Варонін: Расея ня зломіць Малдовы

Прэзыдэнт Малдовы абвінаваціў улады Расеі ў правядзеньні эканамічнай блякады. «Краіна гатова пражыць і бяз экспарту віна ў Расею. Будзе складана, аднак мы гатовы жыць у холадзе, замярзаць без расейскага газу, але не здамося», — заявіў Уладзімер Варонін у інтэрвію румынскай службе BBC. Расейскія ўлады блякуюць экспарт вінаў, адзін з галоўных крыніц даходаў Малдовы.

Ванкувэр найлепшы

Экспэрты брытанскага выданьня Economist Intelligence Unit прызналі Ванкувэр (Канада) найлепшым па якасьці жыцьця горадам сьвету. Другое месца ў аўстралійскага Мэльбурну, трэцяе — у Вены (Аўстрыя). У дзясятку найлепшых гарадоў уваходзяць таксама аўстралійскія Пэрт, Адэлаіда і Сыднэй, канадзкія Таронта і Калгары, швайцарскія Жэнэва і Цюрых. Цікава, што ў Таронта, Адэлаідзе, Мэльбурне й Сыднэі жыве найбольш актыўныя беларускія дыяспары ў вольным сьвеце, а Ванкувэр апошнім часам становіцца новым асяродкам беларускай эміграцыі ў Канадзе. Дарэчы, найлепшым горадам у ЗША прызнаны «самы беларускі горад» — Кліўлэнд.

Дзясятку найгоршых гарадоў складаюць Тэгеран, Дуала (Камэрун), Харарэ (Зымбабвэ), Абіджан (Кот д’Івуар), Пнампэнь, Лягас (Нігерыя), Карачы (Пакістан), Дака (Банглядэш), Альжыр і Порт-Морсбі (Папуа-Новая Гвінэя).

Шродэр піша рэзюмэ

Экс-канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр можа стаць дарадцам у канцэрне «Газпром». Паводле чутак, гэтае пытаньне нават абмяркоўвалася на нядаўняй сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу на найвышэйшым узроўні. Пасьля таго як канцлерам ФРГ стала лідэр ХДС/ХСС Ангела Мэркель, Шродэр прыняў рашэньне сысьці з палітыкі. Беларусы будуць шкадаваць пра такую зьмену найменш.

«Букера» ўзялі ірляндцы

Фаварытам «Букера» лічыўся Джуліян Барнз з раманам «Артур і Джордж». Але ляўрэатам Букераўскай прэміі стаў ірляндзкі пісьменьнік Джон Бэнвіл, ганараваны за раман «Мора». Прэстыжная прэмія памерам 50 тыс. фунтаў стэрлінгаў (каля 190 млн рублёў) прысуджана Бэнвілу за кнігу пра чалавека, што сутыкнуўся са сваім мінулым у гарадку, у якім бавіў вакацыі.

Выбар сярод правых

Польшчы спатрэбіцца другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. У першым туры лібэрал Дональд Туск сабраў 36,3% галасоў, а кансэрватар Лех Качыньскі — 33,1%, а ў выбарах узялі ўдзел 49,74% грамадзян. Польскі Жырыноўскі, любімы палітык беларускіх дзяржаўных СМІ Анджэй Лепэр, заняў трэцяе месца — 15,11%. На ўчастку ў Менску перамог Туск, у Берасьці і Горадні — Качыньскі.

Аўтамабіль Мусаліні

На аўкцыёне ў ЗША за 140 тыс. даляраў прадалі аўтамабіль, на якім езьдзіў дучэ. Выкшталцоная «Лянча», зробленая паводле спэцзаказу ў 1939 г., была захоплена амэрыканскімі вайскоўцамі і апошнія гады захоўвалася ў музэі аўтамабіляў. І прадавец, і пакупнік палічылі за лепшае застацца ананімнымі. Выручаныя грошы будуць ахвяраваныя канадзкай дабрачыннай арганізацыі, што дапамагае цяжкахворым дзецям.

АР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0