На Дзяды

Восень — журлiвая пара замiраньня ўсiх благiх i добрых пажаданьняў.

Пара, калi замiраючая прырода выяўляе так магутна сваю ўладу над душой свайго кволага сына — чалавека.

Замiрае прырода, — i на пустых палёх лунае адно сум бязьмежны i журба. I ў тон iм зьвiняць струны душы чалавечай.

Зацiхлi яркiя, поўныя сонечнага бляску i сiлы жывiльныя песьнi жняi. Над зжатай нiвай плывуць такiя знаёмыя, такiя страшэнна жаласьлiвыя i хапаючыя за сэрца тоны i словы восеньскiх песень…

I якiмi ж далёкiмi i чужымi становяцца тады ўсе нашы будныя справы!

У такiя хвiлiны душа шукае супачынку ад гора i бед жыцьцёвых у засьветных прасторах бяз конца, а слухмяная думка творыць другi сьвет — на той бок сьмерцi, насяляючы яго другiмi, бесьцялеснымi iстотамi.

Там, у тым iншым сьвеце, жывуць душы нашых продкаў, нашых «дзядоў». Да iх у днi восеньскiх настрояў, у днi адмогi духовае i тугi зварочваюцца мысьлi народу. У лучнасьцi, у яднаньнi зь iмi знаходзiць душа супакой.

Вось чаму ўвосенi народ наш спраўляе i сьвята «Дзядоў»: стомлены цяжкой працай за лета, захоплены сумам замiраючага жыцьця палёў, ён чарпае новую сiлу, новую моц душы ў глыбокай веры ў несьмяротнасьць iстоты чалавека, у веры ў жыцьцё за гробам i ў неразрыўнасьць духовае сувязi з нашымi нябожчыкамi.

Заўтра — дзень «Дзядоў». Заўтра ўвечары ў сялянскай хаце пры сьвятле лучнiка, сярод паважнага, урачыстага настрою сабранае сямейкi, гаспадар паднiме першую чарку гарэлiцы i будзе кропля па кроплi лiць яе на зямлю, памiнаючы iмёны сваiх «дзядоў». Адвечная ахвяра памершым! А пасьля па лыжачцы кожнае стравы паложаць у мiску i за вокны нанач паставяць — для душачак родных, што роем над хатай зьлятуцца…

Памянём жа i мы нашых родных, дарагiх «дзядоў» духовых — сябраў тае сямейкi iдэалiстаў, што ў безупыннай рупнай працы для Бацькаўшчыны, для вялiкае iдэi адраджэньня свайго народу кропля па кроплi пралiлi сваю кроў сардэчную i без пары паляглi ў магiлы! Пабудзьма зь iмi гэты сьвяты вечар думкамi нашымi i ў чыстасьцi i сьвятасьцi родных нам душ пачарпайма сiлу i гарт дзеля далейшае службы сьвятой i вялiкай справе беларускай.

Друкуецца паводле: Наша Ніва. 1920. 1 лiстапада — дзе апублiкавана ўпершыню пад псэўданімам Ант.Навiна

У дзень памершых

2-га лістапада — паводле адвечнай традыцыі — Вільня ўрачыста спраўляла Дзень Задушны.

Мо навет залішне ўрачыста — урачыста «па-казённаму», залішне афіцыяльна: паходы нялічаных дэлегацыяў з аркестрамі і сьцягамі на могілкі — зусім такія ж, як і тыя, што ў нейкія афіцыяльныя «сьвяты» адбываюцца на Лукіскім пляцу з тымі ж аркестрамі, з тымі ж сьцягамі, а тым жа натоўпам «цікавых». Холадам веець ад усяго гэтага, — нечым штучным, робленым…

Гледзячы на той «кірмаш», які адбываецца ў Задушны Дзень на віленскай Росе, мімаволі зварачаесься думкай у даўныя, даваенныя часы. Вялікай павагай адзначалася тады адведваньне могілак у гэты дзень. Для моладзі гэта быў дзень асабліва памятны: нягледзячы на забарону царскае ўлады, нягледзячы на паліцэйскія кардоны, моладзь ішла на магілы сваіх ідэйных павадыроў і там, слухаючы прамоваў аб даўно зышоўшых у магілы ідэйных барацьбітах, сама глыбака захоплівалася ідэяй ахвярнае грамадзкае працы, ідэяй служэньня свайму народу. І з маладых грудзей вырываліся словы песьняў, словы гарачага пратэсту проці чужацкага панаваньня…

Цяпер Дзень Задушны — гэта дэманстраваньне вызваленьня польскага народу, адбудовы Польскае дзяржавы. Зьмяніліся настроі, зьмяніўся і характар сьвяткаваньня.

***

Стары настрой у гэты Дзень Памершых бачым над магіламі беларускіх дзеячоў, пахаваных на магільніку Роса. Бо толькі для нас словы й думкі памершых павадыроў нашых маюць усьцяж значэньне запавету ясьнейшае будучыні, за якую трэ яшчэ доўга і ахвярна змагацца. Мы ўсьцяж яшчэ, думаючы аб мінулым, мусім з сумам сьцьвярджаць, што сучаснасьць нашая — шэрая, бязрадасная, што толькі недзе «далёка ўперадзе агні»… Вось чаму зь іншым настроем прыходзяць на Росу беларусы, чым іх суграмадзяне палякі; вось чаму нам балюча б’ець у гэты дзень па нэрвах той «кірмаш», які адбываецца на Росе…

Ня дух трыюмфу, а дух жалобы лунае над беларускімі магіламі і так добра тануецца з шэрым асеньнім днём, з тымі чорнымі, блізу зусім ужо аголенымі галінамі дрэў, што сумныя песьні шумам сваім напяваюць Памершым.

