«Шахтар» — датэрміновы чэмпіён

У мінулую суботу салігорскі «Шахтар» за два туры да фінішу заваяваў залатыя мэдалі чэмпіянату Беларусі па футболе. 22 кастрычніка гарнякі ўпэўнена перамаглі на сваім полі жодзінскі «Тарпэда» — 4:0. Цяпер галоўная інтрыга нацыянальнага першынства палягае ў тым, хто заваюе сярэбраныя і бронзавыя мэдалі і, адпаведна, пуцёўкі ў Кубак УЭФА і Кубак Інтэртота.

На прызавыя месцы прэтэндуюць ажно шэсьць камандаў — «Дынама» (Менск), «Тарпэда» (Жодзіна), МТЗ-РІПА (Менск), БАТЭ (Барысаў), «Дняпро» (Магілёў), «Гомель».

Сёе-тое можа праясьніцца ў найбліжэйшую нядзелю (30 кастрычніка), калі на сталічным стадыёне «Дынама» туру згуляюць менскае «Дынама» і «Шахтар». Кіраўніцтва галоўнай арэны краіны зрабіла ўваход на стадыён бясплатным, дый сыноптыкі абяцалі ў гэты дзень пагоду. Пачатак матчу а 14-й.

Кітайскі мур

Ну Кубку сьвету па настольным тэнісе, што прайшоў на мінулым тыдні ў бэльгійскім Льежы, Уладзімер Самсонаў заняў чацьвёртае месца. У турніры бралі ўдзел 16 наймацнейшых тэнісістаў сьвету, большасьць, па традыцыі, прадстаўнікі Азіі. Нягледзячы на падтрымку трыбун — Уладзімер гуляе таксама за бэльгійскі «Шарлеруа», — у паўфінале беларус прайграў кітайцу Ван Хао, а ў матчы за трэцяе месца — ва ўпартай барацьбе ягонаму суайчыньніку, аднаму з самых тытулаваных тэнісістаў сьвету Ма Ліню ў шасьці сэтах. Нагадаем, што Самсонаў двойчы перамагаў у Кубку сьвету — у 1999 і 2001 гадах.

Холіфілд вяртаецца

Пацьвярджаюцца чуткі пра тое, што былы чатырохразовы чэмпіён сьвету ў супэрцяжкай вазе Эвандэр Холіфілд, якому Майк Тайсан неяк адкусіў вуха, прадоўжыць сваю кар’еру ў Эўропе — Атлетычная камісія штату Нью-Ёрк адхіліла яго ад выступаў на прафэсійным рынгу ў ЗША. Холіфілду прапанавалі 17 сьнежня выступіць на турніры ў Нямеччыне.

Раманаў шукае трэнэра

Літоўскі бізнэсовец Уладзімер Раманаў, уласьнік футбольнага холдынгу, што яднае клюбы «Хартс» (Эдынбург), «Каўнас» і МТЗ-РІПА (Менск), шукае новага галоўнага трэнэра для шатляндзкага клюбу. На пост галоўнага трэнэра «Хартсу» — Раманаў на днях выкупіў чарговую порцыю акцый эдынбургскага клюбу — разглядаецца некалькі кандыдатур, сярод іх такія знаныя футбольныя спэцылісты як сэр Бобі Робсан ды італьянец Нэвіё Скала. Апошні таксама разглядаецца ў якасьці «коўча» нацыянальнай зборнай Беларусі. У будучы трэнеэрскі штаб эдынбургцаў ужо ўвайшоў Вальдас Іванаўскас — экс-паўабаронца віленскага «Жальгірысу» і «Гамбургу». Ён будзе працаваць памочнікам галоўнага трэнэра.

Пасьля 11 тураў «Хартс» у чэмпіянаце Шатляндыі займае першае месца, апярэджваючы асноўнага канкурэнта «Сэлтык» (Глазга) на тры пункты. Леташні чэмпіён «Глазга Рэйнджарз» мае 20 балаў. Выдатна было б, каб эдынбуржцы перарвалі гегемонію клюбаў з Глазга.

АР, belta.by, sport-express.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0