Пасьля беспасьпяховых спроб утаймаваць Лукашэнку Захад вырашыў падключыць да гэтага «аранжавы» Кіеў.

Пасьля Аранжавай рэвалюцыі актыўнасьць паміж Менскам і Кіевам збольшага праяўлялася ў прапагандысцкай сфэры. У Беларусі на розных паверхах улады можна было пачуць шматлікія крытычныя заўвагі на адрас новых улад у Кіеве. Былі нават абвінавачаньні, што на тэрыторыі Ўкраіны рыхтуюць «баевікоў» для рэвалюцыі ў Беларусі. Але не прайшло і году, як палітычная сям’я сп.Юшчанкі распалася. І пакуль безь біцьця мордаў. У адрозьненьне ад Расеі — і вонкава спакойнай Беларусі — палітычныя пэрыпэтыі адбываюцца ва Ўкраіне адкрыта. Як адзначаюць назіральнікі, куды лепей, калі прэзыдэнт выбачаецца перад журналістамі. А Юшчанка рабіў гэта неаднаразова. І пакуль электарат не адмаўляе ў падтрымцы ні Юшчанку, ні Цімашэнцы. Адпаведна, адзначае расейскі экспэрт Лілія Шаўцова, украінцы не ідуць назад, яны проста пакутліва ідуць наперад, сьцягваючы зь сябе «прагнілую скуру».

Са зьменамі на ўнутрыпалітычнай арэне Ўкраіна стараецца заняць пазыцыі рэгіянальнай сілы. На думку некаторых заходніх экспэртаў, прапанова выступіць пасрэднікам паміж Польшчай і Беларусьсю пасьля досьведу ў вырашэньні прыднястроўскага канфлікту толькі пацьвярджае згаданае імкненьне.

Пачатак працэсу актыўнага дыялёгу між Кіевам і Менскам паклала сустрэча Юшчанкі і Лукашэнкі падчас саміту СНД у Казані. Напярэдадні беларускія дзяржаўныя СМІ спрабавалі пераканаць сваіх спажыўцоў, што Лукашэнка ніякай сустрэчы з украінскім калегам у найбліжэйшы час не плянуе. Тым ня менш, сустрэліся і пагаварылі. Тады і высьветлілася пра намеры Ўкраіны адыграць ролю пасярэдніка. А гэта можа ўзмацніць пазыцыю Ўкраіны як рэгіянальнага актора ва Ўсходняй Эўропе, паміж ЭЗ і Расеяй, Беларусьсю.

Дыялёг быў прадоўжаны ў Кіеве падчас рабочага візыту міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. Але міністар рашуча адхіліў прапанаваную дапамогу Ўкраіны ў зносінах Беларусі і ЭЗ. Сваю думку з гэтай нагоды выказаў Станіслаў Шушкевіч: «Гэтая ініцыятыва была прасякнута зычлівасьцю. Але я таксама лічу, што канкрэтныя дзеяньні павінны прымацца ў выніку кансультацый — як з уладай, так і з апазыцыяй. І толькі тады гэта пойдзе на карысьць... Мае кантакты паказваюць, што да Беларусі ў Кіеве вельмі правільнае і дастойнае стаўленьне».

Дырэктар міжнародных праграм кіеўскага Цэнтру Разумкова Валер Чалых, камэнтуючы заяву Мартынава, сказаў: «У гэтай заяве ёсьць асьцярога людзей, якія лепш ведаюць унутрыпалітычную сытуацыю ў краіне наконт таго, што стабільнасьць, якая там існуе, нясе некаторыя пагрозы. Відавочна, няма ўпэўненасьці, што ў краіне ў іх усё ў парадку».

Прысутныя на выніковай прэс-канфэрэнцыі міністра замежных спраў Украіны Барыса Тарасюка і Сяргея Мартынава журналісты дружна адзначылі нешматслоўныя і дзіўныя для дыплямата замкнутыя паводзіны госьця зь Менску. Кажуць, адчувалася нейкая яго трагічная раздвоенасьць. Ёсьць падставы казаць, што гэта магла быць апошняя сустрэча Мартынава з Тарасюком у рангу кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Беларусі. Мартынаву прадказваюць пасаду пасла ў Брусэлі.

