Зачыстка Гарадзеншчыны пачалася. Арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік- аўганец Мікалай Аўтуховіч. Уражвае хуткасьць, зь якой найбуйнейшы ваўкавыскі бізнэсовец апынуўся за кратамі. У адзін дзень была ўзбуджаная крымінальная справа, Мікалай Аўтуховіч быў прызнаны падазраваным, потым абвінавачаным і ўзяты пад варту. Такі сьпех можа сьведчыць, што яго справа выходзіць за межу канфлікту прадпрымальніка і кантрольных органаў.Арышт ваўкавыскага бізнэсоўца Мікалая Аўтуховіча стаўся для яго абсалютнай неспадзяванкай. У пятніцу 14 кастрычніка прадпрымальніка запрасілі завітаць ва ўпраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў у Горадні, каб азнаёміцца з матэрыяламі экспэртызы па фірме «Ніка-транс». Цікава, што следчы на тэрміновым прыезьдзе Аўтуховіча не настойваў. Відаць, гэта і падманула пільнасьць Аўтуховіча — не падазраючы нічога кепскага, той вырашыў усё-ткі прыехаць у Горадню. Будынак упраўленьня ён пакінуў ужо ў кайданках.

Сьледзтва лічыць, што Мікалай Аўтуховіч не даплаціў за два гады і два месяцы 679 мільёнаў рублёў падаткаў. Паводле другой часткі артыкулу 243 крымінальнага кодэксу, яму пагражае ад трох да сямі гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Адразу пасьля арышту Аўтуховіч аб’явіў галадоўку. Андрэй Кухцюк, адвакат бізнэсоўца, кажа, што яго кліент пачуваецца ня дужа добра: «Гэта ўжо трэцяя галадоўка ў гэтым годзе. Сам не харчуецца, п’е толькі ваду. На здароўі гэта сказваецца».

Уражвае хуткасьць, зь якой Аўтуховіч ператварыўся з вольнага чалавека ў арыштанта. «У адзін дзень была і крымінальная справа ўзбуджаная, і Аўтуховіч прызнаны падазраваным, а потым і абвінавачаным і ўзяты пад варту, — кажа Андрэй Кухцюк. — З кім я ні размаўляў, усе кажуць, што ў практыцы такога прыгадаць ня могуць».

У справе Аўтуховіча чорт нагу зломіць. Заблытаныя законы спараджаюць заблытаныя схемы працы. А пасьля падпісаньня Лукашэнкам указу «Аб удасканаленьні парадку вызваленьня суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасьці ад эканамічнай адказнасьці» тэрмін «эканамічнае злачынства» ўвогуле губляе ўсялякі сэнс. Указ прыняты ў мэтах «перадухіленьня неабгрунтаванай эканамічнай неплацежаздольнасьці (банкруцтва) суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасьці, захаваньня і разьвіцьця вытворчасьцяў, найбольш значных для краіны і яе рэгіёнаў».

Атрымліваецца, што прэзыдэнт будзе мець права вызваляць ад санкцыяў любога прадпрымальніка ці фірму нават тады, калі суд вырашыць інакш. Паводле гэтай лёгікі, Аўтуховіч, як найбуйнейшы прадпрымальнік Ваўкавыску, які дае працу дзясяткам людзей, таксама мае права на літасьць. Вось толькі ці будзе ён прасіць аб той панскай ласцы?

«Калі казаць пра тыя электаральныя групы, на якія мы сёньня можам пакласьціся ці больш цесна зь імі працаваць, гэта прадпрымальнікі і пратэстанцкія грамады», — заявіў Алесь Мілінкевіч у інтэрвію ўплывовай украінскай газэце «Дзеркало тижня». Менск памятае забастоўкі і мітынгі мінулай зімы. Сапраўды, прадпрымальнікі выявіліся адной з самых актыўных пратэстных групаў апошняга часу. І яны зноў пачынаюць падымаць голаў. Гандляры рынкаў у Полацку і Наваполацку пачалі збор подпісаў пад зваротам да Лукашэнкі. Прадпрымальнікі патрабуюць адмены дадатковага бухгальтарскага ўліку, бо працуюць на рынках па адзіным падатку, які сплочваюць авансам.

Разам з тым, гандляры з рынкаў — гэта мурашкі, кожны зь якіх абараняе свой маленькі інтарэс. І разам яны зьбіраюцца толькі тады, калі мурашніку пагражае чарговы пажар. Гэта грамада, якую, як гэта ўжо давяла ўлада, лёгка разьюшыць, але лёгка і ўлагодзіць. Яна мае шматлікіх лідэраў, і таму ня мае твару.

Аўтуховіч — іншая справа. Чалавек, які «зрабіў» сябе сам. Аўганец. Балятаваўся летась у палату прадстаўнікоў і, паводле дадзеных інстытуту Гелапа, мусіў перамагчы. Дамагаецца праўды і для сябе, і для іншых. Ён галадаваў, і кіроўцы далучаліся да яго, дамагаючыся зьняць арышт з таксовак. Ніхто ня чуў, каб Аўтуховіч прылічаў сябе да ворагаў рэжыму. Разам з тым, такія людзі —нашмат большы раздражняльнік для ўлады, чым многія штатныя апазыцыянэры.

«Я шчыра, усім сэрцам спачуваю Аўтуховічу, — кажа палітоляг Андрэй Кусяльчук, былы кіраўнік парлямэнцкай выбарчай кампаніі Алеся Мілінкевіча. — Арышт Аўтуховіча — перасьцярога іншым прадпрымальнікам, як буйным, так і малым: «сядзіце і не высоўвайцеся». Аднак Андрэй Кусяльчук ня лічыць, што за гэтай справай стаіць чыстая палітыка: «Ён ніколі не займаўся адкрыта палітыкай, выключэньнем можа зьяўляцца толькі апошняя ягоная спроба балятавацца ў палату прадстаўнікоў, але ўжо тады ў яго існавалі праблемы зь мясцовай уладай і падатковай інспэкцыяй. У Аўтуховіча, напрыклад, у кабінэце заўсёды вісеў герб і партрэт Аляксандра Лукашэнкі». Паводле меркаваньня Кусельчука, справа Аўтуховіча — найперш канфлікт паміж бізнэсам і кантрольнымі органамі.

Так ці іначай, але сама лёгіка змаганьня робіць Аўтуховіча «небясьпечным», і палітычныя прыхільнасьці бізнэсоўца граюць другарадную ролю. Ці мог бы Аўтуховіч пры патрэбе накіраваць калёну таксовак з Ваўкавыску для пратэсту ў сталіцу? Адкрытае пытаньне. Як, зрэшты, і пытаньне: якія прычыны ён мае для таго, каб гэтага не зрабіць?

Аўтуховіч не аморфная маса, а асоба. У гэтым яго сіла і яго слабасьць. Аўтуховіч мае твар, але яго надта лёгка схаваць за турэмнымі сьценамі. Арышт і верагодная ізаляцыя Аўтуховіча, на што, па вялікім рахунку, няма чым адказаць, акрамя спачуваньня, — трапны ўдар па стратэгіі адзінага кандыдата.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0