Пасол Расеі ў Беларусі — перашкода на шляху інтэграцыі.

Расея, нарэшце, вызначылася. Пашукаўшы паўгоду на бяскрайніх сваіх абсягах аднаго чалавека, які быў бы гатовы стаць расейскім паслом у Менску. Знайшлі. Гэта Аляксандар Сурыкаў. Ён яшчэ пакрыўдзіць Лукашэнку не пасьпеў. Дый наўрад ці наагул ён будзе каго крыўдзіць на сваёй новай пасадзе. Былога губэрнатара далёкага Алтайскага краю, што ляжыць недзе ў сэрцы Азіі, ведаюць як чалавека памяркоўнага й безыніцыятыўнага.

Тым часам Дзімітры Аяцкаў, які і ў сваёй Саратаўскай вобласьці на вярблюдах гойсаў, разьбіраўся са сваёй маёмасьцю. Ягоныя губэрнатарскія харомы, зь якіх папрападала сантэхніка й дзьвярныя клямкі, дэманстравалі па расейскім тэлебачаньні не раўнуючы як пячору Алядына. Паўгоду пайшлі ў Аяцкава на разборкі з падаткавікамі, прыставамі, міліцыяй. Пакрыўджаны Аяцкавым Лукашэнка пільна сачыў за лёсам свайго крыўдзіцеля. Патрон Беларусі асабіста пацікавіўся ягоным далейшым лёсам.

І гэты лёс склаўся як найлепей. Вынырнуўшы з усіх скандалаў (і палітычных, і з сантэхнікай у сваім губэрнатарскім маёнтку), ён усплыў на пасадзе намесьніка прадстаўніка Пуціна ў Прыволскай фэдэральнай акрузе Сяргея Кірыенкі. Зважаючы на памеры тае фэдэральнае адзінкі й на яе эканамічны патэнцыял, Аяцкаў, безумоўна, выйграў — матэрыяльна й маральна. Даўшы Лукашэнку пстрычку па лбе, заслужыў спакойнае месьцейка.

Тым часам нават без прысутнасьці пасла «інтэграцыя» працягвалася. Больш за тое, менавіта зь яго адсутнасьцю пачалося ажыўленьне так званага «працэсу стварэньня саюзнае дзяржавы»!.. Праект «канстытуцыйнага акту» гэтай «дзяржавы» мае быць прадстаўлены на разгляд найвышэйшых яе органаў 15 лістапада. Расейскія СМІ пасьпяшаліся прызначыць на сакавік рэфэрэндум, далей — выбары ў «саюзны парлямант» і выбраньне прэзыдэнта ўсесаюзнае дзяржавы! Хоць сёньняшні варыянт акту гэтага не прадугледжвае, але хто сказаў, што ён апошні й непарушны? Законы, канстытуцыі й правілы гульні ў Менску мяняюцца часта. Можа, калі вы чытаеце гэтыя радкі, ужо зьмяніліся й тэрміны «рэалізацыі» ды формы «інтэграцыі».

Пра «саюз» гавораць гэтак даўно, што ўжо мала хто помніць, хто ўсё пачаў. Пагатоў, у народу ўсё менш разуменьня, нашто той «саюз» патрэбны, калі ўсё ж неяк жывём і безь яго. А паводле Лукашэнкі, жывём лепш чым хто…

Па-другое: ніхто: ні палітолягі, ні аналітыкі, ні прэзыдэнты — ня здолеў адказаць на пытаньне, што гэта будзе за ўтварэньне? Да чаго падобнае? Калі да СССР — гэта мы ўжо праходзілі ў школе. Калі да Эўразьвязу — то ці не прасьцей туды ж імкнуцца й братанам-славянам? Калі да куртатай СНД — то навошта столькі лішняга тлуму?

Ну і галоўнае: хто сказаў, што Лукашэнка ў выпадку зьяўленьня пасады прэзыдэнта «Саюзу» бачыць на гэтай пасадзе каго-небудзь, апроч сябе? Гэта выдатна разумее і Пуцін, і ўвесь расейскі бамонд. Лукашэнка выдатна ўпісваецца ў ролю прадстаўніка электарату Зюганава й Жырыноўскага, але ён куды мацнейшы за іх. Ён мацнейшы й за Пуціна, які няздатны й на палову тае безапэляцыйнай дэмагогіі, якой Лукашэнка завальвае беларускую мэдыйную прастору. Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць…

Таму маскоўскія палітыкі зноў прытарможваюць. Пакуль будзе Лукашэнка, інтэграцыя зь Менскам будзе таіць у сабе велізарную небясьпеку для самой Расеі. А таму, пакуль зьдзейсьняцца тыя абяцанкі-цацанкі, якім радуюцца Лукашэнкавы выбарцы, Расея будзе мець паўнавартасныя дыпляматычнае адносіны зь невялікай краінай на сваіх заходніх межах. Пры тым трэба працягваць бурна імітаваць бурнае славянскае братэрства. І на гэты «шэры» пэрыяд асоба А.Сурыкава надаецца як найлепей. Будучы расейскі пасол — чалавек ураўнаважны, абачлівы й асьцярожны ў сваіх выказваньнях. Прынамсі, ён будзе такім, пакуль не пажыве ў Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0