Беларуская музыка зломіць беларускую дыктатуру.

Калі нехта думае, што назву артыкулу падказала савецкая школьная праграма, то памыляецца. Чарнышэўскі тут ні пры чым. Натхніў мяне, хутчэй, музычны жарт Зьмітра Бартосіка, які Купалаў верш «Мужык» паклаў на кампазыцыю рок-гурту «Смоўкі» «What can I Do?» Падаецца, што аўтар жарту і сам не зразумеў, што ён зрабіў. Нехта ўбачыў у «Што мне рабіць?» пародыю на культавы рок-гурт, нехта — зьдзек з клясычнага тэксту. Мне ж бачыцца ў гэтым спантанны культурніцкі акт, поўны глыбокага сымбалічнага сэнсу. Але, зноў жа, гаворка пойдзе не пра Купалу і не пра «Смоўкі». Хоць часткова гаворка тычыцца рок-музыкі. Але пра яе — крыху пазьней.

Простая гісторыя

Тэлеканал «Лад» быў задуманы як аналяг расейскага каналу «Культура». Ён мусіў паказваць найлепшыя перадачы гэтага каналу, а таксама — яшчэ найлепшыя перадачы ўласнай вытворчасьці. Але ў выніку «Лад» стаў нагадваць у найлепшым выпадку расейскі тэлеканал «Спорт». А большасьць перадач расейскай «Культуры» ў Беларусі можна назіраць цяпер толькі праз спадарожнік — на канале «РТР-Плянэта». Кажу пра гэта са шкадаваньнем не таму, што Беларусь нібыта апынулася ў ізаляцыі ад расейскай культуры. Тэлебачаньне, у прыватнасьці расейскае, да культуры ў высокім сэнсе слова мае вельмі ўскоснае дачыненьне. Аднак часам чужыя непалітычныя тэлепраграмы, зробленыя дзеля чыста ўнутранага спажываньня, дапамагаюць паглядзець на сябе як бы звонку.

Так, расейская перадача цыклю «Тым часам» была прысьвечаная 100-годзьдзю царскага маніфэсту 17 кастрычніка, які абвясьціў грамадзянскія свабоды для насельнікаў імпэрыі. Але размова за круглым сталом вялася ня столькі аб падзеях 1905 г., колькі аб тым, ці ёсьць гісторыя сама па сабе шматварыянтнай альбо яна разьвіваецца паводле прадвызначанага аднойчы і назаўсёды шляху. Адзін з удзельнікаў круглага стала, прадстаўнік расейскай акадэмічнай навукі, сфармуляваў адказ ляканічна: у расейскай гісторыі ніколі не было альтэрнатывы, тым больш лібэральна-дэмакратычнай. Гісторыя Расеі заўсёды была й назаўсёды застанецца гісторыяй імпэрскай ды праваслаўнай. І ў гэтым палягае веліч дзяржавы. Што ж да свабоды выбару, дык, на думку расейскага навукоўца, чалавек можа разглядаць айчынную гісторыю зь іншага — не імпэрска-праваслаўнага гледзішча. Але тады гэты чалавек ня мае права называцца расейцам і лічыць сябе патрыётам. Яго трэба разглядаць як ворага народу.

Цудоўным чынам расейскі прафэсар, сам таго ня ведаючы, сфармуляваў тыя прынцыпы, на якіх грунтуецца ня толькі расейская афіцыйная гісторыя, але і сучасная дзяржаўная ідэалёгія ў Беларусі. Альбо ты прымаеш дзяржаўную ўладу на чале з прэзыдэнтам як нейкую дадзеную небам адзіна магчымую рэальнасьць і пры гэтым падзяляеш праваслаўныя каштоўнасьці (у крайнім выпадку лічыш сябе праваслаўным атэістам), альбо ты — вораг народу.

