Прысланыя з Магілёва кіраўнікі Горадні не вычуваюць гораду.

Калі я згадваю пра Горадню, то яе няяркая затуманеная прыгажосьць здаецца мне нейкім дзіўным палімпсэстам. Стагодзьдзі пакінулі тут, на тым самым месцы, цудоўныя ўзоры, што зьмяняюцца ўвесь час.

Зоф’я Налкоўская

Польская пісьменьніца Налкоўская пісала гэтыя радочкі ў сярэдзіне 1920-х гадоў. І праўда, па стагодзьдзі расейскага панаваньня прыпалячаная Горадня блізу так і мусіла выглядаць. У міжваенным часе польскія ўлады зьліквідавалі адно капліцу Аляксандра Неўскага, з-за таго, што яна была пастаўленая ў гонар задушэньня паўстаньня 1863 году. Тагдышнія ўлады ставіліся да Горадні, як да сваёй, ашчадна й зь любоўю. Былі адрэстаўраваныя шматлікія помнікі, праведзеная кансэрвацыя ўнікальных археалягічных комплексаў на Замку, закладзеныя новыя сквэры й забрукаваныя ўсе вуліцы.

Войны абышлі Горадню стараною. З сусьветных войнаў яна выйшла амаль некранутаю. Галоўнай плошчаю каралеўскай Горадні спрадвеку быў Стары Рынак. Яна ж Саборная, Батуры, а дасёньня Савецкая. Парадны пляц Горадні паўстаў за часоў караля Сьцяпана Батуры. Тут стаяў каралёў палац. Тутсама была й Ратуша — гарадзкое самакіраваньне.

Савецкая горадабудаўнічая практыка пакрысе сьцерла з гэтае плошчы яе спрадвечны сэнс. Рэшта гістарычнае забудовы, што атачае яе па пэрымэтры, толькі намякае на асаблівы сэнс гэтага пляцу ў сэрцы старога гораду. Савецкія вандалы павыдзіралі адсюль гэткія знакавыя аб’екты, як Ратуша, што была аточана гандлёвымі радамі, палац Радзівілаў і самае грандыёзнае збудаваньне ў нашым краі — Фару Вітаўта, што была пушчаная на друз у 1963 годзе. У выніку на месцы галоўнае плошчы Горадні ўтварылася малаўцямная прастора, аточаная выпадковымі каробкамі, безь відавочных акцэнтаў, з разарванымі візуальнымі повязямі. Гэты кут гораду стаў простым фрагмэнтам савецкага абласнога цэнтру: ляпідарныя будынкі з сылікатнае цэглы, нягегла размаляваныя старасьвецкія камяніцы ды турэмны подых з-за калючага дроту, што сьперазаў былы кляштар езуітаў.

Захад Беларусі дзічэў на вачах.

Праект дэталёвае пляніроўкі Горадні 1966 году ўражваў размахам вандалізму. Ад плошчы Замку мусілі спляжыць усю прастору гістарычнага цэнтру. Паратунак прыйшоў у 1973 г., калі наступны Генплян прадугледзеў стварэньне буйнамаштабнага гарадзкога ядра на тэрыторыях за ракой Гараднічанкай.

Аднак дробныя паскудзтвы працягваліся. Бязладна тыркалі сюд-туд будынкі камітэтаў КПСС, дамоў культуры, унівэрсамаў. Яскравы прыклад — гарадзенскі драмтэатар, пабудаваны ў сярэдзіне 1980-х. Грувасткія формы тэатру ў гушчары старадаўніх камяніцаў выглядаюць недарэчна. Тады ж зьнесьлі самы стары вакзал у Беларусі — каб не замінаў новаму будынку.

У 1989 г. Беларускім навукова-дасьледным інстытутам горадабудаўніцтва (галоўны архітэктар — Аляксандар Горб) быў распрацаваны дыхтоўны праект рэгенэрацыі гістарычнага ядра. Прадугледжвалася вызваліць яго ад транспарту шляхам стварэньня па ягоным пэрымэтры апорна-разьмеркавальнага колца. Моцна пашыралася пешаходная зона, узнаўляліся фрагмэнты гістарычных ансамбляў і ляндшафтаў. Але гэты самы рацыяналістычны праект так і застаўся ў праекце.

Архітэктары ізноў, як і апошнія 60 гадоў, упарта мяркуюць, што старажытнаму цэнтру Горадні шмат чаго не хапае. Натуральна, ня страчаных помнікаў.

Цяперашняя перабудова старадаўняе плошчы зьвялася да вялікага аб’ёму земляных работаў і высечкі старых дрэваў. Карцела зрабіць два падземныя пераходы для людзей, але пакінулі адзін. Карцела завяршыць археалягічныя досьледы, але толькі падкапаліся да старых падмуркаў. Тэрміны й грошы падціснулі, рыхтык як за савецкім часам. Як з гонарам заяўляе галоўны архітэктар праекту рэканструкцыі, Аляксандар Захарчук, у гэтым стане Савецкая плошча гатовая да ўзнаўленьня Ратушы й палацу Радзівілаў. А хіба яна не была гатовая й раней? Дзеля чаго рабілася гэтак шмат шуму ў СМІ? Няўжо ўкладка дэкаратыўнае пліткі замест бруку таго заслугоўвала?

Гісторыкаў, рэстаўратараў, архітэктараў ды краязнаўцаў абурае тое, што праект рэканструкцыі Савецкае плошчы зьдзяйсьняўся самымі савецкімі мэтадамі: грамадзкасьць была азнаёмленая з праектам post factum .

Сакрэт полішынэля просты: цёзка, амаль зямляк і аднагодак Лукашэнкі Аляксандар Антаненка, які цяпер кіруе Горадняй, вылузваецца, каб давесьці сваю незаменнасьць. «2005 год стане ў гісторыі гораду самым маштабным і значным па размаху капітальнага рамонту жылфонду, вуліц і магістраляў», — сказаў у адным з інтэрвію мэр.

Шчыра спачуваю аўтару праекту сп.Захарчуку, перад якім паставілі такую задачу. Раней начальства мысьліла катэгорыямі «пяцігодак», цяпер — выбараў. Паводле праекту, «у Горадні зьявіцца свой «Арбат» — ад пачатку вуліцы Савецкай да драмтэатру». От так! У эўрапейскім горадзе, прасякнутым духам готыкі й барока — даёш маскоўска-алімпіядны Арбат.

Усё гэта — пыл у вочы, каб заслужыць пахвалу на вышэйшым узроўні, а то й павышэньне ў сталіцу.

Празь якія паўгоду плён няўрымсьлівых будаўнікоў можна будзе ацаніць. Вось толькі паўплываць на яго ня ўдасца. Зьнікне яшчэ нешта з старых камянёў, дэталяў, краявідаў. Горадня, каралеўская сталіца, застанецца чакаць адбудовы. Як загадкавы палімпсэст, па якім ізноў выпадковыя ўладары крэсьляць свае пісьмёны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0