У Сан-Люісе (Аргентына) прайшоў чэмпіянат сьвету па вэрсіі ФІДЭ (прэзыдэнт — Кірсан Ілюмжынаў).

Дагэтуль чэмпіёнам сьвету быў Рустам Касымжанаў з Узбэкістану, які заваяваў тытул падчас спаборніцтваў у Лівіі, дзе не гулялі наймацнейшыя. Сёлета Касымжанава меўся праэкзамэнаваць «грозны Гары». Але Каспараў нечакана для многіх пакінуў шахматы ўзімку. Гэта стала ўдарам па прэстыжы гульні, і ФІДЭ тэрмінова пераўтварылася ў пажарную каманду. Урэшце, дамовіліся пра кругавы турніра для топ-эліты (восем чалавек) з прызавым фондам у мільён даляраў.

Рэйтынг-фаварытамі ў Сан-Люісе былі баўгарын Весялін Тапалаў, індус Вішы Ананд. Іх ды Пэтэра Лека сам Каспараў называў галоўнымі прэтэндэнтамі на першынство. Фэміністкі ж трымалі кулакі за Юдыт Полгар — адзіную жанчыну ў турніры. Але вугорка ня спраўдзіла іх чаканьняў, заняўшы апошняе месца — 4,5 бала з 14. Першынстваваў Тапалаў: шэсьць перамог, восем нічыіх (10 балаў). Другое месца ў Ананда, трэцяе — у расейца Пятра Сьвідлера (па 8,5 бала).

Постаць новага чэмпіёна сьвету знаёмая аматарам: зь сярэдзіны 1990-х яго імя пастаянна мільгае ў шахматных навінах. Гэта 30-гадовы халасьцяк, што вырас у горадзе Русе, на румына-баўгарскім памежжы. Міжнароднага майстра заваяваў у 14 гадоў, гросмайстар стаў з 17-ці. Ягоны стыль камэнтатары параўноўваюць з алёхінскім або фішэраўскім. Прагматычны спартовец, моцны ў любых пазыцыях: бліскуча завяршыўшы першы круг у Аргентыне, у другім ахвотна пагаджаўся на нічыі, абы захаваць адрыў ад канкурэнтаў. У адрозьненьне ад чэмпіёна-2002 украінца Руслана Панамарова, Тапалаў далёкі ад «шахматнай палітыкі».

Беларусам таксама варта парадавацца перамозе баўгарына: хоць ён цяперака жыве ў Гішпаніі, але ж паходзіць зь небагатай «няшахматнай» краіны цэнтральнаэўрапейскага рэгіёну. То, можа, і ў нас калі-небудзь свой Тапалаў зьявіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0