Менскае «Юнацтва» на сваёй пляцоўцы выйграла тры матчы запар і выйшла ў паўфінал Кантынэнтальнага хакейнага кубку.

Перад пачаткам чвэрцьфінальнага турніру, што прайшоў у Менску 14—16 кастрычніка, трэнэр «Юнацтва» Міхаіл Захараў у інтэрвію «Прессболу» заявіў: калі каманда не праб’ецца ў наступны раўнд, нічога кепскага не адбудзецца. Маўляў, мы аддаём прыярытэт нацыянальнаму першынству. Такое стаўленьне да эўратурніру тлумачыцца проста. У міжсэзоньне двухразовага чэмпіёна краіны пакінуў дзясятак гульцоў. Дый Кантынэнтальны кубак не карыстаецца вялікай пашанай у хакейных супэрдзяржаваў. Чэхія, Фінляндыя, Швэцыя, Славакія яго ігнаруюць. Асьцярожныя выказваньні сп.Захарава былі таксама выкліканыя тым, што ў супернікі «Юнацтву» па чвэрцьфінальнай групе трапіліся даволі моцныя супернікі — «Казцынк-Тарпэда» (Казахстан) ды апанэнт па Адкрытым чэмпіянаце Беларусі кіеўскі «Сокал». Каманды, вартыя як мінімум гульні ў паўфінале. Але лёсаваньне, заснаванае на геаграфічным прынцыпе, зьвяло ўсіх у адну групу.

У пятніцу менчукі лёгка расправіліся ці не з галоўным сваім апанэнтам — казаскім «Казцынкам-Тарпэда»: 4:0. Зрэшты, казаскім клюб зьяўляецца па месцы прапіскі — Усьць-Каменагорск. За каманду гуляюць толькі два прадстаўнікі карэннае нацыі, астатнія ўсе маюць славянскія прозьвішчы. Мо таму «Казцынк» і запісаўся ў вышэйшую лігу (дывізіён «Усход») расейскага чэмпіянату. Калі ж сур’ёзна, у казастанскіх стэпах годных супернікаў для гульні ў хакей няма.

У суботу 15 кастрычніка «Юнацтва» гуляла з «Хакай», што прадстаўляе аўтаномную вобласьць Арагон — паўночны ўсход Гішпаніі. Пакуль слова «Хака» больш вядомае не як назва хакейная каманды, а як назва гораду са слаўным гістарычным мінулым. У 860 г., на досьвітку Рэканкісты, у яго ваколіцах граф Аснар нанёс паразу маўрам, потым за маўраў узяўся знакаміты Сыд. У сярэдзіне ХІ ст. горад стаў першай сталіцай Арагонскага каралеўства — адной з апор барацьбы супраць арабаў. У 1479 г. дзякуючы дынастычнаму саюзу паміж Ісабэль Кастыльскай і Фэрнанда Арагонскім паўстала сёньняшняя Гішпанія. А Хака, як Наваградак, ператварылася ў ціхі правінцыйны гарадок з насельніцтвам у 12 тысяч чалавек.

На Пірэнэях хакей — рэч аматарская, і ў чэмпіянаце краіны няма і дзясятка камандаў. Усе гульцы чэмпіёна Гішпаніі «Хакі» недзе яшчэ працуюць і на трэніроўкі прыходзяць пасьля працы. Нават замежнікі — Сяргей Гаркуша, Данііл Дзідкоўскі, Ненад Мілінкавіч — ніякія не легіянэры, а гастарбайтэры, што ў вольны ад працы на гішпанскіх прадпрыемствах час вырашылі пагуляць у хакей. Такі прынцып камплектаваньня каманды накладае адбітак на яе замежныя камандзіроўкі. Украінскі трэнэр «Хакі» Аляксандар Кулікоў ледзь назьбіраў гульцоў на тры пяцёркі. Ня здолеў прыехаць у Менск гішпанскі паліцыянт Хуан Іруэла, які ў вольны ад праваахоўнае дзейнасьці час гуляе за «Хаку». У часы тэрарыстычнае пагрозы праца паліцэйскага ў Гішпаніі надта запатрабаваная.

Супраціўляліся арагонцы першыя дванаццаць хвілін гульні. Пасьля на працягу адной хвіліны беларусы двойчы (Арцём Волкаў і Віктар Касьцючонак) прымусілі Хасэ Алёнса выцягваць шайбу з варотаў. На 18-й хвіліне «Юнацтва» забіла трэцюю шайбу, у другім пэрыядзе — яшчэ тры. Даводзіць лік да двухзначнага выхаванцы М.Захарава ня сталі, спыніўшыся на 8:0.

У сярэдзіне другога пэрыяду галкіпэр гішпанскага клюбу атрымаў моцны ўдар шайбай у маску. Пастаяў некалькі дзясяткаў сэкундаў. Да яго па чарзе пад’яжджалі таварышы па камандзе, арбітры, ляпалі па плячы: ну як ты, браток, жывы? Жывы. Хасэ Алёнса знайшоў сілы працягнуць гульню.

«Юнацтва», якое гуляла ў суботу ў сымпатычных сіне-чырвоных швэдрах зь мілымі беларускаму воку бел-чырвона-белымі ўстаўкамі, правяло сапраўдную майстар-клясу аматарам з Арагону. Але што ўзяць з аматарскага клюбу?

Закінуць адзіную шайбу брамніку «Юнацтва» Сьцяпану Гарачэўскіх арагонцы здолелі толькі ў сэрыі пасьляматчавых булітаў. Паводле рэглямэнту, буліты прабіваюцца, нягледзячы на вынік матчу. Робіцца гэта дзеля відовішчнасьці.

У суботу «Казцынк» перамог «Сокал», і матч «Юнацтва» з украінскай камандай ператвараўся ў фармальнасьць. Але менчукі, на радасьць гледачам, выйгралі й тут — 2:1.

Паўфінальны раўнд Кантынэнтальнага кубку пройдзе ў Славеніі з 18 па 20 лістапада. Супернікамі «Юнацтва» будуць мясцовы «Акроні», «Рыга-2000» ды францускі «Грэнобль». Фінал кубку пройдзе ў вугорскім Сёкешфэхэрвары (13—16 студзеня). Вядомыя ўжо тры каманды-фіналісткі — вугорскі «Алба Волан», швайцарскі «Цюрых» і тальяцінская «Лада». Праўда, апошняя мае цяпер вялікія праблемы зь фінансамі. Ніякія штучныя абароны і надуманыя пошліны расейскага аўтамабільнага рынку не далі станоўчага выніку, і «Аўтаваз» — спонсар «Лады» — скарачае спонсарскія выдаткі, у тым ліку й асыгнаваньні на спорт. Так што клюб, за які выступае беларус Алег Белкін, стаіць перад пагрозай распаду. І ня факт, што возьме ўдзел у вугорскім фінале.

Наступны ж вялікі хакей у Менску чакаецца ў сьнежні, калі Беларусь прыме ўдзельнікаў юнацкага чэмпіянату па хакеі ў дывізіёне «В», а айчынная зборная паспрабуе вярнуцца ў эліту наймацнейшых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0