Не пасьпеў Тарасюк нацешыцца ўражаньнямі ад сустрэчы зь беларускім калегам, як зноў давялося яму сустракаць госьця зь Менску. У Кіеў прыехаў дзяржсакратар Рады бясьпекі генэрал-лейтэнант Генадзь Нявыглас. Кіраўнік украінскага замежнапалітычнага ведамства зьвёў генэрала з шэфам Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Ежы Барам. Дарэчы, да гэтай пасады Бар працаваў паслом у Вільні і ўжо ў якасьці калегі генэрала Нявыгласа прыяжджаў у Менск, спрабуючы прадухіліць канфлікт уладаў з Саюзам палякаў Беларусі. Ня выйшла.

Афіцыйна Б.Тарасюк, Е.Бар і Г.Нявыглас меліся абмяркоўваць «пытаньні разьвіцьця трансгранічнага супрацоўніцтва, гарантаваньне бясьпекі межаў у кантэксьце процідзеяньня такім пагрозам, як транснацыянальная злачыннасьць, нелегальны абмен наркотыкаў і нелегальная міграцыя». Спробы ўкраінскага боку ўнесьці міратворчы струмень у трохбаковыя дачыненьні посьпехам не ўвянчаліся. Зноў у жорсткім стылі, як і папярэдні Тарасюкоў суразмоўнік, чарговы госьць зь Менску адхіліў прапановы Кіева паспрыяць нармалізацыі стасункаў з Варшавай. Але «скачкі» працягваюцца.

Пасьля візытаў у Маскву і Брусэль у Менск мае прыехаць кіраўнік часовага ўраду Ўкраіны Юры Еханураў. У сакавіку 2006 г. маюць адбыцца парлямэнцкія выбары, і Ўкраіна перастане быць прэзыдэнцкай рэспублікай. Галоўнай фігурай на палітычнай сцэне стане прэм’ер-міністар, вылучаны партыяй альбо блёкам, што пераможа на выбарах. І на зьмену Еханураву, відаць, прыйдзе нехта іншы. Але, калі ў Маскву і Брусэль украінскаму прэм’еру ўдалося трапіць, то зь Менскам атрымалася асечка. Паводле словаў прэс-сакратара Еханурава Валянціна Мандрыеўскага, прэм’ер адклаў візыт у Беларусь на больш позьні тэрмін. Папярэдне паездка перанесена на 18 кастрычніка. Мандрыеўскі таксама адзначыў, што паездка Еханурава перанесена па просьбе беларускага боку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, паездка Еханурава ў Беларусь перанесена ў сувязі са зьменамі рабочага графіку Аляксандра Лукашэнкі.

Як адзначалі ўкраінскія СМІ, візыт Еханурава ў Брусэль закончыўся гэтак жа, як і ў Маскву. Абяцаньнямі, што рэпрыватызацыйныя працэсы засталіся ў мінулым, а замежным інвэстарам будуць створаны самыя спрыяльныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу ва Ўкраіне.

Візыт у Менск, на ўсякі выпадак, афіцыйна называюць падрыхтоўкай да сустрэчы Юшчанкі з Лукашэнкам. Менавіта ад іх чакаюць вырашэньня такіх пытаньняў, як ратыфікацыя Беларусьсю Дагавору аб мяжы, так званага ўкраінскага доўгу, пагадненьня аб рэадмісіі. Дагавор гэты Лукашэнка яшчэ ў сярэдзіне 1990-х з Кучмам падпісваў. Празь некалькі год вырашылі ў Менску ўвязаць ратыфікацыю дагавору з украінскай запазычанасьцю, якую запазычанасьцю ў Кіеве не прызнаюць. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, украінцам неяк былі нават гатовы «дараваць» доўг у абмен на кавалачак зямлі ў Крыме для нейкай VIP-будоўлі. Але Кучма абяцаў, абяцаў… дый забыўся. А па рэадмісіі пазыцыя Беларусі такая: падпісваць пагадненьне па рэадмісіі ў пакеце, з усімі пяцьцю суседзямі. Уся загагуліна ў пазыцыі Расеі, якая пакуль да гэтага не гатова. Цікава, у чым праявяць пры абмеркаваньні гэтых пытаньняў кампраміс два прэзыдэнты? Цікава і тое, калі адбудзецца гэтая важная сустрэча Юшчанкі і Лукашэнкі — да ці пасьля візытаў з 18 да 21 кастрычніка ў Кіеў па чарзе генэральнага сакратара NATO і расейскага прэзыдэнта?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0