У дзень выдачы заробку ў Алешчы пачынаюцца крытычныя дні. Люд незадаволена бурчыць, атрымаўшы так званыя «разьліковыя лісткі», у якіх бухгальтэрыя расьпісвае кожнаму налічэньні й выдаткі за месяц. Сумневу падвяргаецца як сыстэма падлікаў у цэлым, так і правілы арытмэтыкі ў прыватнасьці: «Дзе мае начныя за другую зьмену?», «Мабыць, сталоўка нешта хімічыць з прадуктамі», «Ніяк не зразумею, чаго яны акруглялі: у слупок ня сходзіцца» — як мурашнік, гудзе лесапункт.

Затым, памусоліўшы ў руках колькі каляровых паперак, народ пераходзіць ад матэматычных і тэхналягічных аспэктаў да сацыяльна-эканамічных: «Ды як за гэта можна жыць?», «І мы месяц укалваем за тыя капейкі?!.»

Кіпеньне абуранага розуму завяршаецца рэвалюцыйнымі, ужо цалкам палітычнымі высновамі: «Паша, тэлефануй карэспандэнтам!», «З такімі заробкамі лепш у апазыцыю». І, нарэшце: «Усё. Галасуем за Мілінкевіча!»

Праўда, назаўтра — і на бліжэйшы тыдзень — народ сыходзіць у запой.

Зарабляюць тут мала. За верасень мне налічылі 120943 рублі, адмінусавалі падаткі й харчаваньне ў сталоўцы і выдалі на рукі 71 тысячу. Дзякуй Богу, дапамагаюць наведнікі й праваабаронцы — інакш хапала б адно на хлеб і малако. А большасьць алешчынцаў ды маласіценцаў так і жывуць — на 30—50 даляраў штомесяц. Палова хлопцаў з Полацкай службы занятасьці, што купіліся на тамтэйшыя абяцанкі заробкаў «ад 400 тысяч», пасьля першага разьліку звольніліся, астатнія засталіся, бо не спадзяюцца знайсьці на Полаччыне што лепшае. Лукашэнкавы 250 даляраў тут атрымліваюць хіба што вадзіцелі лесавозаў ды начальства.

У апошняга на ўсе бурчаньні й пратэсты адказ адзін: «Не выконваеце плян! Дасьцё 120 кубоў за суткі — будзе вам добры заробак. А так — ані».

Калі казаць шчыра, выканаць 120-кубовы сутачны плян цягам месяца для Алешчы практычна нерэальна. Штодня ламаюцца краны або транспартэрная стужка, напіваецца раскрыжоўшчык або кранаўшчык — і праца становіцца. У Полацку пра гэта ведаюць, але па-ранейшаму трымаюць перад носам у лесапункту моркаўку-плян: «Дасі кубы — заробіш». Плян у Алешчы — яўная прымета камандна-адміністрацыйнай эканомікі. «Дзяржава робіць выгляд, што нам плаціць, — мы робім выгляд, што працуем». Завезьці б усіх абаронцаў плянавае гаспадаркі сюды ды тыцнуць пысай у гэты разьвіты сацыялізм!

Паводле накладных, гружаны тутэйшымі хваёвымі шпаламі самазвал — гэта 1,8 млн рублёў. За дзень працы на алешчынскім тартаку (пакуль яго не спалілі) тры чалавекі пілавалі па некалькі самазвалаў. Між тым супольны месячны заробак больш чым трыццаці працаўнікоў алешчынскага Ніжняга складу — мільёнаў пяць. «Працуем на золаце, а атрымліваем капейкі», — абураюцца людзі. Хто ж распараджаецца грашыма?

Фармальна «Полацаклес» — адкрытае акцыянэрнае таварыства. 43% акцый належаць працоўнаму калектыву, 57% — дзяржаве.

— 43% — доля немаленькая. Усталі б на сходзе акцыянэраў ды заявілі свае правы, — кажу рабочым, але ў адказ чую караценькае ды вычарпальнае: «Ну-ну». Усе разумеюць, што аб’яднаньне, як і ў савецкія часы, — усяго толькі ніжні паверх у дзяржаўнай індустрыяльнай герархіі, а дадатак «ААТ» — фігавы лісток.

Увогуле, гэты эканамічны абсурд зь бессаромнай высечкай і вывазам драўніны, заробкамі на ўзроўні афрыканскіх краін і цыркам «рыначнага сацыялізму» глядзіцца недарэчна, як хвоя зь фігавым лісьцем.

Рэальны ж плян разьвіцьця вытворчасьці й павышэньня заробкаў у Алешчы — не ўстаноўка чарговае планкі на якім-небудзь сэлектары ў Менску, а прыватызацыя й мадэрнізацыя ўсёй лясной гаспадаркі. Хай «Полацаклес» канкуруе зь «Віцебсклесам» і «Пінскдрэвам», а бізнэсоўцы з Наваполацку наладжваюць у Алешчы зборку драўляных домікаў на продаж. Толькі тады, за сапраўдным гаспадаром, люд будзе і даражыць працоўным месцам, і працаваць як сьлед.

Дзеля гэтага ў 2006-м трэба перамагаць.

Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0