Тое, аб чым хацелі сказаць, але саромеліся

Шаноўны прафэсар шчыра сказаў тое, што большасьць расейскіх палітыкаў, палітолягаў, журналістаў заўсёды мела на ўвазе, але аб чым саромелася адкрыта казаць. Расея — імпэрская праваслаўная дзяржава, народу якой, маўляў, дэмакратыя не патрэбная і нават шкодная. А патрэбны бізун і царква. Можна падзякаваць прафэсару за такую шчырасьць. Аднак, напэўна, ён вельмі зьдзівіўся б, калі б яму сказалі, што акрамя расейскага існуе беларускі народ, у якога ёсьць свая ўласная гісторыя й свой погляд на яе. Што беларускія гісторыкі не атаясамліваюць гісторыю Беларусі з гісторыяй Расеі і ня лічаць, што Беларусі наканавана быць у складзе «адзінай і непадзельнай» імпэрыі.

Удзельнікі перадачы дружна сышліся на тым, што падзеі 1991 г. неяк ня ўпісваюцца ў слаўную гісторыю вялікай расейскай дзяржавы. Адсюль выводзілася думка, што менавіта дэмакратычныя рынкавыя рэформы, перанятыя на Захадзе, сталі згубнымі для імпэрыі. Магчыма, гэта так і ёсьць. Але ж не даводзіцца спрачацца і з тым, што распад СССР, які стаў магчымы ў выніку дэмакратычных пераўтварэньняў, даў Беларусі шанец зрабіцца незалежнай дзяржавай, што перад ёй зьявілася альтэрнатыва: заставацца ў імпэрыі ці знайсьці свой шлях у гісторыі.

Няўжо ў каго-небудзь з сучасных беларускіх дзяржаўных ідэолягаў ёсьць сумненьні ў тым, што згортваньне дэмакратыі ў Расеі, вяртаньне яе на шлях праваслаўнае імпэрскасьці — непасрэдная і рэальная пагроза для Беларусі? Няўжо застаўся хоць адзін сур’ёзны палітоляг ці палітык, здольны паверыць, быццам менавіта з Расеі прыйдуць да беларусаў парлямэнцкая дэмакратыя, свабода слова й веравызнаньня? Расейскія палітолягі й гісторыкі самі даўно ў гэта ня вераць. А ў Беларусі — усё яшчэ вераць?!

Бязьядзерны шантаж

Як бы ні ставіўся кіраўнік Расеі да кіраўніка Беларусі, ён усё адно будзе бачыць Беларусь усяго толькі васальнай тэрыторыяй. Так яго вучылі ў школе. У Асманскай імпэрыі некалі быў такі звычай. Доўгія гады першы візыр служыў у літаральным сэнсе слова падстаўкаю для ног султана, калі той сядзеў на троне. Але прыходзіў тэрмін, візыр рабіўся султанам, і тады ўжо наставала чарга былога султана служыць падстаўкаю для ног уладара.

Народ, вядома, захоўвае маўчаньне. У гэтым палягае сэнс расейскае гісторыі — у тым выглядзе, як яе падаюць расейскія гісторыкі ва ўнівэрсытэтах і ў самых інтэлектуальных расейскіх тэлепраграмах. З гледзішча такой гістарычнай навукі, Захад — носьбіт вірусу разбурэньня мітычных духоўных якасьцяў ды саборнасьці, а дэмакратыя — смута, зачыншчыкаў якой трэба саджаць на кол.

Таму спадзявацца, што Расея зь нейкай фантастычнай прычыны падтрымае раптам на якіх хочаш выбарах у Беларусі дэмакратычную апазыцыю, — значыць страціць пачуцьцё рэальнасьці. Па-першае, перамога дэмакратыі ва ўсё яшчэ палітычна залежнай ад Крамля Беларусі азначала б для яго самае страшнае — перамогу нацыяльна-вызваленчага руху на апошняй саюзнай тэрыторыі, крах дэспатыі. Што, як мы высьветлілі, і ёсьць квінтэсэнцыяй праваслаўнай цывілізацыі.

Зь іншага боку, баяцца сёньня ЗША і NATO, баяцца паўтарыць лёс Іраку ці былой Югаславіі — значыць заставацца на ўзбочыне эўрапейскай гісторыі. Стаць клясычнай тыраніяй усходняга кшталту у Беларусі наўрад ці ўжо атрымаецца. Стаць Паўночнай Карэяй у цэнтры Эўропы — таксама. У Беларусі няма ядзернай зброі.

