная ўласна Альфрэдам Нобэлем. У 1968 г. ейнае ўручэньне ініцыяваў Цэнтральны банк Швэцыі. Сёлета «Нобэля» ў галіне эканомікі атрымалі супрацоўнік цэнтру рацыяналізацыі пры Ерусалімскім унівэрсытэце Робэрт Аўман і Томас Шэлінг з унівэрсытэту Мэрылэнду (ЗША) за «паляпшэньне нашага разуменьня канфлікту і супрацоўніцтва праз тэорыю гульняў». Эканамісты патлумачылі, чаму адны суб’екты рынку працуюць пасьпяхова, а іншыя — не.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0