— Як у Пэнтагоне, — шэпча сябар, калі мы падымаемся да Валіка ў офіс MTV. Атмасфэра не сьпяшаецца зьдзівіць сваёй нефармальнасьцю, і я пачынаю думаць: «Як жа тут можна весела балбатаць?» Валіка Грышка можна назваць і зоркай, і публічнай асобай. Звычайна такія ўяўляюцца недасягальнымі снобамі.

Глядзі сваё MTV

Калі я зьбіралася ехаць у самы кацёл беларускага аналягу MTV (Валік — намесьнік галоўнага рэдактара), знаёмыя атакавалі мяне пытаньнямі. Прасілі выведаць, калі, што ды як і ці хутка.

— Хіба? — дзівіцца Валік, калі я кажу, што пра беларускае MTV модна размаўляць. — Я думаў, ніхто нічога ня ведае.

Беларуская вэрсія моднага тэлеканалу пакуль знаходзіцца ў стане распрацоўкі, а ў тэлевізары рэтрансьлюецца расейскае MTV. Валік кажа, што з таго самага моманту, як беларуская служба ўставіць хоць адну сваю хвіліну, гэта ўжо будзе наш музычны канал. Пакуль падобна да АНТ.

«Хоць адзін беларускі кліп убачыце — лічыце, што «MTV Belarus» — ужо паўнавартасны канал, — кажа Валік. — Для ўласна беларускіх праграм яшчэ час не надышоў. Цяпер галоўнае — пакрыць тэрыторыю краіны, кліпы пачаць свае круціць і грошы атрымліваць з унутрырэклямных блёкаў».

З 15 кастрычніка кожную суботу MTV ладзіць рэклямную акцыю на Кастрычніцкай плошчы: на вялікім экране — беларускія кліпы.

Мова мэдыкаў ад культуры

На якой мове будуць зьвяртацца да гледачоў прыгожыя, модныя і рухавыя беларускія дзяўчынкі і хлопчыкі з самага папулярнага музычнага каналу, пакуль няясна. Валік кажа, што раскаванай моладзі, якая раскавана валодае белмовай, няшмат. Аднак хочацца верыць, што MTV загаворыць з намі на некандовай беларускай мове сьвежых і ўсьмешлівых маладзёнаў.

«Трэба памятаць, што цяпер размаўляць па-беларуску — высокі палёт, — лічыць Валік. — Мне на канале патрэбна мова, якая стварае клімат, бо беларуская мова — ня толькі цьвёрдыя «ч» і «р». Няхай сабе чалавек з польскім, украінскім акцэнтам «базарыць», галоўнае, каб свабодна».

Нават прасунутыя і сымпатычныя дызайнэры з Валікавага каналу скептычна ацэньваюць родную мову і яе пэрспэктывы. «Беларуская цяпер, як лаціна, — кажа Грышко. — На ёй размаўляюць толькі мэдыкі. Мэдыкі ад культуры». Сам Валік беларускай пабойваецца празь недасканалае веданьне. Тэксты пісаць ён давярае паэту-нонканфармісту Арцёму Кавалеўскаму, які працуе на MTV літаратурным рэдактарам.

Уцёкі ад музычнай прастытуцыі

Пяць гадоў таму Грышко паспрабаваў зрабіць музыку сваёй прафэсіяй. «Містэрыя гуку» прапанавала яму і яго музыкам кантракт. «Але ёсьць такая мудрая ісьціна: «Калі асалода робіцца працай, яна робіцца пракляцьцем», — разважае Грышко. — У прастытутак так атрымліваецца. Мы разгледзелі тады прапанову як вельмі сур’ёзную высылку на 300 канцэртаў у год. Да таго ж нашы патэнцыйныя працадаўцы самі да канца не маглі сабе ўявіць, як можна прадаць такую музыку, як наша, і нам трэба было неяк перастройвацца. Тады я вырашыў ня ставіцца да творчасьці прафэсійна. Хаця насамрэч канцэртаў цяпер не хапае».

Як і для пераважнай часткі творцаў, час для Валіка — штука дэфіцытная. Таксама для творчасьці не стае нармалёвага мікрафону і клявішаў, а гэта вельмі тармозіць працэс. Песень на дзесяць гадоў наперад напісана, цяпер застаецца ім, капрызным, увагу ўдзяляць.

Ежа для амбіцый

Музыку Грышка паважаюць людзі розныя — маладыя скептычныя электроншчыкі, прыдзірлівыя і разборлівыя, людзі сталейшага веку, якія вырасьлі з «Крамы» ды «Ўлісу». Валік прызнаецца, што ніякіх амбіцый у музыцы ў яго ніколі не было. Я паціскаю плячыма і слухаю пра «адзін вясёлы выпадак»: «Аднойчы ў Менск прыехаў гурт «Сегодня ночью» — мы мусілі быць у іх на разагрэве. Здаецца, для іх гэта былі першыя гастролі, першы канцэрт у Менску, а для нас гэта быў ужо нейкі мільённы выступ. Мы прыйшлі спакойныя, сачылі, як яны настройваюцца і нэрвова косяцца на нас, а тут і званок: «Валік, здароў, ня грайце сёньня, бо пацаны баяцца. Ці мала, раптам вы лепш выступіце, а яны лажануцца».