Замест зброі масавага зьнішчэньня можна, праўда, пагражаць суседзям наркатрафікам, патокамі нелегальнай міграцыі, распаўсюджваньнем СНІДу й птушынага грыпу. Гэтак некалі ў сярэднявеччы некаторыя бадзягі зараблялі на жыцьцё, пагражаючы сустрэчным на дарозе тым, што дакрануцца да іх сваімі язвамі ад праказы (часам фальшывымі), або якой іншай хваробай. Маўляў, плаці грошы, а то заражу! Што і казаць, шантаж — годны занятак для эўрапейскай дзяржавы на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя.

Вынас муміі

Ну і, нарэшце, наконт цывілізацыі. Наконт саматоеснасьці нацыі, мовы, індывідуальнасьці чалавека. Нам ужо шмат гадоў даводзяць, што ўсяму гэтаму пагражае Захад. Ён, Захад, ёсьць пагрозай цывілізацыі. Якой цывілізацыі? Савецкай, якая адыходзіць у нябыт? Праваслаўнай? Мусульманскай? Можа, старажытнаэгіпецкай? Адну мумію, дарэчы, так і пакінулі ляжаць на Краснай плошчы ў праваслаўнай сталіцы. Кажуць, што вынас муміі з маўзалею абразіў бы пачуцьці мільёнаў людзей, якія служылі ідэалам камунізму. Іншымі словамі — гэта абразіла б, сярод іншых, былых ахоўнікаў сталінскага ГУЛАГу, чэкістаў і сексотаў, судзьдзяў і пракурораў, якія выносілі прысуды. Хіба можна чапаць такіх людзей у краіне, якая ганарыцца сваім імпэрскім мінулым?

На пачатку новага тысячагодзьдзя група брытанскіх лінгвістаў правяла кампутарнае дасьледаваньне самых розных тэкстаў — ад старажытных летапісаў да сучасных песьняў і рэклямных брашур з мэтай высьветліць, якое слова можна лічыць найбольш папулярным і характэрным для апошняга тысячагодзьдзя, стагодзьдзя, дзесяцігодзьдзя. Словам другога тысячагодзьдзя ў ангельскай мове было прызнана слова «she» — яна. Бо да гэтага ангельцы абыходзіліся ў размове без жаночага роду. Словам ХХ ст. прызнана слова «jazz». І словам дзевяностых стала слова «web», што супала з глябальным пашырэньнем Інтэрнэту.

Калі б дасьледаваньне адносна папулярнасьці таго ці іншага слова, запазычанага з ангельскай мовы, праводзілася ў краінах СНД, то слова «джаз» было б апярэджана іншым словам — «рок».

За савецкім часам джаз і рок не ўдалося вытруціць з жыцьця ніякімі сродкамі. Рок-музыку дазвалялі слухаць толькі ў абмежаванай колькасьці, пад наглядам цэнзараў і штатных ідэолягаў. Даводзілі, што рок разбурае слых, здароўе, жыцьцё. Рок, як выявілася, сапраўды меў разбуральную сілу. Ён разбурыў стэрэатыпы й бар’еры паміж людзьмі розных сацыяльных, расавых і рэлігійных груп, фальшывыя каштоўнасьці й крывадушнасьць грамадзтва спажываньня. Ён разьняволіў мільёны людзей. Насуперак марксісцкай максыме аб тым, што свабода — гэта ўсьвядомленая неабходнасьць, рок-музыкі даводзілі сваёй творчасьцю, што свабода — гэта калі чалавек адчувае сябе вольным і нічога не навязвае астатнім.

Рок утварыў рэвалюцыю ў розумах і ў Амэрыцы, і ў Брытаніі, і ў Чэхаславакіі, і ў Польшчы. У ЧССР гурт «Плястык піпл оф зэ юнівэрз», музыкі якога адседзелі некалькі год у турме за «падрыў сацыялістычнага ладу», зрабіўся культавым. Варта згадаць, што Карэл Глаўса і ягоныя сябры сьпявалі па-чэску. Таксама як у Польшчы па-польску сьпявалі «Чэрвонэ гітары», «Скальды», Чэслаў Немэн. Усе гэтыя прыклады, як і прыклад нямецкага «Рамштайну», абвяргаюць міт пра тое, што фэномэн року быў і ёсьць выключна ангельскім ці амэрыканскім. Рок належаў і належыць усім свабодным людзям.

