30 верасьня — 7 кастрычніка ў Менску прайшоў тыдзень Нямеччыны, прысьвечаны 15-м угодкам нямецкага яднаньня. Я удзельнічаў у Дні фонду імя К.Адэнаўэра 4 кастрычніка.

Удзельнікам прапанавалі тры тэмы дыскусій: шанцы і пэрспэктывы эўрапейскай палітыкі бясьпекі; царква ў Нямеччыны — хрысьціянскае супольнае жыцьцё ў сэкулярызаваным сьвеце; што трымае Эўрапейскі зьвяз знутры? На ўдзел запісалася столькі ахвотных, што арганізатары стварылі чацьвёртую панэль «Усходні немец — невядомая істота. Назіраньне стану ўнутрынямецкіх дачыненьняў праз 15 гадоў».

Я ўдзельнічаў у першай панэлі. Навуковы супрацоўнік бундэстагу Крыстоф Швэгман расказваў пра тэндэнцыю паступовай замены NATO эўраструктурамі і разьмежаваньне функцый між паўночнаатлянтычным альянсам і эўрапейскімі вайскоўцамі. Але маладых удзельнікаў абмеркаваньня — такіх была большасьць — цікавіла ўступленьне Турцыі ў Эўразьвяз. «Гэта Азія!» — узрушваліся людзі. Але, апроч іншага, Турцыя будзе й разглядацца мостам у мусульманскі сьвет з мэтай прадухіленьня міжнароднага тэрарызму. Пра дачыненьні Расеі і Эўразьвязу экспэрт выказаўся так: «Пэрспэктывы Расеі ў дачыненьні да ЭЗ залежаць ад таго, як яна будзе абыходзіцца са сваім багацьцем. Ганьба, што пры такіх рэсурсах і патэнцыяле адукаваных людзей узьнікла такая розьніца ў сацыяльнай сфэры». К.Швэгман, хрысьціянскі дэмакрат, часта гаварыў пра «палітычную сілу выпрамяненьня», «магнэтызм», уласьцівыя Эўразьвязу. Сапраўды, хто ня хоча жыць заможна і ў бясьпецы?

Работу сэкцыі, на якой дыскутавалася роля царквы, падсумоўвалі сымпатычныя маладыя людзі. Быў зафіксаваны пераход царквы ў Нямеччыне з базісу ў сфэру абслугоўваньня. І гэта пры тым, што рэлігія(знаўства) выкладаецца ў школе, і царква фінансуе многія сацыяльныя праграмы.

Што тычыць трэцяй сэкцыі, сёньняшнія немцы — і ўсходнія, больш блізкія да нас па мэнтальнасьці, а таму больш блізкія да маргінэсу, і заходнія — гэта другія немцы. У нас у Беларусі кажуць: «за трэцімі Саветамі», «за другой Польшчай». «Другія» таму, што яны болей не заваёўнікі, а эўрапейцы, якія «выпрамяняюць магнэтычную сілу». Менавіта таму сёньня станоўча ставяцца да Нямеччыны, паводле зьвестак сацыёлягаў, каля 60% нашых суайчыньнікаў. Ля вытокаў дэмакратычнай, заможнай і эўрапейскай Нямеччыны стаяў канцлер Конрад Адэнаўэр. Ужо за 10—15 гадоў Нямеччына ўстала з ваенных руін, і для кожнага немца была вырашана жыльлёвая праблема, у яго быў дах над галавой. А пад гэтым дахам — лядоўня з прадуктамі. Ён мог выбіраць сабе ўрад — правых, як Адэнаўэр, левых, як Брант, або зусім зялёных, як Ёшка Фішэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0