Падкормліваць амбіцыі маглі б розныя факты. Напрыклад, да Валіка дайшлі весткі, што ў канадзкай беларускай дыяспары ён — улюбёны музыка.

Шчасьце

— Можаш назваць сябе шчасьлівым?

— Магу.

Валік пакідае ўражаньне моцнага чалавека, які шмат дасягнуў, дайшоў да свайго посьпеху і сарваў яго голай рукой, без пальчаткі. Людзі цікавыя яму, і ён раскрываецца для іх, як бутон. Сам ён прызнаецца, што такую ўпэўненасьць у сабе адчуў гадоў пяць таму. Да таго часу таксама розным прыходзілася займацца.

— Я аптыміст, гэта галоўнае, — кажа Валік.

«Разрадку» наш герой знаходзіць у спорце: бегае, «грушу» каўбасіць.

Дзесяцігадовы сын музыкі Веня (у перакладзе з лаціны — любы сын) ходзіць на хакей, і бацька цалкам падтрымлівае яго выбар.

— Спорт я таксама лічу творчасьцю, — кажа ён. — Але, калі мой сын вырашыць стаць музыкам, падтрымаю яго. Нягледзячы на адсутнасьць грошай, гэта вельмі добры стымул да жыцьця. На жаль, у жыцьці часта выпадае выбіраць паміж творчасьцю і грашыма. І тая самая безграшовасьць людзей у Беларусі раздражняе Валіка больш за ўсё.

Хаця Грышко і аптыміст, і чалавекалюб, усё ж ён прызнаецца, што вакол яго няма нятворчых людзей, роўна як і лузэраў у блізкім радыюсе не відаць. Мабыць, шчасьлівыя і самадастатковыя прыцягваюць шчасьлівых і самадастатковых.

Мажорна

«Бурлівыя выходныя ў кожны дом!» — крычала б MTV, калі б прапагандавала Валікаў стыль жыцьця. Яно б заклікала да ранішне-вечаровай фізкультуры штодня, а таксама да тусовак, клюбаў, сяброў і дзяўчат. У Валіка ўсё адбываецца менавіта так. Яшчэ адзін абавязковы рытуал — штовечар займацца музыкай. Гадзіну як мінімум.

— Любімая мая страва — спагеці, — аблізваецца Грышко. — А піць люблю віскі, і вось яшчэ нядаўна моцна мне палюбіўся напой, які ў Турцыі клічуць ракіяй. Падобны да нейкіх саладкаватых лекаў, 43 градусы.

— Ці маеш сваю альтэрнатыву набору «кава і цыгарэты»?

— Гарбата і пячэньне, — усьміхаецца Валік і адразу ператвараецца ў малое дзіця. — Люблю салодкае. Ой, як люблю печаныя яблычкі!

Пра свой імідж Грышко думае, і думае яшчэ як. Ня можа намесьнік галоўнага рэдактара каналу, які рызыкуе стаць самым маднюшчым у Беларусі, «забіць» на зьнешні выгляд.

— Кожны чалавек павінен сачыць за модай, за сабой і за сваім стылем, — кажа Валік. — Хаця мода таксама ёсьць розная: ёсьць асобная ў мэталістаў, асобная ў хіп-хопэраў, асобная ў мажораў.

— А ты да каго належыш?

— Я да мажораў, — сочыць Валік за звычайнай рэакцыяй на гэтае «абразьлівае» слова і працягвае, каб нашы твары ня зморшчыліся, як сухая груша: — Гэта ня кепскае слова. Мажор — пазытыўны чалавек, які апранаецца па зьнешнім баку моды. У яго няма свайго акрэсьленага стылю, ён апранаецца, як апранаюцца ў тэлеку, ён пераймае нават манеру гаварыць. У гэтым няма нічога страшнага...

На гэтай у найвышэйшай ступені мажорнай ноце мы пакідаем Валікаў Пэнтагон, які павінен будзе стаць працай і прытулкам у найвышэйшай ступені глямурных людзей, якія празь нейкі час бліснуць вачыма з тэлеэкрану, здаўшыся нам спакушальнымі ці ня вельмі, прыгожымі ці ня надта, і вырашаць пытаньне мажорнасьці — не мажорнасьці мы будзем, гледзячы не на расейскіх аўрораў і маш маліноўскіх. Такія ў нас будуць свае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0