Разам нас багата

Зразумела, я далёкі ад таго, каб назваць рок-музыку галоўным дасягненьнем цывілізацыі ХХ ст. Але калі мне прапануюць выбар — лічыць галоўнай падзеяй мінулага стагодзьдзя сусьветныя войны, крэматорый, атамную бомбу, кампутар ці нешта падобнае, я выберу… «Бітлз». Ну і яшчэ «Пінк флойд», «Дып пэрпл», «Лэд зэпэлін». І «Краму» з «N.R.M.». І «Нэўра Дзюбэль». І яшчэ гурт з Гомелю «Годз таўэр», які шмат гадоў грае гатычны рок, сьпявае па-ангельску й мае прыхільнікаў у Шатляндыі. Кожны сам можа прапанаваць свой сьпіс гуртоў розных кірункаў — ад гард-року да рэгі й рэпу.

Для мяне і майго пакаленьня рок асацыюецца з падзеньнем Бэрлінскага муру й вызваленьнем ад таго кашмару, які панаваў над сьветам і называўся «процістаяньнем дзьвюх грамадзкіх сыстэм». Калі я гавару пра маё пакаленьне, то маю на ўвазе, зразумела, ня ўзрост. Я маю на ўвазе тых, хто слухае рок. Ня так ужо й важна, на якой мове. Рок — гэта таксама мова.

Але нездарма кажуць, што «пасьля трыццаці з музыкай нешта адбываецца». Яна ўжо не прыносіць былога задавальненьня. Для мяне й майго пакаленьня, якому выпала жыць у Беларусі ў другой палове ХХ ст. ва ўмовах «стабільнасьці», надышоў час выпрабаваньня. Выпрабаваньне тычыцца ня музыкі, бо ўсё напісанае, акрамя папсы, застаецца. Гэта выпрабаваньне на ўласную сапраўднасьць. Мана, фальш, няшчырасьць, дэмагогія, ілжывы патас — тое, што выклікала наша непрыманьне, супраціў, ярасьць, — усё гэта вяртаецца цяпер нібы ў насьмешку, нібы ў пакараньне за наш канфармізм, ляноту й разбэрсанасьць. Не, мы не зрабілі ўсяго, што маглі. Не зрабілі нават і сотай долі. Бо заўсёды лічылі палітыку бруднай справай, якой не павінны займацца нармальныя людзі. Мабыць, так і ёсьць. Пакінем палітыку палітыкам. Але аднойчы нават палітыкі становяцца чымсьці большым, чым звычайна, — напрыклад, калі яны выходзяць на Майдан Незалежнасьці разам з тысячамі простых людзей і над Майданам гучыць: «Разам нас багата — нас не падалаты!..»

«Фронт, фронт, фронт!» — гучалі некалі рэфрэнам на мітынгах словы Сержука Сокалава-Воюша, якія ён сьпяваў пад гітару. Так хочацца зноў некалі ўбачыць дзе-небудзь на вуліцы Менску ці Горадні ягоную нязьменную бел-чырвона-белую стужку на галаве. Па гэтай стужцы заўсёды можна было яго пазнаць яшчэ здалёк. Сяржук некалі прызнаўся ў гутарцы, што ня любіць і не разумее рок-музыкі. Падобна да мальераўскага пэрсанажа, які ня ведаў, што ўсё жыцьцё гаворыць прозай, паэт і не здагадваўся, што ягоныя песьні маюць дачыненьне да року — калі не паводле формы, дык паводле зьместу.

Сілу можна зламіць сілай. Але тады на зьмену тырану прыходзяць іншыя тыраны. Сілу інэрцыі й агульнай паныласьці, якая ёсьць апірышчам дыктатуры, можна зламіць толькі іроніяй, разьняволенасьцю ды адчуваньнем унутранай свабоды.

Можа быць, для пачатку прыдасца «Што мне рабіць»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0