Пяць энтузіястаў на чале з Андрэем Жвірам стварылі грандыёзную электронную бібліятэку беларускіх тэкстаў.

Сайт «Беларуская палічка» (www.knihi.com) — найбольшы беларускі кнігазбор у Інтэрнэце. Тут кнігі на любы густ: па гісторыі й кулінарыі, палітыцы й архітэктуры, безьліч мастацкай літаратуры, пераклады. Мноства слоўнікаў, ёсьць кнігі, якія яшчэ не друкаваліся, ёсьць тыя, што даўно зьніклі з продажу. Якія яшчэ сюрпрызы рыхтуе нам кіраўнік «Палічкі» Андрусь Жвір?

Пачыналі з Сагановіча Бібліятэку «Беларуская палічка» Андрусь Жвір пачаў ствараць у Інтэрнэце ў 1996 г. Тады малады мянчук, што паехаў вучыцца ў Эўропу, пазнаёміўся з камандай, якая рабіла ангельскамоўны праект пра Беларусь «Virtual Guide». «Гіду» бракавала спасылак на крыніцы, найперш гістарычныя. Першымі падвалінамі ў будучую віртуальную бібліятэку сталі «100 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі», «Па сьлядах аднаго міту» М.Ермаловіча ды Сагановічава «Невядомая вайна».

Мінула дзесяць год. Андрусь стала атабарыўся ў Вене, а праект «Беларуская палічка» стаў самым поўным кнігазборам з усіх беларускіх віртуальных бібліятэк. Тут кнігі на любы густ: па гісторыі й кулінарыі, палітыцы й архітэктуры, безьліч мастацкай літаратуры. Творы Быкава можна знайсьці па-расейску, па-нямецку, па-ўкраінску, па-ангельску; «Песьня пра зубра» Гусоўскага — у арыгінале на лаціне й па-літоўску.

У Аўстраліі сканавалі Быкава

«Палічку» робіць пастаянны склад зь пяці чалавек (дызайнэр, сыстэмны адміністратар, сканавальнік). Усе, апроч самога А.Жвіра, жывуць у Беларусі, займаючыся праектам бясплатна. «Толькі сканавальшчыцы плачу невялікія грошы — гэта вялікая частка працы», — кажа Андрусь. Добраахвотнікі зь Беларусі, Польшчы, Расеі, ЗША часам самі скануюць тэксты ўпадабаных кніг, дасылаючы на сайт. З Аўстраліі даслалі адсканаваныя творы Быкава.

Некаторыя тэксты дасылаюць самі аўтары — нават яшчэ да выхаду ў друку. «Сокалаў-Воюш дасылаў свае вершы. Алесь Жураўскі даслаў раман «Don Giovanni», але потым папрасіў зьняць».

Праца з творамі, адсканаванымі з кніг, вымагае пільнасьці. Стваральнікі «Палічкі» стараюцца зьвязацца з аўтарамі, каб пазьбегнуць абвінавачаньняў у парушэньні аўтарскіх правоў.

Вядзецца супрацоўніцтва з выдавецтвамі: свае кнігі дазваляе пераводзіць у электронны фармат «Беларускі кнігазбор».

Самая папулярная — Біблія

А.Жвір лічыць, што электронная бібліятэка ня створыць канкурэнцыі ні рэальнай, ні кнігарням. Чытаць вялікія творы з кампутара цяжка, а раздрукаваць сьцягнуты з Інтэрнэту раман абыдзецца не таньней, чым купіць. «Мы не выстаўляем у сеціва кнігі, якія на гэты момант прадаюцца». А вось зьмяшчаць кнігі, якія ўбачылі сьвет у 1980-я гады, а то і раней, стваральнік «Палічкі» лічыць абсалютна нармальным: многія з гэтых выданьняў даўно зьніклі з продажу, і цяпер іх адшукаеш ня ў кожнай бібліятэцы. І хаця «Беларуская палічка» арыентуецца на цэлыя кнігі (раманы, зборнікі апавяданьняў, паэмы), тут можна знайсьці й паасобныя вершы.

На пытаньне, да якіх кніг зьвяртаюцца найчасьцей, Жвір пасьмейваецца: «У нас ёсьць рэйтынг уверсе на галоўнай старонцы. Хацелі зрабіць на ім пастаянае абнаўленьне. Але я паглядзеў паўтара году таму, паўгоду таму — зьменаў няма ніякіх. Самымі папулярнымі застаюцца адны й тыя кнігі». Пяцёрку найлепшых складаюць Біблія, «Беларускія летапісы», «150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі», «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» Арлова й Сагановіча ды ангельскамоўная «Belarusian cuisine».

Даведнікі для кожнага

«Палічка» — ня толькі кніжны праект.

Некалькі гадоў таму на сайце зьявіўся «лацінізатар» — праграма для пераводу кірылічных тэкстаў у лацінку. Потым на knihi.com разьмясьцілі беларускія рынгтоны для мабільных тэлефонаў. Цяпер ідзе праца над праектам «Электронная энцыкляпэдыя» (slounik. org), што будзе зьмяшчаць разнастайныя слоўнікі й энцыкляпэдыі. Сярод іх — даведнікі, што выйшлі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя і праз малы наклад сталі рарытэтнымі: «Антысавецкія рухі ў Беларусі», «Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст.», «Міты Бацькаўшчыны». Ёсьць у рэсурсе і традыцыйныя энцыкляпэдыі, кшталту «Чырвонай кнігі», «Матэматычнай энцыкляпэдыі», «Экалягічнага слоўніка». Беларускія выдавецтвы ня рупяцца пра тое, каб мець свае даведнікі ў электронным выглядзе (хоць усе кнігі вярстаюцца на кампутарах). «Электронная энцыкляпэдыя» запаўняе лякуну.

А.Жвір прызнаецца, што рыхтаваць слоўнікі — як і ўсю навуковую літаратуру — для разьмяшчэньня ў Інтэрнэце цяжка: «У навуковых працах у сеціве трэба належным чынам разьмяшчаць зноскі й спасылкі. У слоўніках таксама ўручную даводзіцца дапісваць усе словаформы, якія ў кнігах падаюцца скарочана. Таму, калі выпадае разьмяшчаць на «Палічцы» мастацкую літаратуру, дзе няма спасылак, а адзін тэкст, адчуваеш такую палёгку!» Ад загружанасьці працы над «Электроннай бібліятэкай» на пачатку лета на «Палічцы» спынілі работу форумы. Бракуе часу. Затое днямі з Гішпаніі даслалі беларуска-гішпанскі размоўнік, дапоўніўшы яго і каталёнскай часткай. Рыхтуюцца валейбольны слоўнік, даведнік па рачным транспарце, тры мэдычныя дапаможнікі.

Гігантычная праца робіцца энтузіястамі без капейкі Лукашэнкавых грошай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0