Ня шмат нашых магілаў на Росе. Ядвігін Ш., К.Сваяк — гэтыя імёны абмежываюць лік нашых тварцоў красы ў слове, злажыўшых свае косьці ў зямлі адвечнае сталіцы Краю. І калі да іх мы ў Дзень Памершых маем можнасьць прыйсьці і думкамі нашымі зь імі зьліцца ў вадно, — дык тым болей трэба ўспамянуць аб тых Сьветлых Ценях, што паміралі далёка ад нас, — сярод чужых людзей, на чужой зямлі.

У Татрах — у Закапаным — памёр Бацька Беларускага Адраджэньня Іван Луцкевіч. Там скромны драўляны крыж адзначае магілу Таго, хто ўсё жыцьцё сваё аддаў на служэньне Беларускаму Народу, хто так поўна, да канца згарэў за Беларускую Ідэю.

У сталіцы СССР — Маскве — ляжаць косьці аднаго э найбліжэйшых таварышоў-супрацоўнікаў Ів.Луцкевіча — Аляксандра Бурбіса (быў пахаваны ў Менску, на Старажоўскіх могілках. — А.С.). І той усё жыцьцё аддаў Беларускай Справе, і той, як першы, памер на сваім становішчы…

У Ялце — на Крыме — пахаваны Максім Багдановіч, слаўны Пясьняр Чыстае Красы, які творчасьцяй сваей узбагачваў душу Народу, расчыняў яму вочы на вялікую сілу Хараства.

Недзе каля Лодзі ляжаць косьці Алеся Гаруна (пахаваны ў Кракаве. — А.С.), сасланага царскім урадам на вечнае жыцьцё ў далёкую Сібір, дзе й загубіў свае сілы маладыя, ня маючы магчымасьці служыць імі свайму Народу. Толькі к канцу жыцьця вярнуўся на Бацькаўшчыну, скуль ізноў ліхая доля яго выгнала на чужыну…

Яны далёка ад нас, і ніхто ня прыйдзе на іхнія магілы ў Дзень Памершых, ніхто не пакладзе вязанкі красак, ніхто не запаліць сьвечкі. Дык няхай жа ў памяць аб іх загарыцца ў сэрцах нашых полымя такое ж вялікае любові да Бацькаўшчыны і свайго Народу, якое гарэла ў сэрцах дарагіх нам Нябожчыкаў, няхай наша праца для сьвятое ідэі, якой служылі яны, аб’яднае нас зь імі!

Вера ў магчымасьць павароту душ памершых да жывых, якая ў Дзень Задушны так ярка выяўляецца ў другіх грамадзянствах, мусіць быць асабліва крэпкая ў нас, у беларусаў: бо ж чатыры разы ў год спраўляюцца ў нас Дзяды, чатыры разы ў год адбываецца памінаньне блізкіх нам нябожчыкаў. І вось, у сувязі зь сёлетнім Днём Памершых, мы хочам падаць нашаму грамадзянству думку, беспасрэдна вынікаючую з народных адносінаў да сваіх «дзядоў».

Калі тут, у Вільні, дзе ёсьць даволі многа беларускае інтэлігенцыі, магілы беларускіх дзеячоў і барацьбітоў за наш Народ маюць апеку й дагляд, дык ні апекі, ні дагляду ня маюць магілы тых, хто пахаваны па-за Вільняй. Запраўды: хто быў калі на магіле Цёткі, хто ведае, дзе магіла Алеся Гаруна, як выглядае месца вечнага супачынку Івана Луцкевіча? Дык вось: неабходна было б наладзіць грамадскую акцыю дзеля апекі над магіламі памершых павадыроў беларускага адраджэнскага руху, акцыю адведываньня іх — тут у краі, акцыю прывозу ў родную зямлю костак тых, хто ляжыць і нудзіцца ў чужой зямлі.

Акцыя апекі над магіламі заслужаных беларусаў павінна абняць ня толькі магілы тых, што сталіся агульнанацыянальнымі Сьвятымі. Кожнае места, кожная вёска мае, напэўна, і сваіх мясцовых дзеячоў, заслужыўшых на грамадзкую пашану, і іхнія магілы мусяць стацца ў Дзень Памершых месцам зборак і яднаньня думкамі зь нябожчыкамі.

Ня будзем сяньня разьвіваць падрабязнага праекту арганізацыі такое акцыі; напамінаем толькі нашаму грамадзкаму сумленьню абавязак жывых у адносінах да памершых.

Друкуецца паводле: Беларускі звон. 1932. 5 лістапада — дзе апублікавана ўпершыню пад крыптанімам А.Н. Пад тэкстам дата: 2.XI.1932 г.

Падрыхтаваў да друку

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0