Гандбольны мінус

За выходныя беларускіх прадстаўнікоў у гандбольных эўракубках паменела на дзьве адзінкі. Мужчынская «Вікторыя-Рэгія» ў двух гасьцявых паядынках саступіла македонскаму «Мэталюргу» — 31:34, 28:33. У другім крузе жаночага кантынэнтальнага кубку лёс зьвёў «Гараднічанку» і менскі БНТУ. Сталічныя гандбалісткі ака- заліся мацнейшымі — 32:30, 24:24. Наступныя гульні ў дзяўчат — у студзені.

Першы хатні паядынак правёў у Лізе чэмпіёнаў Берасьцейскі гандбольны клюб імя Мяшкова. У менскім Палацы спорту БГК саступіў дацкаму «Колдынгу» 27:29. Наступныя гульні берасьцейцы правядуць у гасьцях: супраць плоцкай «Віслы» і таго ж «Колдынгу». Заключныя паядынкі групавога турніру пройдуць у Менску — 6 лістапада супраць «Кіля», 13 лістапада — супраць «Віслы».

Бронзавыя гімнасткі

На тым тыдні ў сталіцы Азэрбайджану прайшоў XXVII чэмпіянат сьвету па мастацкай гімнастыцы. Зборная Беларусі заваявала чатыры бронзавыя мэдалі. Іна Жукава заняла трэцяе месца ў практыкаваньнях зь мячом, астатнія тры ўзнагароды былі заваяваныя ў шматбор’і ці групавых практыкаваньнях. У агульным мэдальным заліку беларускі занялі пятае месца. На першым — расейкі.

Дзяўчаты б’юцца лепей

На чэмпіянаце сьвету па таэквандо ў Рызе беларусы заваявалі два бронзавыя мэдалі. Яны на рахунку дзяўчат — Юліі Сухавіцкай (катэгорыя да 63 кг) і Алесі Чарняўскай (72 кг). Хлопцы выступілі горш: Ігар Леановіч, Анатоль Качук, Віталь Малейка, Сяргей Сачук, Ігар Расахацкі трапілі толькі ў дзясятку лепшых.

Раманцаў адмовіўся

Знакаміты расейскі трэнэр Алег Раманцаў адмовіўся ад прапановы ўзначаліць мужчынскую футбольную зборную Беларусі. «Кіраўнікі Беларускай фэдэрацыі раней прапанавалі мне ўзначаліць зборную, але я вымушаны быў адмовіцца. Палічыў, што з пастаўленай задачай — выхадам у фінал чэмпіянату сьвету — не спраўлюся. Чэсна зрабіў», — сказаў экс-трэнэр маскоўскага «Спартака» і зборнай Расеі.

АР, belta.by, football.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0