Вы што-небудзь з гэтага чулі ў айчынным FM-этэры?

Нязначным накладам «Ковчег» перавыдаў выдатны твор выдатнага кампазытара і аранжыроўшчыка, чые творы яшчэ шмат гадоў будуць выконвацца. І сёньня «Максім» — зонг-опэра на вершы Багдановіча (пры ўдзеле Леаніда Пранчака) — гучыць сучасна, сьвежа. Выдатны ўзор для тых цяперашніх стваральнікаў поп-шэдэўраў, якія з такой цяжкасьцю пралазяць у адчыненую на 75% фарматную браму. Нават ня надта якасны канцэртны запіс, часам не зусім дакладныя сьпевы выказваюць узровень таго, што было напісана. Вучыцеся, салаўі, у Паліводы — каб вашы песьні жылі, а ня кісьлі, каб іх сьпявалі, а не пляваліся ім усьлед.

Дзяржаўны канцэртны аркестар Беларусі, які на пачатку 1990-х выглядаў за сапраўды дзяржаўны, яго салісты — Алена Саўленайтэ (дзе яна цяпер?), Уладзімер Кудрын (Аўстралія), Іна Афанасьева (сольная кар’ера), Мікалай Скорыкаў (тамсама, дзе й быў), Юлія Скараход (Польшча), Вадзім Касенка (адзін зь «Песьняроў»). І якія песьні! «Па-над белым пухам вішняў», «Як Базыль у паходзе канаў», «Цемнавокая пані». Вы што-небудзь з гэтага чулі ў айчынным FM-этэры? Ды іх на радыёстанцыях проста ніхто ўжо ня ведае. І ня хоча ведаць! Як сёньня вы не пачуеце ў выкананьні Дзяржаўнага канцэртнага аркестру і Паліводаву «Пагоню» — фінал гэтай опэры, найлепшае, што было напісана на гэты знакаміты верш. Але як сёньня помніцца: канцэртная заля філярмоніі, на ўвесь заднік — выява «Пагоні», дырыжэр Міхаіл Фінберг і салісты, якія ўсе разам выконвалі той фінал. Заля стоячы вітала «Максіма», і толькі сам кампазытар разгублена разводзіў рукамі: маўляў, а я тут пры чым? Гэта ўсё ён, Багдановіч…

Ды… Бог зь імі, у каго памяць не даўжэйшая за нотны радок. Бо калі гаварыць пра ўзор таго, што можна называць сапраўднай беларускай папулярнай песьняй, — лепшага збору цяжка прыдумаць. Яго проста няма. І, баюся, у цяперашніх варунках яшчэ доўга ня будзе. Вось чаму варта гэты дыск мець. Каб памяць ня зьнікла.

Удзячны Слухач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0