На фізфаку БДУ 10—21 кастрычніка ладзілася першынство ўнівэрсытэту сярод студэнтаў і асьпірантаў. Выступілі каля 25 чалавек. Чаму «каля»? Студэнты — народ няпросты: некаторыя, убачыўшы, што нічога ня сьвеціць, сышлі. Так, кандыдат у майстры Шабанаў пасярод спаборніцтва зьехаў ва Ўкраіну, дзе гарантаваліся большыя прызы за перамогу.

Але ўсё роўна барацьба выйшла напружаная. Турнір выявіў, што імпэтных гульцоў у БДУ хапае. Тры першыя месцы захапілі прадстаўнікі факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі — кандыдаты ў майстры Павал Макевіч, Аляксандар Хаймінаў, Ільля Ракіцін. Прызэрам чэмпіянату былі раздадзены нататнікі, мэдалі і граматы, раздрукаваныя на каляровым прынтэры. Акрамя таго, яны атрымалі права на… харчовыя талёны і пропуск у басэйн.

Чэмпіянат сярод студэнтаў — не адзінае шахматнае спаборніцтва ў БДУ. Асобна ладзяцца камандныя міжфакультэцкія спартакіяды сярод супрацоўнікаў, дзе выступае, напрыклад, супрацоўнік фізычнага факультэту Алег Раманаў, чый рэйтынг зашкальвае за 2430. У паветры носіцца ідэя аб’яднаўчага чэмпіянату, каб у адных часавых рамках сустрэліся навучэнцы і пэдагогі, аднак пакуль яна — са сфэры фантастыкі. І насамрэч, як жа дапусьціць, каб студэнт перайграў выкладчыка?

Крыху пра пераможцаў. Павал Макевіч з Горадні — негаваркі асьпірант. Паралельна больш як два гады цягне сайт «Шахматы ў Беларусі» (bychess. narod.ru), куды зайшло больш як 24 тыс. наведнікаў, — паводле слоў аўтара, «шахматны твар краіны». Аляксандар Хаймінаў — студэнт-першакурсьнік з Жодзіна. Выступаў у першай лізе, сёлета езьдзіў на чэмпіянат Эўропы сярод юнакоў да 18 гадоў. Гуляе амбітна, упарта, стабільна. У Чарнагорыі ўзяў толькі 4 балы з 9, аднак свой рэйтынг падняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0