У газэту прыйшоў такі водгук з Баранавічаў:

«У «НН» (№31, 19 жніўня 2005) быў надрукаваны матэрыял Пётры Рудкоўскага «Дамініканцы прызямліліся ў Горадні», у якім ёсьць некалькі недакладнасьцяў. Разгледзім найбольш значныя зь іх.

1. «Магнушэўскі — настаўнік Паўлюка Багрыма». Аднак дакумэнт Міністэрства народнай асьветы ад 17 ліпеня 1828 г. сьведчыць:

«15-гадовы хлопчык, сьлесараў сын Павал Багрым, які прамаўляў вершы «Rozmowa chlopow», навучаўся ў школе толькі альфабэту, а вывучыўся чытаць і пісаць у плябаніі. Але ён ужо даўно зусім не належыць, а ёсьць слуга кс.Магнушэўскага». Той жа Магнушэўскі сьведчыць, што настаўнікам Паўла Багрыма быў Юры Арлоўскі. Сам жа Магнушэўскі праз сваю старасьць і хваробы ніколі нікога не навучаў у школе.

2. «Паўлюк Багрым — вучань дамініканца Мацея Магнушэўскага». Пробашч Магнушэўскі ў Крошыне, па ўсіх дакумэнтах, знойдзеных мною, і праходзіць толькі як Вайцех ці Войцах...

Міхась Маліноўскі, правадзейны член Геаграфічнага таварыства, Баранавічы».

Мы зьвярнуліся да айцоў-дамініканцаў з просьбай адказаць на гэты водгук.

Артыкул брата Пётры Рудкоўскага «Дамініканцы прызямліліся ў Горадні» выклікаў крытыку баранавіцкага краязнаўца Міхася Маліноўскага. Прычына — тэза Рудкоўскага наконт крошынскага сьвятара Магнушэўскага. Пётра сьцьвердзіў у артыкуле, што Магнушэўскі 1) дамініканец, 2) настаўнік Паўлюка Багрыма, 3) імя яго — Мацей. Сп.Маліноўскі, які больш як дзесяць год займаецца Багрымам, прыкмячае, што ў Крошыне пробашчам быў ксёндз Вайцех Магнушэўскі, а не Мацей.

Прычына — у Станкевічу

Варта адзначыць, што Рудкоўскі ў арыгінальнай вэрсіі артыкулу (якую ён даслаў мне) напісаў гэтак: «(Мацей—?) (Вайцех—?) Магнушэўскі…», а гэтыя пытальнікі разам зь імем «Вайцех» чамусьці выпалі падчас рэдагаваньня. Праблема імені Магнушэўскага імплікуе дадатковыя праблемы, якія тычаць яго тоеснасьці і пытаньня, ці быў Магнушэўскі наагул манахам.

Падставы Рудкоўскаму назваць Магнушэўскага дамініканцам і настаўнікам П.Багрыма дала манаграфія а.Адама Станкевіча «Магнушэўскі—Паўлюк Багрым—Баброўскі. Да вытокаў беларускага адраджэньня», выдадзеная ў Вільні ў 1937 г. Станкевіч у ёй спаслаўся на працу А.Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына» (Пецярбург, 1913). Янулайціс, піша Станкевіч, зьмясьціў нават здымак Магнушэўскага, прадстаўленага ў дамініканскай вопратцы. Менавіта здымак і падштурхнуў Станкевіча прыпісаць Магнушэўскаму прыналежнасьць да даміканскага ордэну. За ім пайшлі іншыя гісторыкі, сярод якіх — вядомы польскі гісторык а.Робэрт Сьвентахоўскі. Спасылкі на Станкевічаву «гіпотэзу» можна сустрэць і ў працы беларускага дасьледчыка з Ольштына Васіля Белаказовіча («Аб крыніцах станаўленьня новай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці» // Biaіoruskie Zeszyty Historyczne. 1995. №2). Пра дамініканца Мацея Магнушэўскага, крошынскага пробашча, піша і ананімны аўтар артыкулу «Беларускія сьвятары й рэлігійныя дзеячы Беларусі» (www.belarus8.tripod.com/ Zapisy BINIM/24.04.htm).

Два Магнушэўскія

Гістарычныя крыніцы ня згадваюць іншага дамініканца пад прозьвішчам «Магнушэўскі», які б жыў пры канцы XVIII — пач. ХІХ ст. Нядзіўна, што Станкевіч атаясаміў крошынскага пробашча з дамініканцам а.Мацеем Магнушэўскім. Але ўжо ён меў сумневы, якія датычылі, напрыклад, розьніцы імёнаў, даты сьмерці ці таго, што ў розных крыніцах і працах падаюцца розныя зьвесткі пра яго месцазнаходжаньне ў тым самым часе. Калі зазірнём у дамініканскія крыніцы, а менавіта ў так званыя «схематыкі літоўскай правінцыі дамініканцаў», дык адразу зьявіцца чарговая дылема, а менавіта ці мог быць а.Магнушэўскі ОП пробашчам у Крошыне, калі ў каталёгах ён фігуруе як прыёр кляштару ў Вэрках каля Вільні (вядомых пад назовам «Віленская Кальварыя»)?

