Купляючы квіток на цэнтральным аўтавакзале, убачыў на акенцы касы налепку, што засьцерагала грамадзянаў нашай краіны ад замежнага рабства. Але тут у чэргах стаяць людзі, што не выяжджаюць за мяжу, а жыхары райцэнтраў, мястэчак і вёсак. Яны амаль штодня сутыкаюцца калі ня з рабствам, то з паўпрыгоннай залежнасьцю ад уладаў — пачынаючы ад калгаснага брыгадзіра і завяршаючы кіраўнікамі вобласьці.

Шматлікія суботнікі, паборы на рэканструкцыю чарговай сталіцы дажынак — што гэта, як не прыгон? Часам самі слугі народу робяцца закладнікамі сытуацыі. Некалькі год таму, рыхтуючы Мір да чарговага дня «непісьменства і ўздруку», раённае кіраўніцтва выправіла і сваіх дэлегатаў на працу. Дзіўнавата глядзеліся бухгальтаркі з пэндзлямі, фарбуючы платы побач зь сінюшнымі шабашнікамі. Альбо абсякаць гальлё на прыдарожных таполях — ці гэта справа супрацоўніцы сельсавету?

Асобная гісторыя — праца школьнікаў. Вясковыя школы наўпрост залежаць ад мясцовых калгасаў. Таму першыя месяцы навучальнага году дзеці ня вучацца, а працуюць. Для настаўнікаў немалое выпрабаваньне — утрымаць дысцыпліну на полі. Са старэйшымі вучнямі яшчэ можна неяк паладзіць, а вось малодшыя амаль не кіроўныя. А чаго яшчэ хацець ад пяціклясьнікаў? Дзеці проста адбываюць свой прыгон. А разам зь імі і настаўнікі, якія мусяць адпрацаваць і на бульбе, і на бураках.

Начальства тым часам цікуе, каб «прыгонныя» ня несьлі дамоў з поля моркву, каб ня зьбеглі раней часу. Крый божа выканаць плян раней часу і разысьціся па хатах.

Абурацца ў голас наважваецца далёка ня кожны. Звыклі да хамута? Старэйшае пакаленьне нібы вярнулася ў мінулы час. Маладыя ж чакаюць моманту, калі можна будзе вырвацца з гэтае пасткі. Хоць куды — у горад ці нават за мяжу.

У савецкай яшчэ Латвіі ў цэнтральнай газэце надрукавалі разгневаны допіс цудоўнай артысткі Віі Артманэ. Актораў тэатру выправілі на сельгасработы, дзе артыстка моцна застудзілася. На другі дзень яна выконвала ролю Кардэліі ў драме Шэксьпіра і выклікала ў гледачоў нашмат больш спачуваньняў, чым няшчасны Кароль Лір. Ці варта казаць, што такія эпізоды ў гісторыі Латвіі, якую так любіць ганіць БТ, засталіся незваротна ў мінулым?

Аднак нельга казаць, што і ў нас усе моўчкі пагаджаюцца зь існым станам рэчаў. Зразумела, у сёньняшніх варунках надта не памітынгуеш, асабліва ў правінцыі. Але людзі пачынаюць задумвацца. І яны чакаюць свайго Спартака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0