Рэспубліканская пракуратура выставіла абвінавачваньне лідэрам незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства», якая меркавала займацца незалежным назіраньнем у часе выбарчай кампаніі.

У дачыненьні да затрыманых распачатая крымінальная справа паводле арт.193 ч.2 КК «Арганізацыя альбо кіраваньне аб’яднаньнем, якое замахваецца на асобу і правы грамадзянаў». Міколу Астрэйку, Цімоху Дранчуку, Аляксандру Шалайку, Эніры Браніцкай пагражае альбо арышт на тэрмін да шасьці месяцаў, альбо зьняволеньне тэрмінам да трох гадоў.

Фінансаваньне «Партнэрства», цытуе «Інтэрфакс» словы старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі, зьдзяйсьнялася праз рэгіянальнае аддзяленьне Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту пры ўдзеле грамадзяніна ЗША Дэвіда Гамільтана.

Нагадаем, што лідэры «Партнэрства» былі затрыманыя месяц таму, а на іх кватэрах учыненыя ператрусы. Тады ж БТ паказала сюжэт пра нібыта знойдзеныя падчас ператрусу ў офісе «Партнэрства» зьвесткі экзыт-полаў, паводле якіх на прэзыдэнцкіх выбарах перамог Аляксандар Мілінкевіч.

Юрыст Валянцін Стэфановіч мяркуе, што КДБ змагаецца з уласнапрыдуманымі хімэрамі: «Гэта цалкам у духу 1930-х – прыдумляюць сабе варожыя арганізацыі і потым «з посьпехам» іх перамагаюць. Арганізацыя «Партнэрства» мелася займацца назіраньнем, і гэта напалохала ўлады. Але ўсё, што спэцслужбы прыпісвалі арыштаваным і чым палохалі грамадзянаў – тэрарызм, дзяржаўны пераварот, – анічога ня спраўдзілася. Гэта пшык. Але ім трэба давесьці распачатую «справу» да канца, адсюль і крымінальная справа». Сп.Стэфановіч кажа, што папраўкі ў Крымінальны кодэкс паставілі яго ў супярэчнасьць з Канстытуцыяй: «Крымінальны кодэкс не адпавядае міжнародным нормам, бо фактычна абмяжоўвае права на свабоду асацыяцыяў. Усе незарэгістраваныя і недзяржаўныя арганізацыі паводле новага Кодэксу апынуліся па-за законам, а гэта супярэчыць Асноўнаму закону, які гарантуе свабоду асацыяцыяў».

Што да пэрспэктываў арыштаваных актывістаў «Партнэрства», то тут Валянцін Стэфановіч ня пэўны ў канчатковым выраку: «Пачакем завяршэньня справы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?