З каталёгаў Літоўскай правінцыі дамініканцаў, што знаходзяцца ў кракаўскім архіве Польскай правінцыі дамініканцаў, даведваемся, што а. Мацей Магнушэўскі нарадзіўся ў 1761 г. У ордэн уступіў у 1780, праз год склаў першыя манаскія зарокі. Ад 1818 г. фігуруе ў каталёгах як прыёр Вэркаўскага кляштару, там жа правёў большую частку жыцьця. Ян Марак Гіжыцкі (Валыняк) у працы «Wiadomości o dominikanach prowincji litewskiej» (Кракаў, 1917) пісаў, што а.Магнушэўскі ўпершыню стаў ігуменам згаданага кляштару ў 1798—1801 г. і гэтую пасаду займаў ажно да сьмерці — 25 ліпеня 1839 г.

Што мы ведаем пра а.Вайцеха Магнушэўскага? У пераліку духавенства віленскай дыяцэзіі за 1826 г. Вайцех (на лаціне «Adalbertus») Магнушэўскі фігуруе як «Curat. Kroszyn, Dec. Nowogrod» — пробашч у Крошыне. Таксама была ў Крошыне невялікая парафіяльная школа, якую заснаваў папярэдні пробашч, а.Малішэўскі. Гэта была адна зь нямногіх школаў, у якіх дзеці вучыліся па-беларуску. З дакумэнтаў, якія адлюстроўваюць сьледчы працэс у справе гэтае школы, вынікае, што а.Вайцех Магнушэўскі быў у 1828 г. таксама канонікам берасьцейскага калегіяту. Згодна зь Янулайцісам, крошынскі пробашч памёр 24 ліпеня 1828 г. у веку 70 гадоў.

Зь іншых крыніц, што тычаць Паўлюка Багрыма, даведваемся, што а.Магнушэўскі быў у Крошыне ўжо ў 1812 г. Тады, як кажа сам Магнушэўскі, ён хрысьціў адразу на другі дзень пасьля нараджэньня Паўлюка Багрыма (гл.: Я.Якушэвіч. За архіўным парогам. Беларуская літаратура ХІХ—ХХ ст. у святле архіўных пошукаў. — Менск, 2002).

Не дамініканец

Прыведзеная мной інфармацыя не вырашае канчаткова праблемы Магнушэўскіх. Адказ трэба шукаць у схематызмах Віленскай дыяцэзіі. Ключавымі тут зьяўляюцца схематызмы 1818 і 1820 г. — дадатку да літургічнага календара дыяцэзіі. У схематызмах згадваецца дыяцэзіяльны сьвятар «Adalbertus Magnuszewski». Значыць, схематызм зьяўляецца пералікам толькі дыяцэзіяльнага духавенства (духоўнікаў-неманахаў). Гэта першы аргумэнт за тое, што а.Магнушэўскі не належаў да ордэну сьв.Дамініка.

Другі аргумэнт паходзіць са схематызму 1820 г. Побач з прозьвішчамі духоўнікаў указаны ўзрост і год сьвятарскіх пасьвячэньняў. Пры а.Магнушэўскім напісана: «55 гадоў» — а гэта значыць, што ён павінен быў нарадзіцца ў 1765 г. і быў маладзейшы ад згаданага вышэй ігумена кляштару ў Вэрках (Мацея Магнушэўскага) на чатыры гады. Дзеля падстрахоўкі варта было б яшчэ праверыць каталёгі 1821 і 1822 г., але і бяз гэтага можам зь вялікай дозай імавернасьці сьцьвердзіць, што а.Магнушэўскі, які спрычыніўся да фармаваньня нацыянальнай сьвядомасьці беларускай моладзі ў Крошыне, ня быў дамініканцам.

Настаўнік Гарбачэўскі?

Але гэта ня значыць, што дамініканцы ня ўдзельнічалі ў выхаваньні крошынскіх дзяцей. Станіслаў Юрага, які быў галоўным ворагам свабодалюбівых памкненьняў крошынскага люду, згадвае ў сваіх паказаньнях пра вікарыяў парафіі, якія паходзілі з ордэну дамініканцаў. Няма сумневу, што вікарый Піюс Гарбачэўскі (1775—1823) быў дамініканцам. Гэта становіцца відавочным, калі супаставім зьвесткі з паказаньняў Магнушэўскага і Багрыма, дамініканскія каталёгі і згадкі літоўскага гісторыка Віктараса Пяткуса, а калі дадамо да гэтага сьведчаньні Станкевіча, дык выйдзе, што дамініканец Гарбачэўскі быў адным з настаўнікаў у крошынскай школе.

Пытаньне, якое можа кожнага інтрыгаваць: а што са здымкам, які зьмясьціў у сваім артыкуле А.Янулайціс? Хутчэй за ўсё, гэта быў здымак не Магнушэўскага, а аднаго з дамініканскіх вікарыяў — магчыма, Піюса Гарбачэўскага. Мабыць, гэты здымак і стаў галоўнай прычынай непаразуменьняў, ахвярай якіх зрабіўся Станкевіч і, усьлед за ім, Пётра Рудкоўскі. Але ўсякія непаразуменьні могуць стаць нагодай плённых пошукаў, і, як публікацыя Рудкоўскага, так і крытыка Маліноўскага можа зрабіцца стымулам для далейшых пошукаў у дачыненьні да крошынскага пытаньня, гісторыі дамініканцаў у Беларусі і біяграфіі Паўлюка Багрыма.

Марак Мілавіцкі ОП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0